О́ПАЛЬСКІ РАССТРЭ́Л 1905,

расстрэл царскімі войскамі сялян в. Опаль і Лядавічы Кобрынскага пав. 5, 6 і 22 снеж. сяляне в. Опаль і Лядавічы спынілі ўсе работы і ў пісьмовай форме выставілі аканому маёнтка патрабаванні: аддаць ім 600 дзес. зямлі, адмяніць адработкі за пашу, вадапой і за праезд да надзелаў, павысіць аплату працы ў маёнтку з 20 кап. да 1 руб. ў дзень, выплаціць ім 120 тыс. руб. за несправядлівае карыстанне памешчыкам спрэчных зямель. 10 снеж. забаставалі 50 батракоў. Памешчык не згадзіўся з патрабаваннямі і выклікаў роту салдат для аховы. На сходзе сяляне вырашылі захапіць маёнтак. 30 снеж. каля 700 чал. з абедзвюх вёсак пайшлі да сядзібы Салдаты адкрылі агонь: забілі 5 і цяжка паранілі 7 чал., 31 снеж. сяляне абяззброілі патруль і праніклі ў маёнтак. Быў забіты яшчэ 1 селянін. У маёнтак прыбыў эскадрон драгун, павет аб’яўлены на становішчы ўзмоцненай аховы.

К.​І.​Шабуня.

т. 11, с. 438

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАЛАДЗІШЧА́НСКАЕ ПАТРЫЯТЫ́ЧНАЕ ПАДПО́ЛЛЕ Дзейнічала з ліп. 1941 да ліп. 1944 у Каладзішчанскім с/с Мінскага р-на ў Вял. Айч. вайну. У ліп. створана група на чыг. ст.

Калодзішчы (кіраўнікі М.​М.​Афанасьеў, С.​Э.​Эрдман), у кастр. — у пас. Калодзішчы (А.​Я.​Радзюк, А.​С.​Старасціна), у канцы 1941 — група з тэхн. работнікаў ням. лазарэта (Л.​М.​Сакалова), вясной 1942 — маладзёжная група (М.​І.​Казлоўскі М.​І.​Каласоўскі, В.​Л.​Панасюк), у в. Старына і Вадапой (Я.​І.​Міранкоў). Да канца 1942 падполле налічвала 5 груп (каля 70 чал.), якія аб’яднала і ўзначаліла чл. Мінскага патрыят. падполля М.Ф.Млаковіч. Падпольшчыкі вялі паліт. агітацыю, прымалі па радыё і распаўсюджвалі зводкі Саўінфармбюро, падп. газ. «Звязда», лістоўкі, зрывалі мерапрыемствы гітлераўцаў, мелі сувязь з партыз. брыгадамі «Разгром», «Дзядзькі Колі», імя Шчорса і інш., перадалі ім шмат зброі, 1000 камплектаў амуніцыі з пакінутых пры адступленні сав. войскамі армейскіх складоў, медыкаменты, бланкі ням. дакументаў, разведданыя. Арганізавалі ўцёкі з лагераў смерці і пераправілі да партызан больш за 400 сав. ваеннапалонных і мясц. жыхароў, ням. афіцэра сувязі ВВС з каштоўнымі дакументамі, разам з партызанамі правялі некалькі дыверсій на чыгунцы.

Л.​В.​Аржаева.

т. 7, с. 447

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВОДАКАРЫСТА́ННЕ,

карыстанне водамі (воднымі аб’ектамі) для забеспячэння патрэб насельніцтва і гаспадаркі.

У заканадаўстве Рэспублікі Беларусь адрозніваецца водакарыстанне: паводле мэт — гасп.-пітное, прамысл., с.-г., транспартнае, энергет. і інш.; паводле спосабаў карыстання — забор вады з крыніцы без вяртання ў водны аб’ект (водазабеспячэнне, водаспажыванне), з вяртаннем (гідраэнергетыка і інш.), без адбору вады (суднаходства, рыбагадоўля, гадоўля вадаплаўных птушак), а таксама для скідвання сцёкавых вод; паводле тэхн. умоў — агульнае, без выкарыстання гідратэхн. збудаванняў і абсталявання, і спец., з выкарыстаннем іх; паводле ўмоў перадачы водных аб’ектаў у карыстанне — сумеснае (калі водным аб’ектам карыстаецца некалькі арг-цый ці асоб) і адасобленае (калі крыніца вады замацавана за пэўнай арг-цыяй або асобай); паводле характару выкарыстання вады — як рэчыва з пэўнымі якасцямі, як масы і энергет. патэнцыялу, як асяроддзя жыцця; паводле падстаў узнікнення права водакарыстання — першаснае, калі водны аб’ект даецца ў карыстанне непасрэдна дзяржавай, і другаснае, калі даецца першым водакарыстальнікам. З улікам гэтай класіфікацыі вызначаюцца прававы рэжым розных аб’ектаў, права і абавязкі водакарыстальнікаў. Напр., агульнае водакарыстанне (купанне, вадапой жывёлы і інш.) ажыццяўляецца бясплатна і, як правіла, без дазволу дзярж. органаў; для спец. водакарыстання ва ўсіх выпадках патрабуецца папярэдні дазвол дзярж. органаў, у шэрагу выпадкаў яно можа быць платнае. Невыкананне пэўных патрабаванняў правіл водакарыстання цягне за сабой дысцыплінарную, крымін., адм. адказнасць. Парадак памежнага водакарыстання рэгулюецца міждзярж. дагаворамі і пагадненнямі.

