Валейбол 2/572; 10/12

Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)

ВАЛЕЙБО́Л (англ. volley-ball),

камандная спартыўная гульня з мячом. Гуляюць 2 каманды па 6 чал. на пляцоўцы 9 × 18 м, падзеленай на 2 роўныя ч. сеткай (выш. 2,43 м для мужчын і 2,24 м для жанчын). Пасля падачы мяча на пляцоўку саперніка той, скарыстаўшы не больш як 3 удары рукамі па мячы, прычым розных гульцоў, накіроўвае яго над сеткай на процілеглую пляцоўку так, каб мяч апусціўся на зямлю ў межах пляцоўкі ці сапернік у час прыёму мяча парушыў правілы. Гульня складаецца з 3—5 партый, у кожнай з якіх перамагае той, хто першы набярэ 15 ачкоў. Пры ліку 14:14 гульня доўжыцца да перавагі адной з камандаў у 2 ачкі.

Зарадзіўся валейбол у ЗША (1895), пазней пашырыўся ў краінах Усходу (Японія, Кітай), Еўропы. З 1947 дзейнічае Міжнар. федэрацыя валейбола (ФІВБ), з 1948 праводзяцца чэмпіянат Еўропы, з 1949 — свету. У праграме Алімпійскіх гульняў з 1964. У апошнія гады пашырыўся т.зв. пляжны валейбол.

На Беларусі развіваецца з пач. 1920-х г. (Віцебск, Гомель, Мінск). Жаночыя клубы з Мінска займалі 3-е месца ў чэмпіянатах СССР: «Спартак» (1966—67), «Камунальнік» (1986—87), апошні валодаў Кубкам уладальнікаў кубкаў еўрап. краін (1987). Сярод выхаванцаў бел. валейбола чэмпіён Алімпійскіх гульняў (1988), свету (1977) А.​Сапега, сярэбраны прызёр Алімпійскіх гульняў (1988) Ю.​Сапега.

М.​А.​Дубіцкі.

т. 3, с. 478

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СПАРТЫ́ЎНЫЯ ГУ́ЛЬНІ,

віды гульнявых спаборніцтваў, асновай якіх з’яўляюцца розныя тэхн. і тактычныя спосабы дасягнення пэўнай мэты ў проціборстве паміж камандамі ці асобнымі спартсменамі. Змест і арганізацыя С.г. абумоўліваюцца афіц. правіламі, якія вызначаюць мэту, працягласць гульні, колькасць удзельнікаў, памеры пляцоўкі, парадак вызначэння пераможцы і інш. Паводле характару дзеянняў С.г. падзяляюць на групы: з кантактным процідзеяннем сапернікаў, накіраваныя на пападанне, напр., мяча ў вароты, карзіну або ў пэўную адзнаку (баскетбол, рэгбі, футбол і інш.); з бескантактным процідзеяннем, з ударамі ў адказ (бадмінтон, валейбол, сквош, тэніс і інш.); з умоўным процідзеяннем, якое прадугледжвае пачарговае пападанне сапернікаў у цэль (бейсбол, більярд, гарадкі, дартс і інш.). Да С.г. адносяць таксама брыдж, шахматы, шашкі.

Узніклі з нар. гульняў і забаў (напр., гарадкі, тэніс, футбол), некаторыя распрацаваны спецыялістамі (напр., валейбол, гандбол) або сфарміраваліся як разнавіднасці існуючых (напр., міні-футбол, пляжны валейбол). Уваходзяць у праграмы Алімп. гульняў, рэгіянальных і інш. комплексных спаборніцтваў (напр., Панамерыканскія гульні, універсіяды і спартакіяды); па іх праводзяцца чэмпіянаты свету, кантынентаў, краін і г.д. Гл. таксама Беларускія народныя гульні.

Я.​К.​Кулінковіч.

