Валуны 1/27; 2/580; 4/248; 6/294

Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)

ВАЛУНЫ́ (ад слав. валяць),

круглякі, згладжаныя вадой ці лёдам абломкі горных парод памерам больш за 10 см. Большыя за 1 м валуны наз. глыбамі або камлыгамі. Утвараюцца пры выветрыванні, разбуральнай дзейнасці мораў, азёр, рэк, ледавікоў і іх талых вод, пры апаўзанні кавалкаў горных парод па схілах гор. Найб. пашыраны ў паверхневых ледавіковых утварэннях значнай ч. Паўн. Амерыкі і Еўразіі ў вобласці мацерыковых зледзяненняў плейстацэну. Ледавіковыя (эратычныя — вандроўныя) валуны трапляюцца па ўсёй тэр. Беларусі, найб. на канцова-марэнных узвышшах. Прынесены ад 600 тыс. да 20 тыс. гадоў назад з Балт. шчыта, ПнЗ Рускай пліты. Памер валуноў памяншаецца з Пн на Пд: у Бел. Паазер’і іх велічыня дасягае 6—11 м (найб. «Вялікі камень» 11 × 5,6 × 2,8 м), на Бел. градзе 5—8 м, на Бел. Палессі 1—3 м. Каля 65—75% вялікіх валуноў — граніты, 20—25% — гнейсы, ёсць граніта-гнейсы, кварцыты, кварцавыя парфіры, даламіты і інш. Валуны рэдкіх горных парод, якія маюць абмежаванае карэннае месцазнаходжанне, адносяць да кіроўных, па іх вызначаюць напрамкі руху стараж. ледавікоў.

З валунамі звязаны язычніцкі культ каменя, пра што сведчаць іх назвы (Пярун, Вялес, Дажбогаў, Святы камень) і легенды. Валуны служылі ахвярнікамі ў капішчах, выкарыстоўваліся для стварэння с.-г. календароў (гл. «Янова»), ім пакланяліся. З хрысціянскіх часоў захаваліся Даўгінаўскі крыж-стод, Крыж Стафана Баторыя, крыжы-абярогі і інш. Многія валуны — помнікі эпіграфікі часоў Полацкага княства (Барысавы камяні, Рагвалодаў камень і інш.). Валуны выкарыстоўваліся ў буд-ве абарончых збудаванняў, замкаў, храмаў (Сафійскі сабор 11 ст. ў Полацку, Гродзенская Барысаглебская царква 12 ст., вежы Навагрудскага 13 ст. і Крэўскага 14 ст. замкаў), для брукавання дарогі і інш. На палях валуны перашкаджаюць земляробству. У сярэднім на Беларусі 9% ворных зямель у рознай ступені завалунена, найб. у Дзятлаўскім р-не Гродзенскай вобл. (каля 70%). Валуны выкарыстоўваюць на падмурак, як закладачны матэрыял у целе плацін, на атрыманне друзу і бутавага каменю, для ўмацавання адхонаў, стварэння арх. кампазіцый у парках і скверах і інш. Вялікія і адметныя валуны ўзяты пад ахову дзяржавы як помнікі прыроды (больш за 100 у Беларусі). Даследаванні валуноў вядуцца ў Ін-це геал. навук АН Беларусі, дзе створана Эксперыментальная база па вывучэнні ледавіковых валуноў (калекцыя больш за 2000 валуноў з розных рэгіёнаў Беларусі экспануецца на адкрытай пляцоўцы).

Літ.:

Ляўкоў Э.А. Маўклівыя сведкі мінуўшчыны. Мн., 1992;

Ледавіковыя валуны Беларусі: Эксперым. база вывучэння валуноў. Мн., 1993.

Э.​А.​Ляўкоў.

