ВА́ЛЬДЭМАР (Valdemar),

каралі ў сярэдневяковай Даніі.

Вальдэмар I Вялікі (14.1.1131 — 12.5.1182), кароль у 1157—82. Праўнук па маці кіеўскага кн. Уладзіміра Манамаха. Ажыццявіў шэраг паходаў супраць палабскіх славян і падпарадкаваў каля 1169 в-аў Руяну (Руген). Заклаў асновы цэнтралізаванай феад. манархіі ў Даніі.

Вальдэмар II Пераможца (1170—28.3.1241), кароль у 1202—41. На пач. 13 ст. падпарадкаваў шэраг паўн.-герм. тэр., але страціў іх у 1227 пасля паражэння ў бітве з ням. феадаламі пры Борнхёведзе. У 1219 захапіў Паўн. Эстонію (Эстляндыю).

Вальдэмар IV Атэрдаг (каля 1320—24.10.1375), кароль у 1340—75. Аднавіў каралеўскую ўладу над большай ч. краіны. Пасля паўстання эстаў 1343—45 прадаў Паўн. Эстонію (1346) Лівонскаму ордэну. У вайне з ням. гандл. саюзам Ганзай 1367—70 за панаванне на Балтыйскім м. пацярпеў паражэнне, заключыў ганебны для Даніі Штральзундскі мір 1370.

т. 3, с. 491

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Вальдэмар I (дацкі кароль) 1/432

Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)

АРКО́НА (Arkona),

рэлігійны цэнтр балтыйскіх славян 10—12 ст. на паўн. мысе в-ва Руген (слав. Руяна) у паўд. частцы Балтыйскага м. (Германія). З З была ўмацавана валам вышынёй 10—13 м. Арконай кіраваў вярх. жрэц бога Святавіта. У 1169 дацкі кароль Вальдэмар I разбурыў аркону і вывез яе скарбы ў Данію. Раскопкамі ўскрыты рэшткі квадратнага ў плане храма (20 × 20 м), апісанага сярэдневяковым дацкім аўтарам Саксонам Граматыкам, плошча сходаў, шэраг жытлаў уздоўж вала. Унутры храма выяўлены фундаменты 4 драўляных слупоў свяцілішча і каменны падмурак драўлянай статуі чатырохгадовага бога.

т. 1, с. 479

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КУ́РЭССААРЭ (Kuressaare),

горад у Эстоніі, на Пд в-ва Саарэмаа. Каля 16 тыс. ж. (1995). Знаходзіцца на беразе Рыжскага зал., за 5 км ад порта Роамассаарэ. Прам-сць: мясная, малочная, лясная, дрэваапрацоўчая. Краязнаўчы музей. Замак (14—15 ст.), ратуша (17 ст.), царква св. Мікалая (18 ст.). Гразевы і кліматычны курорт.

Вядомы з 12 ст. пад назвай Арэнсбург (да 1917). Насялялі эсты-мараплаўцы. Пасля захопу датчанамі кароль Вальдэмар II у 1205 пабудаваў тут драўляны горад, які хутка згарэў У 1221 адбудаваны, засн. епіскапства. У 1334 рыжскі епіскап пабудаваў у К. каменную крэпасць, рэзідэнцыю лівонскіх епіскапаў. З 1561 уладанне Даніі, з 1645 — Швецыі. У 1563 атрымаў гар. правы. У Паўн. вайну 1700—21 заняты (1710) войскам Пятра I, у 1721 далучаны да Расіі, пав. горад Ліфляндскай губ. Да 1836 важная крэпасць Расіі на Балтыйскім м Вядомы курорт (у 1840 адкрыта гразелячэбніца). З 1919 у складзе Эстоніі. У 1941—44 акупіраваны ням.-фаш. войскамі. У 1952—88 наз. Кінгісеп.

т. 9, с. 56

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)