ВАЛЬКО́ВІЧ (Аляксандр Іванавіч) (3.5.1892, Мінск ? — 4.11.1937),

дзеяч бел. нац. руху. У 1914—15 працаваў у Віленскім аддзяленні дзярж. зямельнага банка. З 1915 у арміі. Скончыў Гарыйскую школу прапаршчыкаў (1916). Да снеж. 1917 на Паўд.-Зах. фронце. З 1918 у Мінску, прадстаўнік БНР пры ўрадзе Грузіі, міністр фінансаў БНР. Чл. Бел. партыі сацыялістаў-рэвалюцыянераў. У час польскай акупацыі Беларусі 1919—20 быў арыштаваны, уцёк за мяжу. У 1925 вярнуўся ў БССР, працаваў інспектарам у Наркамаце фінансаў. У сувязі з чысткай апарата ў сак. 1930 звольнены, 18.7.1930 арыштаваны па справе т.зв. «Саюза вызвалення Беларусі», сасланы на 5 гадоў у г. Белебей (Башкортастан). 25.5.1937 паўторна арыштаваны, 28.10.1937 прыгавораны да вышэйшай меры пакарання. Рэабілітаваны па 1-м прыгаворы ў 1988.

У.​М.​Міхнюк.

т. 3, с. 492

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЕЛАРУ́СКАЕ САБРА́ННЕ,

грамадская арг-цыя, якая існавала ў г. Коўна (сучасны г. Каўнас, Літва) у крас. 1921 — лют. 1922. Мела на мэце культ. дзейнасць сярод бел. насельніцтва ў Літве, паліт., навук., маст. і фіз. ўдасканаленне сваіх членаў. У Беларускае сабранне ўваходзілі Я.​Варонка (старшыня ўправы), В.​Ластоўскі, А.​Вальковіч, А.​Галавінскі, К.​Дуж-Душэўскі, В.​Захарка, А.​Ружанцоў, А.​Рэшка, А.​Цвікевіч, Я.​Шальмук і інш. У чэрв. 1921 пры Беларускім сабранні створаны «Беларускі клуб».

Ю.​Р.​Васілеўскі.

т. 2, с. 400

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РА́ДА НАРО́ДНЫХ МІНІ́СТРАЎ БЕЛАРУ́СКАЙ НАРО́ДНАЙ РЭСПУ́БЛІКІ, Рада Міністраў БНР. Сфарміравана Радай Беларускай Народнай Рэспублікі замест Народнага сакратарыята Беларусі ў адпаведнасці з Часовай канстытуцыяй БНР, прынятай 11.10.1918. У склад 1-й Р.н.м. (5-ы ўрад БНР) уваходзілі прадстаўнікі Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі і Беларускай партыі сацыялістаў-федэралістаў (БПС-Ф): А.​Луцкевіч (старшыня, міністр замежных спраў), Я.​Варонка (міністр унутр. спраў) В.​Захарка (нам. старшыні да вер. 1919, міністр фінансаў), Л.​Заяц (дзярж. кантралёр), А.​Ладноў (міністр ваен. спраў), А.​Смоліч (міністр асветы), А.​Цвікевіч (міністр юстыцыі). Пазней Варонку на пасадзе міністра змяніў К.​Цярэшчанка. 13.12.1919 адбыўся раскол Рады БНР. на Найвышэйшую раду Беларускай Народнай Рэспублікі і Народную раду Беларускай Народнай Рэспублікі. Найвышэйшая рада пацвердзіла паўнамоцтвы кабінета Луцкевіча, у складзе якога засталіся таксама Смоліч і Цярэшчанка. Пасля адстаўкі Луцкевіча (28.2.1920) Найвышэйшая рада свой кабінет не фарміравала. 6-м урадам БНР лічыцца кабінет, створаны 13.12.1919 Нар. радай. У склад гэтай Р.н.м. уваходзілі прадстаўнікі Беларускай партыі сацыялістаў-рэвалюцыянераў і БПС-Ф: В.​Ластоўскі (старшыня), Я.​Бялевіч (міністр фінансаў, з вер. 1920 А.​Вальковіч), Т.​Грыб (міністр унутр. спраў), К.​Дуж-Душэўскі (дзярж. сакратар), Ладноў (міністр замежных спраў, пазней Цвікевіч), Заяц (дзярж. кантралёр), Цвікевіч (нам. старшыні, міністр юстыцыі). У выніку ганенняў з боку польск. акупац. улад кабінет Ластоўскага эмігрыраваў. Да ліст. 1920 ён знаходзіўся ў Рызе, потым у Коўне (Каўнасе). На Першай Усебеларускай канферэнцыі (1921, Прага) Р.н.м. прызнана адзіным законным органам выканаўчай улады на Беларусі. 1.10.1922 створаны 7-ы ўрад БНР — Дзярж. калегія на чале з П.​Крачэўскім. 8-ы ўрад БНР сфарміраваны 23.8.1923. У склад Р.н.м. увайшлі Цвікевіч (старшыня, міністр замежных спраў), Варонка (міністр асветы; неўзабаве выехаў у ЗША), Захарка (в.а. міністра фінансаў), Заяц (дзярж. кантралёр), У.​Пракулевіч (дзярж. пісар). Прэзідыум Рады БНР прыняў склад гэтага кабінета «да ведама», але не зацвердзіў яго пастановай. У ліст. 1923 Р.н.м. пераехала з Коўна ў Прагу. Перад Другой Усебеларускай канферэнцыяй (1925, Берлін) Р.н.м. абвясціла ўрад БНР «зліквідаваным і спыніўшым сваю дзейнасць», аднак старшыня Рады БНР Крачэўскі і яго нам. Захарка не прызналі акты Р.н.м. правамоцнымі. Пасля канферэнцыі старшынёй Р.н.м. стаў Захарка. У 1928—43 ён спалучаў гэту пасаду з выкананнем абавязкаў старшыні Рады БНР. З сак. 1943 да сак. 1946 старшынёй Рады БНР і Р.н.м. быў М.​Абрамчык. З чэрв. 1948 Р.н.м. не фарміравалася.

Літ.:

Гл. пры арт. Беларуская Народная Рэспубліка.

А.​М.​Сідарэвіч.

т. 13, с. 204

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)