АДРЫЯНО́ПАЛЬСКАЯ БІ́ТВА 378.

Адбылася 9 жн. ў раёне Адрыянопаля (сучасны Эдырне, Турцыя) паміж войскамі рымскага імператара Валента і вестготамі на чале з Фрытхігернам, да якіх далучыліся рабы і калоны. У баі загінула амаль уся рым. армія і імператар. Пасля паражэння ў армію пачалі вербавацца атрады федэратаў, што значна аслабіла Рым. імперыю і наблізіла яе распад.

т. 1, с. 137

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВАЛЕНТЫНІЯ́Н І Флавій

(Flavius Valentinianus, 321, Цыбалы, рым. правінцыя Панонія, цяпер г. Вінкаўцы, Харватыя — 17.11.375),

рымскі імператар з 364. Абвясціў брата Валента Аўгустам і сваім суправіцелем ва ўсх. ч. імперыі. У 366 выгнаў алеманаў з Галіі, да 374 вёў абарончыя войны з франкамі і саксамі на Рэйнскай мяжы. У 367 зрабіў суправіцелем сына Грацыяна. Пры Валентыніяну адбыліся буйныя антырым. выступленні ў правінцыях: паўстанні Пракопія ў М. Азіі і Фракіі (365—366), Фірма ў Афрыцы (372—373).

т. 3, с. 479

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВАЛЕ́НТ Флавій

(Flavius Valens; каля 328, Цыбалы, рым. правінцыя Панонія, цяпер г. Вінкаўцы, Харватыя — 9.8.378),

рымскі імператар з 364. Быў абвешчаны ў Канстанцінопалі Аўгустам і суправіцелем свайго брата Валентыніяна I; правіў ва ўсх. ч. Рымскай імперыі. У 367—369 перамог готаў на Ніжнім Дунаі, у 370—378 знаходзіўся ва ўсх. правінцыі, вёў войны з перс. царом Шапурам II. У 376 дазволіў вестготам, якіх выцеснілі гуны, пасяліцца ў рым. прав. Мёзія. У Адрыянопальскай бітве 378 войскі Валента пацярпелі паражэнне ад вестготаў, сам Валент загінуў.

т. 3, с. 479

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВЕСТГО́ТЫ,

візіготы, германскае племя, зах. галіна готаў. У 2—3 ст. пачалі прасоўвацца ў Прычарнамор’е, адкуль у канцы 4 ст. перайшлі ўсх. граніцу Рым. імперыі, разграмілі армію імператара Валента (гл. Адрыянопальская бітва 378), потым пасяліліся ў Ілірыі. Вестготы на чале з каралём Аларыхам І 24.8.410 захапілі і разрабавалі Рым. У 418 утварылі ў Паўд. Галіі Тулузскае каралеўства — першую варварскую дзяржаву на рым. тэрыторыі (на пач. 6 ст. выцеснены франкамі). У 5 ст. захапілі большую ч. Пірэнейскага п-ва, у 711 дзяржаву вестготаў заваявалі арабы.

т. 4, с. 117

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)