т. 3, с. 487

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Эратычныя валуны 11/470, гл. Валуны

Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)

Тапілішкаўскія валуны

т. 15, с. 430

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

эратычныя валуны

т. 18, кн. 1, с. 148

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГЛЫБАЧА́НСКІЯ ВАЛУНЫ́,

помнік прыроды рэсп. значэння у Беларусі (з 1988), за 5 км на ПдЗ ад в. Глыбачка Ушацкага р-на Віцебскай вобл. 3 валуны шаравата-ружовага парфірападобнага граніту. Найбуйнейшы камень даўж. 4 м, шыр. 2,6 м, выш. над паверхняй зямлі 1,8 м, у абводзе 12 м. Другі валун ляжыць за 30 м на Пн (даўж. 2,3 м, шыр. 2,3 м, выш. над паверхняй зямлі 0,7 м). Трэці камень знаходзіцца за 1 км на ПдЗ ад вёскі, формаю нагадвае вял. прас (даўж. 3,3 м, шыр. 1,4 м, выш. 1,6 м). Глыбачанскія валуны прынесены ледавіком каля 18 — 20 тыс. гадоў назад з раёна г. Выбарг.

В.​Ф.​Вінакураў.

т. 5, с. 306

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КА́МЕНСКІЯ ВАЛУНЫ́,

геалагічны помнік прыроды на Беларусі (з 1972). За 100 м на ПнУ ад в. Каменка Уздзенскага р-на Мінскай вобл. 2 вялізныя ледавіковыя валуны пегматытавага граніту. Найбольшы камень даўж. 7 м, шыр. 3,5 м, выш. 1,8 м, у абводзе 17,5 м, аб’ём 24 м³, маса каля 64 т. Другі (паўд.) валун даўж. 5,3 м, шыр. 3,5 м, выш. 2,4 м, у абводзе 14,1 м, аб’ём 23,5 м³, маса 62,5 т. Прынесены ледавіком каля 200—120 тыс. г. назад са Скандынавіі як адзіны блок пароды, які пры раставанні лёду раскалоўся на 2 часткі. У стараж. часы — язычніцкае капішча.

В.​Ф.​Вінакураў.

т. 7, с. 519

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПА́ШЫНСКІЯ ДВА ВАЛУНЫ́,

геалагічны помнік прыроды рэсп. значэння (з 1995). Каля в. Пашына Аршанскага р-на Віцебскай вобл., на левым беразе р. Дняпро. Першы валун буйназярністага граніту рапаківі з крышталямі палявога шпату. Даўж. 2,5 м, шыр. 2,1 м, выш. 1,3 м, у абводзе 7 м, аб’ём 6,8 м³, маса каля 18 т. Другі валун сярэднезярністага гнейсу з крышталямі палявога шпату і гранатаў альмандзінаў, зернямі кварцу. Даўж. 3,1 м, шыр. 2,1 м, выш. 1,4 м, у абводзе 8 м, аб’ём 9 м³, маса каля 22 т. Прынесены ледавіком каля 150 тыс. г. назад з тэр. Ленінградскай вобл.

В.​Ф.​Вінакураў.

т. 12, с. 249

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАРА́ЗІЯ (ад лац. corradere скрэбці, саскрабаць),

механічнае дэнудацыйнае ўздзеянне на горныя пароды абломкавага матэрыялу (галька, валуны, пясок), які рухаецца вадою, лёдам, ветрам ці перамяшчаецца гравітацыйна па схілах. Пры К. абточваюцца, паліруюцца, высвідроўваюцца подсцільныя пароды, у выніку чаго на паверхні парод утвараюцца барозны, лагчыны і інш. паглыбленні.

т. 8, с. 45

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГЛЫ́БАЧКА,

вёска ва Ушацкім р-не Віцебскай вобл., на паўн.-ўсх. беразе воз. Глыбачка. Цэнтр сельсавета і саўгаса. За 40 км на ПнУ ад Ушач, 85 км ад Віцебска, 37 км ад чыг. ст. Полацк. 827 ж., 336 двароў. Сярэдняя школа, Дом культуры, б-ка, бальніца, аптэка, камбінат быт. абслугоўвання, аддз. сувязі. Брацкая магіла сав. воінаў і партызан. Каля вёскі помнікі прыроды Глыбачанскія валуны.

т. 5, с. 306

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)