ВАДАСВІ́НКА,

капібара (Hydrochoerus hydrochaeris), млекакормячае сям. вадасвінкавых атр. грызуноў. Пашырана ў Цэнтр. і Паўд. Амерыцы. Жыве на берагах вадаёмаў і на балотах у трапічных лясах.

Самы буйны з сучасных грызуноў — даўж. цела 100—130 см, выш. ў карку каля 50 см, маса да 60 кг і больш. Укрыта рэдкімі, доўгімі (да 10 см) і грубымі валасамі. Спіна рыжавата-бурая або шараватая, бруха жаўтавата-бурае. Канечнасці доўгія, галава выцягнутая, спераду тупая. Паміж пальцамі няпоўныя плавальныя перапонкі. Вядзе паўводны спосаб жыцця, добра плавае і нырае. Жыве групамі. Раз у год нараджае 2—8 дзіцянят. Корміцца прыбярэжнай і воднай расліннасцю. Аб’ект промыслу (мяса, скура). Добра прыручаецца, ёсць спробы зрабіць свойскай. Колькасць скарачаецца.

т. 3, с. 434

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГРЫЗУНЫ́

(Rodentia),

найбольш шматлікі атрад класа млекакормячых. 33 сям., каля 1600 відаў (паводле інш. звестак да 2000 відаў), што складае 40% ад відаў млекакормячых сусв. фауны. Вядомы з пач. палеацэну. Узніклі, магчыма, ад агульных продкаў з насякомаеднымі. Пашыраны на ўсіх мацерыках, акрамя Антарктыды. Найб. разнастайныя і шматлікія ў адкрытых ландшафтах умеранага і субтрапічнага паясоў, асабліва ў арыдных зонах. Найб. пашыраны вавёркавыя (гл. Вавёркі), палятухі, бабры, нутрыевыя (гл. Нутрыя), марскія свінкі, соні, тушканчыкавыя (гл. Тушканчыкі), мышоўкавыя (гл. Мышоўкі), мышыныя (гл. Мышы), слепаковыя (гл. Слепакі) і інш. 15 відаў і 4 падвіды ў Чырв. кнізе МСАП. На Беларусі 7 сям., 24 віды. Насяляюць палі, лясы, сады, поймы рэк, зараснікі па берагах вадаёмаў, трапляюцца каля жылля і ў будынках. 3 віды — соня арэшнікавая (Muscardinus avellanarius), соня садовая (Eliomus quercinus) і палятуха звычайная (Pteromys volans) занесены ў Чырвоную кнігу Беларусі.

Даўж. цела ад 5 (мышоўкі) да 130 см (вадасвінка), маса ад 6 г да 60 кг. Валасяное покрыва (шчацінне або іголкі) ад густога, мяккага да рэдкага. Разцы развітыя, увесь час растуць і вострацца пры сціранні, карэнныя зубы з шырокай жавальнай паверхняй, аддзеленыя ад разцоў прамежкам — дыястэмай. Пераважна расліннаедныя. Вельмі пладавітыя, у многіх некалькі прыплодаў за год. Грызуны — корм для драпежных птушак і млекакормячых. Многія — захавальнікі і пераносчыкі прыродна-ачаговых хвароб, шкоднікі, аб’екты промыслу.

Літ.:

Жизнь животных. Т. 7. 2 изд. М., 1983;

Соколов В.Е. Фауна мира. Млекопитающие. М., 1990.

Л.В.Кірыленка.

т. 5, с. 479

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)