БЛЮ́МІНГ-СЛЯ́БІНГ,
камбінаваны пракатны стан для абціскання буйных (да 40 т) стальных зліткаў на загатоўкі квадратнага (блюмы) ці прамавугольнага (слябы) сячэння. У параўнанні з блюмінгам мае большую вышыню пад’ёму верхняга валка (да 2130 мм) і даўжыню рабочай часткі (да 3505 мм).
т. 3, с. 198
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВІЛКС
(Vilks) Эвалд (сапр. Лаціс; 8.2.1923, г. Валка, Латвія — 21.12.1976),
латышскі пісьменнік. Друкаваўся з 1941. Першы зб. «Людзі адной праўды» (1949) пра падзеі Вял. Айч. вайны. У зб-ках апавяданняў «У асеннія дні» (1955, Дзярж. прэмія Латвіі 1957), «Зялёнае дрэва» (1960), «З-за мінуты спазнення» (1961), «Дзікун» (1968), «Добры знаёмы» (1973) і інш. праблемы сучаснасці, характары людзей працы, карціны роднай прыроды. Яго творы вызначаюцца паглыбленым раскрыццём сац. вытокаў псіхалогіі чалавека. На бел. мову асобныя творы Вілкса пераклаў М.Арочка.
Тв.:
Raksti. Sēj. 1—5. Riga, 1982—86;
Бел. пер. — Чалавек нарадзіўся. Мн., 1961.
т. 4, с. 170
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БУРАКАЎБО́РАЧНАЯ МАШЫ́НА.
Бываюць паўнавясныя, навясныя, самаходныя, шасцірадковыя (замежныя — 1—6-радковыя). На Беларусі ў асн. выкарыстоўваюцца самаходныя буракаўборачныя машыны для цукр. буракоў КС-6Б(В) (г. Цярнопаль, Украіна), прычапныя для цукровых і кармавых буракоў МКП-6 («Лідсельмаш») і ўборачны комплекс для цукр. буракоў у складзе буракаўборачнай машыны КСН-6 і падборшчыка-пагрузчыка ППК-6 («Гомсельмаш»).
Машына МКП-6 падкопвае карані буракоў з папярэдне абрэзаным бацвіннем (яно падаецца ў трактарны прычэп або раскідваецца па полі), выбірае іх з глебы, загружае ў трансп. сродак, які ідзе побач. Буракаўборачная машына КСН-6 зразае бацвінне, выкопвае карані і ўкладвае іх у валок. Буракі з валка падбіраюцца тэхнал. пагрузчыкам ППК-6. Прадукцыйнасць МКП-6 да 1 га/гадз, уборачнага комплексу да 1,3 га/гадз.
Г.Г.Маркевіч.
т. 3, с. 342
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)