ВА́ЙШЫІ (санскр.),

члены адной з 4 варнаў (саслоўяў) у Стараж. Індыі. У дакласавы перыяд да вайшаў адносілі паўнапраўных сапляменнікаў (побач з кшатрыямі і брахманамі). У класавым грамадстве вайшамі наз. свабодныя паўнапраўныя абшчыннікі, земляробы, жывёлаводы, пазней некаторыя рамеснікі і гандляры. У сярэднія вякі вайшамі называлі пераважна гандляроў.

т. 3, с. 462

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВА́РНА (санскр.),

тэрмін для абазначэння 4 асн. саслоўяў у Стараж. Індыі (брахманы — жрацы, кшатрыі — воіны, вайшыі — радавыя супляменнікі, шудры — слугі абшчыны). Прыналежнасць да варны вызначалася нараджэннем. Члены першых трох варнаў у дзяцінстве праходзілі абрад пасвячэння, які лічылі другім нараджэннем, таму наз. «двойчы народжанымі». Шлюбы паміж прадстаўнікамі розных варнаў забараняліся. З сярэдзіны 1-га тыс. да н.э. пачаўся працэс ператварэння сістэмы варнаў у сістэму кастаў. У сярэднія вякі пераважаў падзел на касты.

т. 4, с. 10

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)