т. 15, с. 102

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МІЖЗЕМНАМО́РСКІЯ ГУ́ЛЬНІ,

рэгіянальныя спартыўныя гульні краін Міжземнаморскага басейна, што адбываюцца пад апекай Міжнар. алімп. к-та. Першыя М.г. (1951, г. Александрыя, Егіпет) арганізаваны па ініцыятыве Францыі. Праводзяцца ў перадалімп. год Міжнар. к-там (засн. ў 1960; эмблема — белы сцяг з блакітным контурам Міжземнага мора; штаб-кватэра ў Афінах). Гульні атрымліваюць назву ад імя горада, у якім яны праводзяцца. У праграме М.г.: барацьба, баскетбол, бокс, валейбол, веласпорт, веславанне, воднае пола, гандбол, гімнастыка, дзюдо, лёгкая атлетыка, ветразевы спорт, плаванне, скачкі ў ваду, стральба, цяжкая атлетыка, фехтаванне, футбол, хакей на траве і інш. (12 і больш відаў спорту).

т. 10, с. 336

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

УНІВЕРСІЯ́ДА,

сусветныя спарт. студэнцкія гульні; комплексныя міжнар. спаборніцтвы. Рэгламент У. адпавядае духу алімп. руху.

У 1949 створана міжнар. федэрацыя універсітэцкага спорту (ФІСУ). З 1957 праводзяцца аб’яднаныя Сусв. студэнцкія гульні — У. (з 1960 1 раз у 2 гады). У праграмах летніх У.: барацьба вольная і грэка-рымская, баскетбол, валейбол, воднае пола, гімнастыка, лёгкая атлетыка, плаванне, скачкі ў ваду, тэніс, фехтаванне і інш. У праграмах зімовых У.; лыжнае дваябор’е, гарналыжны спорт, лыжныя гонкі, скачкі на лыжах з трампліна, скарасны бег на каньках, фігурнае катанне, хакей.

Сярод бел. спартсменаў прызёрамі 1 Сусв. студэнцкіх гульняў (1949, Будапешт) былі У.​Коган (бокс, 3-е месца) і Ц.​Лунеў (лёгкая атлетыка, бар’ерны бег, 3-е месца). На II Сусв. студэнцкіх гульнях (1951) чэмпіёнкай стала В.​Набокава (лёгкая атлетыка, кіданне кап’я), бронзавыя прызёры — Лунеў і М.​Салтыкоў (лёгкая атлетыка, бег). Чэмпіёны У.: у 1957 М.Іткіна, Л.​Ермалаева (лёгкая атлетыка); у 1970 М.​Шаколіна (фехтаванне) і І.​Ядзаешка (баскетбол); у 1973 М.Жалабоўскі, Л.​Ліберман і Э.​Файнштэйн (барацьба грэка-рымская), В.Корбут, М.​Міхайлін (скачкі ў ваду з вышкі), У.​Паўленка (фехтаванне, камандны залік), В.Сюльжын, У.​Шчукін (гімнастыка); у 1981 К.​Шаравера (баскетбол); у 1990 А.​Тарасюк (лёгкая атлетыка, бег); у 1991 У.​Бялоў (плаванне); у 1995 С.​Захарэнка (лыжнае дваябор’е), А.​Трыгубаў (лыжная гонка); В.​Юркіна (спарт. гімнастыка); у 1997 Л.​Хмяльніцкая (лёгкая атлетыка, хадзьба) і інш.

А.​А.​Серадзін.

т. 16, с. 235

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАНЕ́Ж (франц. manège) у архітэктуры, 1) прамавугольны ці круглы ў плане будынак без унутр. перагародак (часам агароджаная пляцоўка) для трэніроўкі коней, навучання верхавой яздзе, конна-спарт. спаборніцтваў. Падлога ў М. глінабітная, укрыта слоем пяску і драўняных апілак. Даўж. дарожкі ў закрытым прамавугольным М. да 130 м, у круглым — да 100 м, на адкрытым М. яна дзёрнавая, шчыльная грунтавая, пясчаная або тартанавая. Сучасныя М. будуюць звычайна пры іпадромах. У арх. адносінах найб. выразныя М. 18—19 ст.: класіцыстычныя — конна-гвардзейскі ў С.-Пецярбургу (1804—07, арх. Дж.​Кварэнгі), Маскве (1817—25, інж. Л.​Л.​Карбанье, паводле праекта А.​Бетанкура, арх. В.​І.​Баве; з 1957 выставачная зала). На Беларусі драўляныя прамавугольныя ў плане М. для трэніроўкі коней і навучання верхавой яздзе існавалі ў 2-й пал. 18—19 ст. ў Альбе пад Нясвіжам, Слуцку, Клецку і інш. Дзейнічае М. пры іпадроме конна-спарт. базы «Ратамка».

