ВАЛО́ШЫН
(сапр. Кірыенка-Валошын) Максімілян Аляксандравіч (28.5.1877, Кіеў — 11.8.1932),
рускі паэт, крытык, перакладчык, мастак. Скончыў Феадасійскую гімназію (1897). У 1897—99 вучыўся ў Маскоўскім ун-це, выключаны за ўдзел у «студэнцкіх хваляваннях», высланы з Масквы. У 1900—17 жыў у Сярэдняй Азіі, Парыжы, падарожнічаў па Еўропе. З 1917 у Крыме, у Кактэбелі (цяпер пас. Планерскае). У 1931 завяшчаў свой дом Саюзу сав. пісьменнікаў (зараз дом-музей Валошына). Выступіў у друку ў 1895. Належаў да сімвалістаў, супрацоўнічаў у іх час. «Весы», «Золотое руно» і інш. Першы паэт. зб. «Вершы. 1900—1910» (1910). Кн. «Anno mundi ardentis 1915» («У год апакаліпсіса 1915», 1916) склалі вершы пра 1-ю сусв. вайну. Рэвалюцыю ўспрыняў як варварскі акт. Аўтар зб-каў «Іверні» (1918), «Дэманы глуханямыя» (1919), паэм «Пратапоп Авакум» (1918), «Святы Серафім» (1919), «Расія» (1924) і інш., цыкла філас. паэм «Шляхамі Каіна» (1921—23), кн. пра л-ру і мастацтва «Абліччы творчасці» (1914), зб. «Верхарн. Лёс. Творчасць. Пераклады» (1919). З 1922 Валошына не друкавалі. У Берліне выдаў «Вершы пра тэрор» (1923). Вядомы як мастак, акварэліст.
Тв.:
Стихотворения. Л., 1977;
Лики творчества. 2 изд. Л., 1989;
Пути России: Стихотворения и поэмы. М., 1992.
Літ.:
Куприянов Н.Т. Судьба поэта: (Личность и поэзия М.Волошина). Киев, 1978;
Волошинские чтения. М., 1981;
Пейзажи Максимилиана Волошина. Л., 1970.
С.Ф.Кузьміна.
т. 3, с. 485
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВАЛО́ШЫН Павел Пятровіч
(10.7.1891, в. Гаркавічы Беластоцкага ваяв., Польшча — 3.11.1937),
дзеяч нац.-вызв. руху ў Зах. Беларусі. У 1-ю сусв. вайну ў арміі, з 1919 у дзянікінскай арміі, потым у Чырв. Арміі. Уваходзіў у Бел. с.-д. партыю, потым — у Бел. партыю незалежных сацыялістаў. З 1923 пасол сейма, чл. Беларускага пасольскага клуба, адзін з заснавальнікаў Беларускай сялянска-работніцкай грамады, чл. яе ЦК (1926—27). З 1926 чл. КПЗБ. У 1927 арыштаваны польск, ўладамі і па працэсе 56-і прыгавораны да 12 гадоў турмы. У выніку абмену палітвязнямі з 1932 у СССР. Працаваў у ЦК Міжнар. арг-цыі дапамогі барацьбітам рэвалюцыі БССР, Бел. дзярж. б-цы, Бібліягр. ін-це, займаўся грамадскай дзейнасцю. У 1933 арыштаваны органамі НКУС, у 1934 прыгавораны да вышэйшай меры пакарання, замененай 10 гадамі лагераў на Салаўках. У 1937 прыгавораны да расстрэлу. Рэабілітаваны ў 1956.
Я.І.Мікула, У.М.Міхнюк.
т. 3, с. 485
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЕЛАРУ́СКАЯ СЯЛЯ́НСКА-РАБО́ТНІЦКАЯ ГРАМАДА́
(БСРГ),
масавая легальная рэв.-дэмакр. нац.-вызв. арг-цыя працоўных Зах. Беларусі ў 1925—27. Арганізавана ва ўмовах сац. і нац. прыгнёту з мэтай вызвалення Зах. Беларусі з-пад улады Польшчы. Дзейнасць БСРГ узначальваў ЦК. Старшыня ЦК Б.А.Тарашкевіч, нам. старшыні С.А.Рак-Міхайлоўскі, чл. П.П.Валошын і П.В.Мятла; кіраўнік Цэнтр. сакратарыята БСРГ М.Т.Бурсевіч, нам. сакратара В.Макоўскі, паліт. рэдактар газет Я.С.Бабровіч. Праграма БСРГ (прынята 12.5.1926) змяшчала асн. дэмакр. і асобныя сацыяліст. патрабаванні: самавызначэнне Зах. Беларусі і аб’яднанне ўсіх бел. зямель у рэспубліку сялян і рабочых (уз’яднанне з БССР); стварэнне сял.-рабочага ўрада; устанаўленне дэмакр. свабод; канфіскацыя памешчыцкіх і царк. зямель, пераход іх ва ўласнасць дзяржавы і падзел без выкупу паміж малазямельнымі сялянамі і парабкамі; скасаванне асадніцтва; устанаўленне 8-гадзіннага рабочага дня; увядзенне рабочага кантролю ў вытворчасці, развіццё спажывецкай, вытв. і крэдытнай кааперацыі; нац. роўнасць і навучанне на роднай мове; свабода сумлення і інш. Гал. сродкам сац. і нац. вызвалення працоўных БСРГ лічыла адкрытую барацьбу нар. мас з эксплуататарамі на аснове саюзу рабочага класа і прац. сялянства. БСРГ супрацоўнічала з рэв.-дэмакр. партыяй польскіх сялян (гл. Незалежная сялянская партыя), укр. рэв.-дэмакр. арг-цыяй «Сельроб». 24.6.1925 дэпутаты польск. сейма Тарашкевіч, Рак-Міхайлоўскі, Валошын і Мятла выйшлі з бел. нац. фракцыі сейма (гл. Беларускі пасольскі клуб) і стварылі пасольскі клуб БСРГ. Карыстаючыся дэпутацкай недатыкальнасцю, яны разгарнулі актыўную дзейнасць па стварэнні масавай арг-цыі працоўных для барацьбы супраць сац. і нац. прыгнёту. У студз. 1927 больш за 2 тыс. гурткоў БСРГ аб’ядноўвалі каля 120 тыс. членаў. Дзейнічала 18 павятовых к-таў БСРГ. ЦК БСРГ выдаваў газ. «Жыццё беларуса», «Беларуская ніва», «Беларуская справа», «Народная справа», «Наша справа», «Наш голас», «Наша воля», «Народны звон», сатыр. час. «Маланка». Пад уплывам грамады актывізавалі работу прагрэсіўная культ.-асв. арганізацыя Таварыства беларускай школы, бел. выдавецкае, навук. і дабрачыннае т-вы, Беларускі студэнцкі саюз. У выніку дзейнасці КПЗБ і грамады ў 1926 у Зах. Беларусі пачаўся ўздым масавага рэв. і нац.-вызв. руху, у якім у канцы 1926 — пач. 1927 наспявалі элементы рэв. сітуацыі. 21.3.1927 БСРГ афіцыйна забаронена польскімі ўладамі. Больш за 400 яе кіраўнікоў і актывістаў аддадзены пад суд.
Літ.:
Беларуская Сялянска-Работніцкая Грамада. Мн., 1928;
Палуян У.А. Беларуская сялянска-рабочая грамада Мн., 1967.
У.А.Палуян.
т. 2, с. 430
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)