БАРТКЕ́ВІЧ (Леанід Леанідавіч) (н. 25.5.1949, Мінск),
бел. эстрадны спявак. Засл. арт. Беларусі (1979). У 1970—80 саліст-вакаліст ансамбля «Песняры» (найб. адказныя сола ў работах «Гусляр» І.Лучанка і «Песня пра долю» У.Мулявіна). У 1983—89 саліст Бел. тэлебачання і радыё. Запісаў з ансамблем і сола шмат бел. нар. песень на магнітную стужку і грампласцінкі (некат. ў дуэце з Данчыкам). З 1989 у ЗША.
т. 2, с. 320
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЗЯМЕ́ШКА (Аляксандр Сяргеевіч) (н. 24.4.1947, г. Брэст),
бел. эстрадны артыст, выканаўца на ўдарных інструментах. Засл. арт. Беларусі (1979). Вучыўся ў Брэсцкім муз. вучылішчы (1964—66). У 1969—88 ударнік вак.-інстр. ансамбля «Песняры», выконваў адказныя сола як ударнік (у т. л. ў нар. песнях «Забалела ты, мая галованька», «Чарачка мая», «Галава — два вухі») і як вакаліст. З 1989 у Маскве ў артыстычных кааператывах (у т. л. «Песня»), з 1997 нам. начальніка канцэртнага аддзела акц. т-ва «Лужнікі».
т. 6, с. 139
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«РО́ЛІНГ СТОЎНЗ»
(Rolling Stones),
англійская рок-група. Створана ў 1962 у Лондане. У першым складзе: арганізатары і кіраўнікі М.Джагер (вакаліст) і К.Рычардс (гітарыст), а таксама Ч.Уотс (барабаны), Б.Джонс (гітара), Б.Уаймэн (бас-гітара), з 1991 — Джагер, Рычардс, Уотс, Р.Вуд. У першыя гады існавання ў рэпертуары пераважна творы рок-н-рола, песні дуэта Джагер-Рычардс. З канца 1960-х г. выконваюць толькі ўласныя песні, створаныя на аснове блюза. Сярод альбомаў: «Афтэмэс» (1966), «Стыл Вілс» (1989), «Брыджэс ту Бабілон» (1997). Група — лідэр сярод рок-музыкантаў па колькасці «залатых», «плацінавых» і «мультыплацінавых» альбомаў.
Дз.А.Падбярэзскі.
т. 13, с. 404
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НАВУ́МЕНКА (Якаў Паўлавіч) (н. 28.3.1959, г. Орша Віцебскай вобл.),
бел. эстрадны спявак. Засл. арт. Беларусі (1997). Скончыў Мінскае муз. вучылішча імя М.І.Глінкі (клас хар. дырыжыравання, 1984), Маскоўскі муз.-пед. ін-т імя Гнесіных (клас вакалу, 1992). З 1984 артыст ансамбля нар. музыкі «Свята», саліст Дзярж. акад. нар. хору Беларусі імя Г.Цітовіча, з 1990 — Нац. тэлерадыёкампаніі і ансамбля нар. музыкі «Бяседа» (1992—97), з 1993 саліст-вакаліст Дзярж. аркестра сімф. і эстр. музыкі Беларусі. Валодае голасам прыгожага барытанальнага тэмбру. Яго выкананне вылучаецца яскравай сцэнічнасцю, шчырасцю, эмацыянальнай выразнасцю. У рэпертуары эстр. песні бел. кампазітараў, шэраг уласных песенных твораў на словы бел. паэтаў, у т. л. «Іншапланецянка», «Колькі год Беларусі», «Ночка-чараўніца», «Арабінавы сум», «Не хадзіце, мае хлопчыкі», «Я вымалю цябе», «Мне ўсё верыцца», «Дзяўчына-красуня» і інш.
Г.М.Загародні.
т. 11, с. 112
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)