2) М. спартыўныя бываюць спецыялізаваныя (для аднаго віду спорту) і універсальныя, у якіх трансфармацыя арэны дае магчымасць праводзіць заняткі і спаборніцтвы па розных відах спорту. Найб. распаўсюджаны М.с. для заняткаў футболам і лёгкай атлетыкай. Футбольныя манежы маюць арэну для гульні ў міні-футбол (60 × 40 м); для спаборніцтваў рэсп. і міжнар. ўзроўняў — стандартнае футбольнае поле. Іх выкарыстоўваюць і для інш. відаў спорту (барацьба, бокс, валейбол, гандбол, гімнастыка, рэгбі, тэніс і інш.). Манежы для лёгкай атлетыкі маюць залы (не менш за 126 × 42 м) з прамымі і замкнёнымі бегавымі дарожкамі (звычайна з сінт. пакрыццём), сектары для скачкоў, штурхання ядра і інш., таксама трэніровачныя залы, басейны, сауны і інш. Буйныя М. маюць месцы для гледачоў. Будуюць таксама ў складзе комплексаў навуч. устаноў фіз. культуры і спорту. На Беларусі існуюць лёгкаатлетычныя М. спарт. к-та Узбр. сіл Беларусі (1976; цяпер Мінскі палац лёгкай атлетыкі), спарт. комплексу «Працоўныя рэзервы» (1989) у Мінску, у Гомелі (1980).

3) М. цыркавы, гл. Арэна.

4) Пераносная загародка для дзяцей, якія пачынаюць хадзіць.

С.​А.​Сергачоў.

Да арт. Манеж. Унутранае абсталяванне лёгкаатлетычнага манежа спартыўнага комплексу «Працоўныя рэзервы».

т. 10, с. 78

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СПАРТЫЎНАЯ МАТЭРЫЯЛЬНА-ТЭХНІЧНАЯ БАЗА РЭСПУБЛІКІ БЕЛАРУСЬ

здольная забяспечыць спарт. і спартыўна-масавую работу на самым высокім сучасным узроўні. Асноўныя спарт. збудаванні і комплексы дазваляюць весці трэніровачныя працэсы і праводзіць спаборніцтвы амаль па ўсіх відах спорту. У краіне штогод адбываецца каля 10 афіц. міжнар. спаборніцтваў: чэмпіянаты і этапы Кубкаў свету і Еўропы, традыц. турніры па розных відах спорту, каля 700 штогадовых рэсп. спаборніцтваў. На Беларусі функцыянуюць (2004): 220 стадыёнаў, каля 4,5 тыс. спартзалаў, больш за 200 плавальных басейнаў, 24 манежы, 7 крытых лядовых арэн са штучным ільдом, каля 1,5 тыс. стралковых ціраў, больш за 150 фізкультурна-аздараўленчых цэнтраў, 9 баз алімп. падрыхтоўкі і інш.

Рэспубліканскі цэнтр алімпійскай падрыхтоўкі па тэнісе і настольным тэнісе створаны ў Мінску ў 1978. У яго складзе Палац тэніса з 4 кортамі і трыбунай на 500 месцаў, трэніровачная зала, мед. і метадычны кабінеты, дапаможныя памяшканні; агульная плошча 7659 м². На тэр. Цэнтра размешчаны 13 кортаў (6 з травяным і 7 з грунтавым пакрыццём) агульнай пл. 11 127 м², медыка-рэабілітацыйны комплекс. У Цэнтры праводзяцца міжнар. і рэсп. спаборніцтвы, працуюць вучэбна-спарт. групы.

