Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВАДЗЯНЫ́Я ЗНА́КІ, філігрань,
бачныя на прасвет відарысы (узор, малюнак, штрыхоўка, тэкст) на паперы, якія наносяцца ў працэсе яе вырабу; своеасаблівая марка вытворцы паперы. Атрымліваюцца ў працэсе адлівання паперы з дапамогай валіка — эгуцёра, на сетцы якога нанесены рэльеф (філігрань) адпаведнай выявы.
Упершыню вадзяныя знакі з’явіліся ў Італіі ў 13 ст. З 2-й чвэрці 16 ст. першыя вадзяныя знакі зроблены на мясц. паперы ў Вільні. У 2-й пал. 16—17 ст. мясцовымі вадзянымі знакамі пазначана прадукцыя паперняў Радзівілаў у Слуцку, Любані, Алыку, Кавячынскіх у Нясвіжы і Уздзе, Сапегаў у Гальшанах і інш.Асн. сюжэтамі вадзяных знакаў на паперы мясц. вырабу ў 16—19 ст. былі гербы шляхецкіх родаў, у 18—19 ст. — таксама выявы чалавечых фігур, жывёл, птушак і інш.
У наш час вадзяныя знакі наносяцца на паперу, якая ідзе на выраб грошай, дакументаў, каштоўных папер, каб пазбегнуць падробак. Папера з вадзянымі знакамі ў выглядзе падоўжных і папярочных палос («вежэ») выкарыстоўваецца на форзацы і вокладках кніг. Вадзяныя знакі вывучаюцца філіграналогіяй. У кнігазнаўстве дапамагаюць дакладна датаваць рукапісы і старадрукаваныя выданні.
Г.Я.Галенчанка, У.М.Сацута.
Вадзяныя знакі на паперы: 1 — Полацкага евангелля (15 ст.); 2 — «Апостала» (1460); 3, 4 — Біблейскага зводу (1-я пал. 16 ст. і 1514); 5 — мінеі (16 ст.); 6, 7 — «Псалтыра» Ф.Скарыны (1517 і 1522); 8 — рукапіснага збору з прадмовай В.Цяпінскага (1570-я г.); 9 — рукапісу твораў І.Кунцэвіча (каля 1610); 10 — паслання слуцкага архіепіскапа М.Казачынскага (1753).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВАДЗЯНЫ́Я КЛАПЫ́,
група сямействаў атр. паўцвердакрылых. Найб. вядомыя сям.весляроў, гладышоў, беластаматыдаў (Belostomatidae), вадзяных скарпіёнаў (Nepidae), клапоў-прыбярэжнікаў (Saldidae), плаўтаў (Naucoridae), сапраўдных вадамерак (Gerridae). Больш за 1600 відаў. Пераважна цеплалюбівыя. На Беларусі больш за 30 відаў. Трапляюцца ў вадаёмах і на вільготных берагах, найб. вядомыя вадзяны скарпіён, звычайны гладыш, вясляр, ранатра, вадамерка і інш.
Даўж. 2—120 мм. Многія добра плаваюць і лётаюць. Дыхаюць у асноўным атм. паветрам. Яйцы адкладаюць на водныя расліны або ў іх тканкі. Драпежнікі: кормяцца дробнымі воднымі насякомымі, маляўкамі рыб. Вясляр дыдымус (Agabus didymus) занесены ў Чырв. кнігу Беларусі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АБМАРАЖЭ́ННЕ,
пашкоджанне тканак арганізма ўздзеяннем нізкіх тэмператур. Абмаражэнню садзейнічаюць высокая вільготнасць халоднага паветра, слабая супраціўляльнасць арганізма, цесныя абутак і адзенне.
Адрозніваюць 4 ступені абмаражэння: 1-я — сінюшная ацёчная скура, боль і сверб; 2-я — пашкоджанне паверхневага слоя скуры, вадзяныя пухіры; 3-я амярцвенне скуры і падскурнай клятчаткі, крывяністыя пухіры; 4-я — амярцвенне мяккіх тканак і касцей. Лячэнне: 1-я і 2-я ступені — саграванне (вадзяныя ванны з т-рай 18—20 °C, потым 35—40 °C з адначасовым масажам; фізіятэрапія — сухое цяпло, кварцавае апрамяненне); 3-я і 4-я ступені — хірургічнае. Прафілактыка: загартоўванне арганізма, зручнае адзенне і абутак, своечасовая дапамога пры першых прыкметах абмаражэння.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГУТА́ЦЫЯ (ад лац. gutta кропля),
выдзяленне раслінамі лішку кропельнавадкай вады і солей праз вадзяныя вусцейкі — гідатоды. Назіраецца ў многіх, асабліва травяністых раслін, у цёплае і вільготнае надвор’е, калі запаволена транспірацыя (напр., у суніцы, гусялапкі, вербаў, таполяў і інш.).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КРЫ́НКАЎСКАЯ ЦУКРО́ВАЯ ФА́БРЫКА.
Дзейнічала ў 1842—64 спачатку як мануфактура ў маёнтку Крынкі Аршанскага пав. (цяпер в. Крынкі ў Лёзненскім р-не Віцебскай вобл.). Мела вадзяныя, конныя і агнявыя рухавікі (з 1861 — паравы), 14 чанаў, 2 халадзільныя ўстаноўкі. У 1859 працавала 50 чал. Прадукцыя збывалася ў Аршанскім і суседніх паветах.