Валеўскі раён 9/54

Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)

ВА́ЛЕЎСКІ РАЁН.

Існаваў у Беларусі ў 1940. Утвораны 15.1.1940 у складзе Баранавіцкай вобл. Цэнтр — в. Валеўка. Пл. 600 км². 132 нас. пункты. Падзяляўся на 14 сельсаветаў. У сувязі з пераносам адм. цэнтра раёна з в. Валеўка ў в. Карэлічы 25.11.1940 перайменаваны ў Карэліцкі раён.

т. 3, с. 480

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БАРА́НАВІЦКАЯ ВО́БЛАСЦЬ,

адм.-тэр. адзінка ў БССР у 1939—54. Утворана 4.12.1939 на тэр. б. Навагрудскага ваяв. Польшчы пасля ўз’яднання Зах. Беларусі з БССР. Цэнтр — г. Баранавічы. Пл. 23,3 тыс. км², нас. 1184,4 тыс. чал. (1940). З 15.1.1940 уключала 26 раёнаў [Быценскі, Валеўскіліст. 1940 Карэліцкі), Валожынскі, Васілішкаўскі, Воранаўскі, Гарадзішчанскі, Дзятлаўскі, Жалудоцкі, Зэльвенскі, Івянецкі, Іўеўскі, Казлоўшчынскі, Клецкі, Лідскі, Любчанскі, Ляхавіцкі, Мастоўскі, Мірскі, Навагрудскі, Навамышскі, Нясвіжскі, Радунскі, Слонімскі, Стаўбцоўскі, Шчучынскі, Юрацішкаўскі], 9 гарадоў, 10 гар. пасёлкаў, 376 сельсаветаў. Абл. газ. «Чырвоная звязда». 20.9.1944 Валожынскі, Іўеўскі і Юрацішкаўскі р-ны перададзены ў Маладзечанскую вобл., Васілішкаўскі, Воранаўскі, Жалудоцкі, Зэльвенскі, Лідскі, Мастоўскі, Радунскі і Шчучынскі — у Гродзенскую вобласць. 8.1.1954 Баранавіцкая вобласць скасавана: Быценскі, Гарадзішчанскі, Ляхавіцкі, Навамышскі р-ны і г. Баранавічы ўключаны ў Брэсцкую вобл., Клецкі, Нясвіжскі і Стаўбцоўскі — Мінскую вобл., Івянецкі р-н — Маладзечанскую вобл., астатнія раёны — у Гродзенскую вобласць.

т. 2, с. 293

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НАВАГРУ́ДСКІ РАЁН.

Размешчаны на У Гродзенскай вобл. Утвораны 15.1.1940 (у сучасных межах з 1962). Пл. 1,7 тыс. км². Нас. 58 тыс. чал. (2000), гарадскога 55%. Сярэдняя шчыльн. 34 чал. на 1 км². Цэнтр — г. Навагрудак. Уключае г.п. Любча, 215 сельскіх населеных пунктаў, Любчанскі пасялковы Савет і 14 сельсаветаў: Асташынскі, Ацмінаўскі, Бенінскі, Валеўскі, Ваўковіцкі, Вераскаўскі, Гарадзечанскі, Кашалёўскі, Ладзеніцкі, Нягневіцкі, Пятрэвіцкі, Уселюбскі, Шчорсаўскі, Ятраўскі.

Большая ч. тэр. раёна размешчана на Навагрудскім узвышшы, уздоўж р. Нёман — Верхнянёманская нізіна. Паверхня буйнаўзгорыстая і платопадобная, пераважна на выш. 150—250 м, найвыш. пункт 323 м (Замкавая гара). Карысныя выкапні: мел, пясчана-жвіровы матэрыял, гліны і суглінкі для грубай керамікі, пяскі, торф, сапрапель. Сярэдняя т-ра студз. -6,5 °C, ліп. 17,4 °C. Ападкаў 706 мм за год (макс. на Беларусі). Вегетац. перыяд каля 190 сут. Найб. р. Нёман з прытокамі Валоўка, Пліса, Крамушаўка, Ізва; на Пд р. Нёўда (прыток Сэрвачы). Возера Свіцязь. Пераважаюць глебы дзярнова-падзолістыя (56,4%), дзярнова-падзолістыя забалочаныя (12,2%), тарфяна-балотныя (10,6%) дзярновыя і дзярнова-карбанатныя забалочаныя (10,4%). Пад лесам 38,6% тэр. раёна. Найб. лясныя масівы на З па даліне р. Нёман (ч. Нёманскіх лясоў), на У часткі Налібоцкіх лясоў і Графскай пушчы. Лясы хваёвыя, яловыя, бярозавыя, дубовыя і інш. Пад балотамі 3,4 тыс. га. Заказнікі рэсп. значэння: ландшафтныя Навагрудскі і Свіцязянскі, частка біял. заказніка Налібоцкі; біял. заказнік мясц. значэння Бярозаўскі. Помнікі прыроды рэсп. значэння: Уселюбскі парк, дуб-трайнік і дуб, які зросся з хвояй, у Свіцязянскім лясніцтве; Пуцэвіцкая гара, геал. разрэз Камарышкі каля в. Уселюб, Запольскія 2 камлыгі, Літоўскі вял. камень са знакамі, Пліскія 3 вял. камяні, Святы камень Сянежыцкі, валун ва Уселюбскім парку; мясц. значэння: гара Капліца, Ятраўская гара, Кашалёўскія пагоркі, пагорак Старыя Лагадкі, 2 валуны Лукінскія, дуб Адама Міцкевіча.