Рэспубліканскі цэнтр алімпійскай падрыхтоўкі па шахматах і шашках існуе ў Мінску з 1997. Будынак цэнтра (раней Палац шахмат) рэканструяваны ў 1985. Сучасны Цэнтр з’яўляецца дзярж. спецыялізаванай вучэбна-спарт. установай, з 1997 аб’яднаны з рэсп. спецыялізаванай школай алімп. рэзерву. Цэнтр мае аддзяленні шахмат і шашак (каля 20 вучэбных груп, да 200 навучэнцаў). У Цэнтры адбываюцца спарт. мерапрыемствы і спаборніцтвы рознага ўзроўню, яго спецыялісты імкнуцца забяспечыць арганізацыйна-метадычную дапамогу ўсім аматарам шахмат і шашак, падрыхтоўку спартсменаў і спартсменаў-інструктараў, наладжванне міжнар. спарт. сувязей.

Рэспубліканскі цэнтр алімпійскай падрыхтоўкі па парусным спорце знаходзіцца ў в. Качына Мінскага р-на. Спарт. база цэнтра на Заслаўскім вадасховішчы існуе з 1968, займае тэр. 2 га. Яна ўключае бухту для стаянкі яхтаў і катэраў, прычальныя пабудовы, элінг для захоўвання маёмасці, майстэрні па рамонце суднаў, дапаможны корпус, дзе размешчаны медкабінет, раздзявальні, склады, адм. корпус і інш.

Рэспубліканская школа вышэйшага спартыўнага майстэрства па водных відах спорту існуе з 1976, размешчана на Заслаўскім вадасховішчы. Мае веславальны канал на 6 дарожак даўж. 2 км (пабудаваны ў 1979), канал для байдарак і каноэ даўж. 1 км, басейны для акад. веславання на байдарках і каноэ (1976), трэнажорную залу, медыка-рэабілітацыйны цэнтр, футбольнае поле, пляцоўкі для гульні ў валейбол (2), баскетбол (1), гандбол (1), тэніс (2), адм., гасцінічны, дапаможныя карпусы і інш.

Алімпійскі спартыўны комплекс пабудаваны ў Мінску ў 1984. Агульная яго плошча 16,5 га, плошча крытых спарт. памяшканняў 13 450 м². У складзе комплексу лёгкаатлетычны манеж, залы спарт. і маст. гімнастыкі, бокса, барацьбы, трэнажорная зала, 2 плавальныя басейны (25×6 і 11×9 м), стадыён з футбольным полем, бегавымі дарожкамі і лёгкаатлетычнымі сектарамі, 2 футбольныя палі з сінт. і гумава-бітумным пакрыццём, комплекс для лёгкаатлетычных трэніровак, тэнісныя корты, медыка-рэабілітацыйны цэнтр і інш.

Рэспубліканскае вучылішча алімпійскага рэзерву ў Мінску мае ў ліку асноўных спарт. збудаванняў навучальны корпус, пабудаваны ў 1987, агульнай пл. 8,4 тыс. м², футбольны стадыён.

Рэспубліканскі цэнтр па конным спорце і конегадоўлі «Ратамка» здадзены ў эксплуатацыю ў 1970 у пас. Ратамка Мінскага р-на. Аб’ядноўвае Мінскі конны завод імя Л.​Даватара і Рэсп. дзіцяча-юнацкую школу алімп. рэзерву па конным спорце. Спарткомплекс уключае зімовы манеж 64×24 м з трыбунамі на 150 месцаў, канкурны стадыён 140×100 м з пясчаным манежам і трыбунамі на 3 тыс. месцаў (уведзены ў строй у 1980), 2 трэніровачныя крытыя манежы: вучэбны (1974) і выездкавы (1975), 3 адкрытыя манежы, 4 трэніровачныя канкурныя палі, трасу палявых выпрабаванняў па трохбор’і і трэніровачны скакавы круг, 3 канюшні (1970), гасцінічны комплекс (1979), базу коннага пракату, шэраг службовых і дапаможных памяшканняў.

