Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)
ВАЛЯ́ННЕ,
спосаб вытворчасці шарсцяных вырабаў (сукно, лямец, валены абутак) счапленнем і перапляценнем паміж сабой ваўняных валокнаў. Пры валянні воўну разрыхляюць на трапальных і шчыпальных машынах, замасліваюць і змешваюць; з сумесі робяць вату, з якой наслаеннем рыхтуюць аснову па форме вырабу, але большых памераў. Аснову ўшчыльняюць, прамочваюць растворам сернай кіслаты і ўвальваюць, пасля чаго праводзяць інш. апрацоўчыя работы.
Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)
МЯСЦО́ВАЯ ПРАМЫСЛО́ВАСЦЬ,
шматгаліновая вытв-сць у прамысл.-гасп. комплексе краіны, якая працуе пераважна на мясц. сыравіне, прамысл. адходах і задавальняе ў першую чаргу патрэбы мясц. насельніцтва. Выпускае прадметы быт. прызначэння, у т.л. ганчарны, стальны і чыгунны эмаліраваны посуд, разнастайную мэблю, швейныя, трыкат., скургалантарэйныя вырабы, тавары быт. хіміі, гумавы і валены абутак, муз. інструменты. вырабы маст. промыслаў, дзіцячыя цацкі, а таксама с.-г. машыны, буд. матэрыялы, сан.-тэхн. і мед. абсталяванне і інш. На Беларусі М.п. бярэ вытокі ад нар. промыслаў і дробнай вытв-сці, якая ў 1920—30-я г. ўваходзіла ў сістэму прамысл. кааперацыі. Пазней пабудаваны больш магутныя прадпрыемствы дзярж. уласнасці. У 1960 прадпрыемствы прамысл. кааперацыі перададзены ў распараджэнне мясц. Саветаў, створана Гал. ўпраўленне М.п., а ў 1965 — Мін-ва М.п. БССР. На 1.1.1972 М.п. Беларусі аб’ядноўвала 187 прамысл. прадпрыемстваў. У працэсе рэарганізацыі галіновых міністэрстваў у 1993 утвораны Бел.дзярж. канцэрн па вытв-сці і рэалізацыі тавараў нар. спажывання («Белмясцпрам»). М.п. уключае вытв. аб’яднанні, з-ды і ф-кі рэсп. і камунальнай уласнасці. Асн.вытв. магутнасці і б.ч. буйных прадпрыемстваў М.п. (93 у 1999) падпарадкаваны канцэрну «Белмясцпрам». З іх 32 прадпрыемствы рэсп. уласнасці (21 дзярж., 1 арэнднае, 10 акц. т-ваў) і 61 прадпрыемства камунальнай уласнасці Брэсцкай, Гомельскай, Гродзенскай і Віцебскай абл. (аб’яднаны ў спец.абл. аб’яднанні, падпарадкаваныя адначасова «Белмясцпраму» і аблвыканкомам Саветаў). М.п. дае 1% аб’ёму валавой прадукцыі прам-сці Беларусі, а па таварах нар. спажывання — 2%. Асн. галіны вытв-сці: металаапрацоўка, дрэваапрацоўка, хімічная, будматэрыялаў, лёгкая. Найб. прадпрыемствы: Барысаўскі з-д «Чырвоны металіст», Гомельскі завод «Эмальпосуд», Мазырскае вытв. мэблевае аб’яднанне, з-д імя М.Гастэлы (Мінск), Полацкі з-дс.-г. абсталявання, Слуцкі з-д «Эмальпосуд», Магілёўскае ВА «Ольса», Маладзечанская ф-камуз. інструментаў, вытв. фірма «Бархім» (Баранавічы), Калінкавіцкі з-дбыт. хіміі, Калінкавіцкая мэблевая ф-ка, акц. т-вы «Барбытхім» (Барысаў), «Белмасткераміка» (Радашковічы), «Гомельпласт», «Музінструмент-Барысаў», «Мінская люстэркавая ф-ка», «Гомельская люстэркавая ф-ка», «Ваўмет» (Ваўкавыск) і інш. У 1999 прадпрыемствы канцэрна «Белмясцпрам» (23 358 работнікаў) вырабілі стальнога эмаліраванага посуду 1570 т, сінт. мыйных сродкаў 3697 т, піяніна — 3360 шт., набораў для кухні «Вязынка» 1789 шт., валенага абутку 352 000 шт. і інш. Частка прадукцыі М.п. (піяніна, электрагітары, мэбля, буд. матэрыялы і інш.) экспартуецца.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АБУ́ТАК,