Агульная пл. с.-г. угоддзяў 69,3 тыс. га (42%), з іх асушаных 18,4 тыс. га. На 1.1.2000 у раёне 15 калгасаў, 2 саўгасы, калект. сял. гаспадарка «Уселюб», с.-г. прадпрыемства «Камунар», аграпрадпрыемства імя А.Міцкевіча, аграгандлёвае прадпрыемства «Свіцязь», 5 фермерскіх гаспадарак. Сельская гаспадарка спецыялізуецца на мяса-малочнай жывёлагадоўлі, свінагадоўлі, вырошчванні збожжавых і кармавых культур, ільнаводстве, бульбаводстве. Прадпрыемствы харч. і харчасмакавай (натуральнамалочныя прадукты, масла, сыр, віно, піва, спірт, рыбныя прадукты і інш.), буд. матэрыялаў (цэгла), дрэваапр. (піламатэрыялы), металаапр. (метал. сетка, шафы, цвікі), швейнай і валюшна-лямцавай прам-сці; Навагрудскі завод газавай апаратуры, лясгас. Па тэр. раёна праходзяць аўтадарогі Баранавічы—Навагрудак—Іўе, Нясвіж—Навагрудак—Ліда, Навагрудак—Наваельня, Любча—Навагрудак—Дзятлава; адгалінаванне газаправода Бярозаўка—Навагрудак. У раёне 23 сярэднія, 12 базавых, 4 пачатковыя, 2 дзіцяча-юнацкія спарт., 2 муз. (5 філіялаў) школы, школа-сад, школа-інтэрнат, спецшкола для дзяцей з цяжкімі парушэннямі мовы; цэнтры: пазашкольнай работы, тэхн. творчасці, экалогіі і біялогіі, турызму і краязнаўства, карэкцыйна-развіваючага навучання і рэабілітацыі; дзярж. гандл.-эканам. каледж, с.-г. тэхнікум, ПТВ, 26 дашкольных устаноў, 48 клубаў, 49 б-к, 8 бальніц, скурвендыспансер, 2 паліклінікі, 31 фельч.-ак. пункт. На тэр. раёна размешчаны рэсп. псіханеўралагічная бальніца (в. Гірдаўка), рэсп. Дом дзіцяці для дзяцей з парушэннямі цэнтр. нерв. сістэмы (г.п. Любча), Дом-інтэрнат (абласны) для ветэранаў вайны і працы (в. Карнышы). Навагрудскі гісторыка-краязнаўчы музей, Міцкевіча Адама дом-музей, Валеўскі народны гіст.-краязнаўчы музей, музей Любчанскага краю, музей партызанскай славы (у в. Чарэшля). Помнікі архітэктуры: Петрапаўлаўская царква (18 ст.) у в. Валеўка, жылы дом і царква (19 ст.) у в. Дзяляцічы, царква (1877) у в. Загор’е-Сенненскае, Успенская царква (1768) у в. Лаўрышава, Мікалаеўская царква (1861) у в. Нягневічы, царква (1895) у в. Поўбераг, парк (18 ст.) у в. Уселюб, Дзмітрыеўская царква (1776) і сядзіба (2-я пал. 18—19 ст.) у в. Шчорсы. Выдаецца газ. «Новае жыццё».

Літ.:

Памяць: Гіст.-дак. хроніка Навагрудскага р-на. Мн., 1996.

П.В.Мікульчык, Г.С.Смалякоў.

т. 11, с. 96

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАРЭ́ЛІЦКІ РАЁН.