Рэспубліканскае унітарнае прадпрыемства «Спартыўны комплекс «Раўбічы» — адзін з лепшых спарт. комплексаў рэспублікі — размешчаны каля в. Раўбічы (за 22 км на поўнач ад Мінска). Гэта сучасная спарт. база для заняткаў пераважна зімовымі відамі спорту (біятлон, лыжнае дваябор’е, лыжныя гонкі, слалам, скачкі на лыжах з трампліна, сноўбордзінг, фрыстайл). Пабудаваны ў 1974, займаў тэр. 36 га; у наш час яго пл. пашырана да 80 га. У складзе комплексу: біятлонная траса са стрэльбішчам 150×140 м, трэніровачнае стрэльбішча 150×50 м, лыжная траса (3 пятлі агульнай даўжынёй 20 км), 3 лыжныя трампліны са штучным пакрыццём з разліковай даўжынёй скачка 20, 40 і 74 м, спецыялізаваныя лыжаролерныя трасы (пабудаваны ў 1989 і 2003) з асфальтабетонным пакрыццём, малая слаламная траса і схіл для фрыстайла, ролікадром (150×60 м), універсальная спарт. зала, тэнісныя корты, 2 гасцініцы, медыка-рэабілітацыйны цэнтр, адміністрацыйна-гасп. корпус. Трыбуны для гледачоў размешчаны на штучных земляных валах, злучаны з трыбунамі каля судзейскага павільёна. У «Раўбічах» праводзяцца рэсп. і буйныя міжнар. спаборніцтвы (напр., чэмпіянат свету 1974, чэмпіянат Еўропы 2004, этапы Кубка свету па біятлоне і інш.).

Рэспубліканскае унітарнае прадпрыемства «Алімпійскі спартыўны комплекс «Стайкі» размешчаны каля в. Стайкі (за 12 км на ПдУ ад Мінска). Засн. ў 1947, будаўніцтва завершана ў 1970-я г. Займае пл. 90 га. На гэтым спарт. комплексе праходзяць асн. этапы падрыхтоўкі бел. спартсменаў і нац. каманд па розных відах спорту да буйных міжнар. спаборніцтваў: Алімп. гульняў, чэмпіянатаў свету, Еўропы і інш. Комплекс уключае 2 універсальныя залы-манежы (54×36 м, пабудаваны ў 1976, і 72×50 м, пабудаваны ў 1979), 2-зальны гімнастычны корпус, спецыялізаваныя залы для цяжкай атлетыкі з 12 памостамі, боксу з рынгам, трэнажорныя памяшканні, 5 крытых 140-метровых бегавых дарожак з сінт. пакрыццём. На тэр. комплексу 6 футбольных палёў, 5 тэнісных кортаў, 5 універсальных пляцовак, 5 валейбольных і 2 баскетбольныя пляцоўкі, 4 кругавыя 400-метровыя бегавыя дарожкі, лёгкаатлетычныя сектары, вадасховішча. Комплекс мае медыка-рэабілітацыйны цэнтр. Функцыянуюць 8 гасцінічных карпусоў, бібліятэка, 2 кіназалы, канферэнц-зала і інш. У «Стайках» праводзяцца спарт. і спартыўна-масавыя мерапрыемствы рэсп. і міжнар. ўзроўню, семінары, сімпозіумы і інш.

Стадыён «Дынама» ў Мінску — найбуйнейшы ў рэспубліцы. Яго трыбуны змяшчаюць каля 50 тыс. гледачоў. Адкрыты ў 1934, адноўлены ў 1947—54, рэканструяваны ў 1978—80 да Алімп. гульняў 1980 для правядзення папярэдніх спаборніцтваў па футболе. Комплекс стадыёна мае спецыялізаваныя залы (пад трыбунамі), адкрытыя пляцоўкі для спарт. гульняў, абсталяваны электронным табло і сучасным асвятляльным электраабсталяваннем.

