ВАЗ,

сям’я легкавых аўтамабіляў, якія выпускаюцца Волжскім аўтамаб. з-дам з 1970 (г. Тальяці, Расія). Кузаў нясучы тыпу седан, універсал або комбі. Мадэлі 2101—2107 класічнай кампаноўкі маюць назву «Жыгулі», поўнапрывадная мадэль 2121 — «Ніва», пярэднепрывадныя 2108 — «Лада-Спадарожнік», 2109 і 21099 — «Лада-Самара» і асабліва малая мадэль — «Лада-Ака» (аб’ём цыліндраў 0,65 л; разам з КАМАЗам); мадэлі, што ідуць на экспарт, — «Лада». Рабочы аб’ём рухавіка да 1,6 л, магутнасць да 58 кВт, скорасць да 155 км/гадз.

Аўтамабілі ВАЗ: «Лада Ніва 4ВД» (уверсе); «Лада Самара 5д».

т. 3, с. 447

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«НІ́ВА»,

поўнапрывадны легкавы аўтамабіль, гл. ў арт. ВАЗ.

т. 11, с. 310

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«ЖЫГУЛІ́»,

марка легкавых аўтамабіляў Волжскага аўтамаб. з-да (г. Тальяці, Расія). Гл. ў арт. ВАЗ.

т. 6, с. 462

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«ЛА́ДА»,

марка легкавых аўтамабіляў Волжскага аўтамаб. з-да (г. Тальяці, Расія), якія ідуць на экспарт. Гл. ў арт. ВАЗ.

т. 9, с. 94

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СУ́РМАЧ Аляксандр Мікалаевіч (8.11.1941, в. Візна Падляскага ваяв., Польшча —28.11.1985),

бел. мастак дэкар.-прыкладнога мастацтва. Скончыў Бел. тэатр.-маст. ін-т (1972). З 1972 на Барысаўскім камбінаце прыкладнога мастацтва. Працаваў у галіне маст. керамікі (пераважна шамоце). Стварыў камплект дэкар. ваз і ваз-кашпо для адм. будынка аб’яднання «Хімвалакно» ў Магілёве (1976), дэкар. кампазіцыю «Поры года» і керамічную агароджу для Палаца культуры ў г. Беразіно (1978), камплект дэкар. блюд для рэстарана «Гродна» ў Гродне (1979), рэльеф «Музыка» для Палаца культуры тэкстыльшчыкаў у Мінску (1984), пласты «Вечар на Бярэзіне» (1979), «Кавалерыйская атака» (1982), «Салют Перамогі» (1985), дэкар. скульптуру «Песняры» (1984), «Усе на футбол» (1985), фантан «Дожджык» у в. Верцялішкі Гродзенскага р-на (1973). Праз падкрэсліванне спецыфікі матэрыялу, спалучэнне традыц. форм і аўтарскай канцэпцыі дасягаў пластычнай выразнасці кампазіцыі, маст. завершанасці.

Л.​Ф.​Салавей.

А.Сурмач. Фантан «Дожджык». Вёска Верцялішкі Гродзенскага раёна. 1973.

т. 15, с. 281

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДУ́РЫС (Duris),

старажытнагрэчаскі мастак 1-й трэці 5 ст. да н.э.; прадстаўнік «строгага стылю». Працаваў у Атыцы, размалёўваў вазы. Захавалася каля 280 ваз (39 з іх падпісаныя) з яго жанравымі і міфалагічнымі размалёўкамі (вытанчаныя па малюнку, з падоўжанымі прапорцыямі фігур), у т. л. амфара «Атлет і Ніке», кілікі «Эас з целам Мемнана», «Заняткі ў школе», «Сілены весяляцца» і інш.

Дурыс. Сілены весяляцца. Каля 480 г. да н.э.

т. 6, с. 264

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАРАПЕ́Т (франц. parapet ад італьян. parapetto ад parare абараняць + petto грудзі),

невысокая суцэльная сценка, якая агароджвае пакрыццё будынка, тэрасу, балкон, набярэжную, мост і інш. Часта бывае пастаментам для дэкар. ваз і статуй. Вядомы са старажытнасці ў архітэктуры Грэцыі і Рыма. Найб. шырока выкарыстоўваўся ў архітэктуры стыляў рэнесансу, барока і класіцызму. У выглядзе П. робяць парадныя агароджы ўчасткаў сквераў і паркаў (П. вакол Цэнтральнага сквера ў Мінску, 1999).

Парапеты вакол Цэнтральнага сквера ў Мінску. 1999.

т. 12, с. 90

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НІ́ША (ад франц. niche гняздо) у архітэктуры, паглыбленне ў сцяне будынка ці збудавання для пластычнага ўзбагачэння фасадаў і інтэр’ераў, аблягчэння канструкцыі, устаноўкі статуй, ваз і інш. Бываюць прамавугольныя, лучковыя, арачныя, круглыя, паўцыркульныя, складанай формы, без абрамленняў або ўпрыгожаныя прафіляванымі архівольтамі, сандрыкамі і інш. Н. ў ваеннай справе — заглыбленне ў сценцы акопа, траншэі і інш. для захоўвання боепрыпасаў, харчавання, аховы ваеннаслужачых ад паражальных сродкаў і непагоды. У слабых грунтах сценкі і столь Н. часам абшываюць дошкамі ці падручным матэрыялам.

Ніша.
Ніша ў сценцы траншэі.

т. 11, с. 355

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

УГРЫНО́ВІЧ Уладзімір Вікенцьевіч (13.1.1941, Мінск —9.5.1994),

бел. мастак-кераміст, педагог. Скончыў Бел. тэатр.-маст. ін-т (1970), з 1970 выкладаў у ім. Працаваў у тэхніцы керамікі. Стварыў ганчарныя формы, засн. на бел. нар. традыцыях: кампазіцыі з дэкар. ваз (1978), дэкар. формы «Рытмы росту» (1982), «Подых зялёнага ветру» (1988), «Успаміны пра лета» (1993), набор керамікі для летніка (1992) і інш. Аўтар навук. і метадычных прац па бел. дэкар.-прыкладным мастацтве. Адзін з аўтараў альбома «Беларуская кафля» (1989).

У.Угрыновіч. Подых зялёнага ветру. 1988.

т. 16, с. 162

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ІВАНЬКО́ВА Валянціна Уладзіміраўна (н. 26.9.1953, г. Слаўгарад Магілёўскай вобл.),

бел. мастак-кераміст. Скончыла Бел. тэатр.-маст. ін-т (1980). З 1987 працуе на Барысаўскім камбінаце прыкладнога мастацтва. Работам уласцівы дэкар. пластычнасць кампазіцыі, мякка-лірычная каляровая гама. Аўтар манум. пано «Гасціннасць» (1987—88, Палац культуры саўгаса «Рудакова» Віцебскага р-на), «Купалле» (1989, Магілёўскі дом-інтэрнат для інвалідаў і састарэлых). Сярод твораў дэкар. скульптуры «Мір» (1986), «Дыялог», «Стварэнне свету», «Мацярынства» (усе 1996), «Міфатворчасць» і «Выгнанне» (абедзве 1997), серыі ваз, медалёў і дэкар. пластоў.

В.Іванькова. Дэкаратыўнае пано «Купалле». 1989.

т. 7, с. 156

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)