Вадародны паказчык 2/486, 542—543; 5/95; 6/55
Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)
ВАДАРО́ДНЫ ПАКА́ЗЧЫК (pH),
велічыня, якая характарызуе канцэнтрацыю (актыўнасць) іонаў вадароду ў растворах. Лікава роўны адмоўнаму дзесятковаму лагарыфму канцэнтрацыі [H+] (актыўнасці) вадародных іонаў H+, якая выражана ў молях на літр (моль/л): pH=-lg[H+]. Водныя растворы маюць pH ад 1 да 14: у нейтральных pH=7, у кіслых pH < 7, у шчолачных pH > 7. Пастаянства вадароднага паказчыку падтрымліваецца буфернымі растворамі. Вызначаюць pH з дапамогай кіслотна-асноўных індыкатараў, больш дакладна — патэнцыяметрычна (гл. Патэнцыяметрыя). Гл. таксама Кіслотна-шчолачная раўнавага.
т. 3, с. 434
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІНДЫКА́ТАРЫ ХІМІ́ЧНЫЯ,
арганічныя і неарган. рэчывы, якія дазваляюць устанавіць канец хім. рэакцыі, вадародны паказчык асяроддзя па лёгка бачных зменах (звычайна па змене колеру раствору). Упершыню выкарыстаны англ. вучоным Р.Бойлем (1663). І.х. карыстаюцца пераважна ў тытраметрычным аналізе для вызначэння канчатковага пункта тытравання (пункта эквівалентнасці). У адпаведнасці з тытраметрычнымі метадамі адрозніваюць кіслотна-асноўныя (напр., фенолфталеін), акісляльна-аднаўляльныя (напр., дыфеніламін, акісленая форма якога мае фіялетавы колер, адноўленая — бясколерная), адсарбцыйныя і камплексонаметрычныя.
Літ.:
Индикаторы: Пер. с англ. Т. 1—2. М., 1976.
т. 7, с. 244
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КВА́НТАВЫЯ СТАНДА́РТЫ ЧАСТАТЫ́,
устройствы для атрымання эл.-магн. ваганняў з вельмі стабільнай у часе частатой або для дакладнага вымярэння частаты ваганняў. З’яўляюцца асновай эталонаў часу і даўжыні, шырока выкарыстоўваюцца ў вымяральнай тэхніцы, навігацыі, метралагічнай службе.
Заснаваны на выкарыстанні найб. стабільных квантавых пераходаў (у звышвысокачастотным і аптычным спектрах) атамаў, іонаў або малекул з аднаго энергет. ўзроўню на другі. Аснову К.с.ч. складае квантавы рэпер частаты — прыстасаванне, якое дазваляе назіраць выбраную спектральную лінію, а таксама электронная схема пераўтварэння частаты рэпера ў іншыя частотныя дыяпазоны. У актыўных К.с.ч. выкарыстоўваецца індуцыраванае выпрамяненне эл.-магн. хваль, частата якіх служыць стандартам або апорнай частатой. Па сутнасці гэта квантавыя генератары, разнавіднасцямі якіх з’яўляюцца: вадародны генератар (актыўным асяроддзем служыць атамарны вадарод, што выпраменьвае на даўжыні хвалі λ=21 см з надзвычай малой шырынёй спектральнай лініі); малекулярны генератар (на пучку малекул аміяку); лазер на вуглякіслым газе. У пасіўных К.с.ч. частата ваганняў, якая вымяраецца, параўноўваецца з частатой ваганняў, адпаведных пэўнай спектральнай лініі. Да іх належыць К.с.ч. на пучку атамаў цэзію (цэзіевая атамна-прамянёвая трубка), які працуе ў рэжыме квантавага гадзінніка (хібнасць 10−14). Ёсць таксама актыўныя і пасіўныя К.с.ч. з аптычнай напампоўкай пары цэзію або рубідыю.
Літ.:
Григорьянц В.В., Жаботинский М.Е., Золин В.Ф. Квантовые стандарты частоты. М., 1968;
Время и частота: Пер. с англ. М., 1973.
Г.С.Круглік.
т. 8, с. 210
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)