Мінскі Палац спорту — адно з буйнейшых у краіне спарт. збудаванняў шматмэтавага прызначэння. Пабудаваны ў 1966, рэканструяваны ў 2002—04. Мае хакейную пляцоўку 61×30 м, стацыянарныя трыбуны на 4 тыс. месцаў, пры трансфармацыі залы і арэны — да 6 тыс. месцаў, 2 спарт. залы па 18×12 м, дапаможныя памяшканні. У Палацы праводзяцца спарт. спаборніцтвы на хакеі з шайбай, фігурным катанні, гімнастыцы, боксе, барацьбе і інш. Вялікая зала Палаца выкарыстоўваецца і для правядзення інш. масавых і спартыўна-масавых мерапрыемстваў, канцэртаў і інш. У 1999 каля Палаца пастаўлены будынак лядовай пляцоўкі.

Рэспубліканскі воднаспартыўны камбінат з першым у Мінску адкрытым басейнам, які працуе з 1961; прымае спартсменаў і наведвальнікаў з 1967, рэканструяваны ў 2002—03. Камбінат здольны абслугоўваць штодзённа больш за 4 тыс. аматараў воднага спорту. Уключае 3 закрытыя басейны з трыбунамі для гледачоў, 2 адкрытыя з падагрэвам вады, аздараўленчы комплекс.

Спартыўна-стралковы комплекс імя маршала С.​К.​Цімашэнкі пабудаваны ў Мінску ў 1972, рэканструяваны ў 1978. Мае галоўны павільён з 4 крытымі цірамі і адкрытыя ціры для стральбы на розныя адлегласці, ціры для стэндавай стральбы з 2 круглымі і 1 траншэйным стэндамі. Ціры абсталяваны для стральбы з усіх відаў спарт. стралковай зброі, маюць мех. і электронныя ўстаноўкі з дыстанцыйным кіраваннем; вынікі выводзяцца на электроннае інфармацыйнае табло.

Палац лёгкай атлетыкі Спорткамітэта Узброеных Сіл Рэспублікі Беларусь у Мінску пабудаваны ў 1976. Гэта шматмэтавы спарт. комплекс для трэніровак, правядзення рэсп. і міжнар. спаборніцтваў па лёгкай атлетыцы, гульнявых відах спорту, барацьбе, боксе, гімнастыцы, фехтаванні і інш. Агульная пл. будынка 125×48 м. Мае дэманстрацыйную арэну з 200-метровай 4-раднай і 6-раднай прамой бегавымі дарожкамі са спец. сінт. пакрыццём, трыбуны на 3 тыс. месц, залы для трэніровак, памяшканні для спартсменаў-удзельнікаў спаборніцтваў і інш.

Мінскі лядовы палац спорту пабудаваны ў 1999. Прызначаны для трэніровак, выступленняў спартсменаў і артыстаў на лёдзе, правядзення спаборніцтваў па хакеі, фігурным катанні і інш. Уключае вялікую залу з трыбунамі на 2 тыс. месц, лядовае поле 60×30 м, рэкрэацыйныя памяшканні, раздзявальні з саунамі, трэнажорную залу, прэс-цэнтр, адм. і тэхн. памяшканні. Палац забяспечаны сучасным тэхнал. і інжынерным абсталяваннем, што дае магчымасць праводзіць спарт. і спарт.-масавыя мерапрыемствы на самым высокім міжнар. узроўні.

Крыты футбольны манеж у Мінску пабудаваны ў 2002. Пл. будынка 15,5 тыс. м². Поле аснашчана штучным пакрыццём з падагрэвам. Умяшчальнасць трыбун да 3 тыс. месц. У комплекс уваходзяць трэніровачная зала 45×24 м, 6 раздзявальняў з саунамі, масажныя памяшканні, зона размінкі футбалістаў пл. 633,5 м², зона сілавой падрыхтоўкі з трэнажорамі пл. 663,5 м². У прылеглай да манежа зоне пабудавана лыжаролерная траса. У 2004 у манежы на спецыялізаваным корце праводзіліся этапы Кубка Дэвіса па тэнісе.