На У Гродзенскай вобл. Утвораны 15.1.1940 як Валеўскі (з цэнтрам у в. Валеўка), з 25.11.1940 — Карэліцкі; 25.12.1962 скасаваны, 6.1.1965 адноўлены. Пл. 1,1 тыс. км². Нас. 31,7 тыс. чал. (1998), гарадскога 32,8%. Сярэдняя шчыльн. 29 чал. на 1 км². Цэнтр — г.п. Карэлічы; г.п. Мір, 159 сельскіх нас. пунктаў, Мірскі пасялковы Савет і 9 сельсаветаў: Варанчанскі, Жухавіцкі, Красненскі, Луцкі, Малюшыцкі, Райцаўскі, Турэцкі, Цырынскі, Ярэміцкі.

Пераважная частка раёна занята Нёманскай нізінай і Стаўбцоўскай раўнінай, на З ад р. Сэрвач — схілы Навагрудскага ўзвышша. Паверхня раўнінная і дробнаўзгорыстая. Пераважаюць вышыні 150—200 м, найвыш. пункт 261,7 м (каля в. Малюшычы). Карысныя выкапні: жал. ільменіт-магнетытавыя руды, мел, вапнякі, гліны, пясчана-жвіровы матэрыял, буд. пяскі, торф. Сярэдняя т-ра студз. -6,6 °C, ліп. 17,5 °C Ападкаў 695 мм за год. Вегет. перыяд 189 сут. Гал. рака Нёман, яго левыя прытокі Уша (з Міранкай) і Сэрвач (з Нёўдай і Рутай). Найб. пашыраны дзярнова-падзолістыя (61,6%) і тарфяна-балотныя (14,1%) глебы. Пад лесам 21% тэр. раёна (буйны масіў Графская пушча на крайнім ПнУ), пераважаюць хваёвыя, яловыя, бярозавыя і дубовыя лясы. Балоты займаюць 1,8% тэрыторыі, асушана 16 078 га. Найб. балотныя масівы Карэлічы (Галае балота), Зарэчча, Воўчае балота. Рэсп. гідралагічны заказнік Міранка. Помнікі прыроды: парк «Мір», каштан васьмітычынкавы ў в. Райца, геал. агаленне Цімошкавічы.

Агульная плошча с.-г. угоддзяў 73,8 тыс. га, з іх асушаных 15,4 тыс. га. На 1.1.1998 у раёне 12 калгасаў, племзавод «Карэлічы», птушкафабрыка «Чырвонаармейская», 11 фермерскіх гаспадарак. Мяса-малочная жывёлагадоўля (буйная раг. жывёла, свінагадоўля), ільнаводства, бульбаводства. Пасевы збожжавых і кармавых культур. Прадпрыемствы харчовай прам-сці (вытв-сць масла, сыру, мясных вырабаў, спірту), буд. матэрыялаў, ільнозавод. Па тэр. раёна праходзяць аўтадарогі Навагрудак—Карэлічы—Мір—Стоўбцы, Навагрудак—Нясвіж, Карэлічы—Малюшычы—Наваельня. У раёне 14 сярэдніх, 9 базавых, 9 пач., 4 муз., дзіцяча-юнацкая спарт. школы, 2 прафес.-тэхн. вуч., 17 дашкольных устаноў, 14 дамоў культуры, 25 клубаў, 42 б-кі, 5 бальніц, 24 фельч.-ак. пункты, 2 паліклінікі, 5 амбулаторый. Помнікі архітэктуры: палацава-замкавы комплекс (16—18 ст.) у г.п. Мір; Казанская царква (2-я пал. 19 ст.) у в. Беражна; будынак бровара (канец 18 ст.) і касцёл Ганны (1773) у в. Варонча; царква Ушэсця (пач. 19 ст.) у в. Вял. Мядзведка; Петрапаўлаўская царква (1745) у в. Вял. Жухавічы; Усясвяцкая царква (1935) у в. Дольная Рута; царква (канец 18 — пач. 19 ст.) у в. Заполле; сядзібны дом (2-я пал. 19 ст.) у в. Кальчычы; Успенская царква (пач. 20 ст.) у в. Любанічы; царква Іаана Прадцечы (19 ст.) у в. Мал. Жухавічы; Міхайлаўская царква (пач. 19 ст.) у в. Міратычы; сядзіба (канец 19 — пач. 20 ст.) у пас. Першамайскі; жылы і сядзібны дамы (19 ст.) у в. Райца; капліца (канец 19 ст.) у в. Сэрвач; Пакроўская царква (1888) у в. Турэц; капліца і царква Ушэсця (2-я пал. 19 ст.) у в. Ярэмічы. Выдаецца газ. «Полымя».

С.І.Сідор.

т. 8, с. 121

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)