ВАЛАА́МСКІ МАНАСТЫ́Р,
Спаса-Праабражэнскі, гісторыка-архітэктурны і прыродны музей-запаведнік у Карэліі. Засн. як мужчынскі манастыр не пазней як у пач. 14 ст. на в-ве Валаам у Ладажскім возеры грэч. манахамі Сергіем і Германам. Знаходзіўся на мяжы наўгародскіх уладанняў, служыў крэпасцю і шмат разоў адбіваў напады шведска-фінскіх атрадаў, у 1611 спустошаны імі. У 1715 адноўлены паводле ўказа Пятра I. Арх. помнікі 18—19 ст.: Спаса-Праабражэнскі сабор, цэрквы Успення, Нікольская, Пятра і Паўла і інш. У 19 ст. буйны рэліг., эканам. і культ. цэнтр. У 1917—40 на тэр. Фінляндыі. У час сав.-фінл. вайны манахі пакінулі яго. З 1945 дом-інтэрнат для інвалідаў Вял. Айч. вайны. З 1979 музей-запаведнік. У 1988 перададзены Рус. правасл. Царкве.
т. 3, с. 468
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВАЛАА́МСКІЯ АСТРАВЫ́,
група астравоў у паўн.-зах. частцы Ладажскага возера, у Карэліі (Расійская Федэрацыя). Уключае в-аў Валаам (пл. 28 км²) і больш за 50 дробных астравоў. Агульная пл. 36 км². Выш. да 70 м. Складзены з гранітаў і дыябазаў. Берагі моцна парэзаныя (шхеры). Большая ч. Валаамскіх астравоў укрыта хваёвымі лясамі і насаджэннямі. З 1979 гісторыка-арх. і прыродны музей-запаведнік Валаамскі манастыр. На в-ве Валаам — гар. пасёлак Валаам. Культавыя, гасп. і жылыя пабудовы 19 — пач. 20 ст. Помнік маракам Ладажскай ваен. флатыліі. Турызм.
В.П.Кісель.
т. 3, с. 468
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)