Гарналыжны комплекс паблізу г. Лагойск Мінскага р-на. З 2003 эксплуатуецца яго 1-я чарга; у перспектыве будзе зімовым шматфункцыянальным спарт. комплексам, зонай адпачынку і заняткаў рознымі відамі лыжнага спорту.

Шмат спарт. збудаванняў рознага прызначэння размешчаны ў абл., раённых гарадах, на асобных буйных прадпрыемствах краіны.

У Брэсцкай вобласці функцыянуюць 23 найб. значныя аб’екты спарт. прызначэння, у т. л. Палац спорту, спарткомплексы «Алімп», «Блакітны», «Брэсцкі», «Дынама», лёгкаатлетычны манеж, водна-веславальная база «Ураджай», лядовы палац у Брэсце, спарткомплексы: «Атлант» у Баранавічах, «Прыпяць» у Пінску і інш.

У Віцебскай вобласці 143 спарт. аб’екты абласнога і мясц. падпарадкавання, у т. л. Палац спорту, Цэнтральны спарткомплекс, лядовы палац у Віцебску; Палац воднага спорту «Садко», Палац спорту і культуры, Дом фізкультуры «Ізумруд», спартклуб «Залатая шыпоўка» ў Наваполацку; спарткомплекс і басейн ільнокамбіната, спарткомплекс «Лакаматыў» у Оршы; веславальная база і спарткомплекс «Спартак» у Полацку; коннаспарт. база ў Талачынскім р-не (в. Загараддзе); спарткомплекс ДРЭС у Новалукомлі і інш.

У Гомельскай вобласці 15 буйных спарт. аб’ектаў, сярод якіх Палац лёгкай атлетыкі т-ва «Дынама», коннаспарт. комплекс, Палац гульнявых відаў спорту, лядовы палац спорту ў Гомелі, стадыёны і спартзалы ў раённых цэнтрах.

У Гродзенскай вобласці 34 спарт. аб’екты абласнога і ведамаснага падпарадкавання. Найб. значныя з іх: спорткамбінат «Нёман», лядовы палац спорту, стралковы комплекс «Гродна-Азот» у Гродне; веславальная база ў г. Масты; спарткомплексы «Ліда» і «Алімп» у Лідзе, коннаспарт. комплекс «Ніва» ў Лідскім р-не (в. Дворышча), спарткомплексы і басейны дзіцяча-юнацкіх спарт. школ і інш.

У Магілёўскай вобласці 52 найб. значныя спарт. аб’екты, у т. л. Палац спорту і лядовы палац, спорткомплекс «Дняпро», спорткамбінат «Лакаматыў», веславальная база ў Магілёве; спарткомплекс «Геліяс», веславальная база ў Бабруйску; Палац спорту ў Быхаве, спарткомплекс у Клічаве, база «Алімпіец» (в. Шчакава Бабруйскага р-на) і інш.

У Мінскай вобласці 89 спарт. аб’ектаў, найб. значныя з іх — Дом фізкультуры ў Маладзечне, фізкультурна-аздараўленчыя комплексы (ФАК) «Атлет» і «Лагойскі» ў Лагойску, спорткомплекс «Юнацтва» ў Плешчаніцах, спорткамбінат у Барысаве, ФАКі, стадыёны ў раённых цэнтрах, пры буйных прадпрыемствах і інш.

У.​В.​Міневіч, А.​М.​Петрыкаў.

Спартыўны комплекс «Раўбічы»: 1 — універсальная спартыўная зала; 2 — трампліны.
Крыты басейн Рэспубліканскага водна-спартыўнага камбіната (Мінск).
Пад’ёмнік гарналыжнага комплексу пад Лагойскам.
Стадыён Віцебскага цэнтральнага спартыўнага комплексу.

т. 18, кн. 2, с. 406

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)