на Беларусі гарбарна-шавецкае рамяство (гл.Гарбарства) як самастойная галіна існуе з часоў Полацкага княства. Стараж. майстэрні па апрацоўцы скуры і вырабу абутку археолагі выявілі ў Полацку, Мінску, Пінску. Асн. тагачаснымі тыпамі абутку гараджан былі поршні, чаравікі, боты. Магнаты, гарадская знаць насілі абутак з дарагіх матэрыялаў, вытанчаных формаў, упрыгожаны спражкамі, бантамі і інш. Выпрацоўка новых формаў залежала ад маст. рысаў усяго ансамбля адзення, развівалася ў агульным еўрап. стылі. Нар. абутак выраблялі ў хатніх умовах або спец. рамеснікі — шаўцы. Ён бытаваў у вёсках і дробных мястэчках і лепш, чым абутак гараджан, стасаваўся з прыродна-кліматычнымі ўмовамі, спецыфікай працы насельніцтва. Самы стараж. тып абутку беларусаў складаўся з абгортак, прывязак і ўласна абутку. Абгорткі (анучы, завойкі) — 2 полкі белага палатна, якімі абгортвалі ногі. Абгортка ног да шчыкалатак кавалкам палатна пры хадзе басанож была пашырана сярод жанчын, асабліва ў час жніва. Прывязкі (аборы, валокі) вілі з пянькі, лёну, канапель, конскага воласу, наразалі з сырамятнай скуры. Мацавалі абгорткі па-рознаму: на Тураўшчыне і Мазыршчыне доўгія прывязкі ўтваралі своеасаблівую вяровачную панчоху, на Пн Беларусі былі кароткія і абкручваліся да шчыкалатак. Уласна абутак у мінулым — плеценыя ці скураныя вырабы. Нязначнае пашырэнне мелі дзеравяшкі. Асн. від плеценага абутку, які бытаваў да пач. 20 ст., — лапці (шчарбакі, кавярзні). Іх плялі з лазовай і вязавай кары (лыка), пянькі. Скураны абутак быў 2 відаў: шыты з аднаго кавалка скуры — пасталы і з прышытымі падэшвамі і абцасамі — боты, чаравікі. Майстэрствам вырабу ботаў у 19 — пач. 20 ст. славіліся шаўцы наваколляў Турава, Давыд-Гарадка, Петрыкава, Слуцка і інш. На святы жанчыны абувалі і чаравікі (боцікі, шнуроўкі). Валены абутак (валёнкі) набыў пашырэнне ў 19 ст., бытуе і цяпер. Гумавы абутак пачалі насіць у 1930-я г. Бахілы (глыбокія галошы) надзявалі звычайна на буркі.
Сучасны абутак падзяляюць на бытавы, вытворчы, спартыўны і медыцынскі (гл.Абутак артапедычны). Паводле канструкцыі загатовак адрозніваюць боты, чаравікі, паўчаравікі, туфлі і інш. Падзяляецца на групы: пінеткі (памер, ці даўжыня ступні, 95—125 мм), гусарыкі (120—140), маладзіцячы (145—175), дзіцячы (180—200), школьны (205—225), дзявочы (230—250), хлапечы (230—255), жаночы (215—275), мужчынскі (245—305). Паўната (абхват ступні) — ад 1 да 10 умоўных адзінак (найб. пашыраная 6 і 7).
Дэталі верху і нізу абутку злучаюцца ніткамі, шпількамі, цвікамі, вінтамі, клеем (пераважна сінтэтычным), вулканізацыяй, ліццём. Вонкавыя дэталі верху робяць з натуральнай ці штучнай скуры, тэкстыльных матэрыялаў; дэталі нізу — са скуры, гумы (порыстай, няпорыстай, скурападобнай), пластмасаў (напр., поліурэтану) і інш. Абутак павінен мець цеплаахоўныя ўласцівасці, быць водаўстойлівым, паветра- і паранепранікальным. Тэхналогія вырабу абутку ўключае раскрой матэрыялаў на дэталі, іх апрацоўку, выраб загатовак верху і фармаванне іх на калодцы, прымацаванне нізу да верху, аддзелку. Прамысловы раскрой робяць разакамі на электрагідраўл. ці мех. прэсах, спец. аўтаматах. З дапамогай ЭВМ разлічваюць аптымальныя варыянты ўкладкі дэталяў на матэрыяле. Дэталі верху скошваюць, загінаюць, апрацоўваюць; дэталі нізу выраўноўваюць па таўшчыні, фрэзеруюць, скошваюць, шліфуюць. Дэталі верху злучаюць у плоскія загатоўкі, якім надаюць аб’ёмную форму: увільгатняюць (часам награваюць), расцягваюць удоўж і ўпоперак, зацягваюць і прымацоўваюць загатоўкі да вусцілкі. Затым змацоўваюць верх і ніз і робяць канчатковую апрацоўку (абразанне залішняга матэрыялу, афарбоўку, паліраванне і інш.). Гл. таксама Абутковая прамысловасць.