А.​М.​Макарэвіч.

т. 4, с. 248

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГО́МЕЛЬСКІ РАЁН,

на У Гомельскай вобл. Утвораны 8.12.1926. Пл. 2,1 тыс. км². Нас. 73,6 тыс. чал. (1996), гарадскога 3,9%. Сярэдняя шчыльн. 35 чал. на 1 км². Цэнтр — г. Гомель, рабочы пас. Бальшавік, 188 сельскіх нас. пунктаў, 25 сельсаветаў: Аздзелінскі, Бабовіцкі, Глыбоцкі, Грабаўскі, Давыдаўскі, Даўгалескі, Дзятлавіцкі, Зябраўскі, Красненскі, Маркавіцкі, Пакалюбіцкі, Прыбарскі, Прыбыткаўскі, Рудня-Марымонаўскі, Старабеліцкі, Улукаўскі, Урыцкі, Целяшоўскі, Цярухскі, Цярэніцкі, Цярэшкавіцкі, Шарпілаўскі, Чарацянскі, Чанкаўскі, Яромінскі. Раён моцна пацярпеў у выніку аварыі на Чарнобыльскай АЭС (1986).

Раён размешчаны ў межах Гомельскага Палесся, паўн.-зах. частка — у межах Чачорскай раўніны. Паверхня пераважна нізінная, выш. 120—140 м, найвыш. пункт 160,3 м (каля в. Зябраўка). Карысныя выкапні: торф, гліны для грубай керамікі, пясок. Сярэдняя т-ра студз. -6,9 °C, ліп. 18,6 °C. Ападкаў 590 мм за год. Вегетац. перыяд 193 сут. Асн. рака Сож з прытокамі Іпуць, Вуць, Церуха, Уза. Пашыраны дзярнова-падзолістыя, дзярнова-падзолістыя забалочаныя, дзярнова і дзярнова-карбанатныя забалочаныя глебы. Лясы займаюць 34,9% тэр. раёна, пераважаюць хваёвыя, бярозавыя і дубовыя. Пад балотамі 14,1 тыс. га, найб. масівы — Кабылянскае балота, Вадапой, Жарэбна-Конскае балота.

Агульная плошча с.-г. угоддзяў 95 тыс. га, з іх асушаных 33,9 тыс. га. На 1.1.1996 у раёне 14 калгасаў, 19 саўгасаў, 3 птушкафабрыкі, саўгас «Цяплічны», 8 дапаможных гаспадарак. Асн. галіны сельскай гаспадаркі — мяса-малочная жывёлагадоўля, агародніцтва, бульбаводства. Прадпрыемствы буд. матэрыялаў, шкляной, харч. і паліўнай прам-сці. Гомель — чыг. вузел, напрамкі на Мазыр, Жлобін, Навазыбкаў (Расія), Бахмач, Чарнігаў (Украіна); аўтадарогі на Магілёў, Бабруйск, Калінкавічы, Чарнігаў, Навазыбкаў. Суднаходства па р. Сож. У раёне (без Гомеля) 2 ПТВ, 24 сярэднія, 13 базавых і 7 пач. школ, 9 муз. школ, школа-інтэрнат, 38 дашкольных устаноў, 43 клубы і дамы культуры, 48 б-к, 7 бальніц, 38 фельч.-ак. пунктаў. Курорт Чонкі, турбаза «Сож». Помнікі архітэктуры: царква (1-й пал. 19 ст.) у в. Гадзічава; царква Раства Багародзіцы (1881) і будынак царк.-прыходскай школы (канца 19 ст.) у в. Глыбоцкае; парк (2-й пал. 19 ст.) у в. Грабаўка; сядзібны дом («паляўнічы домік», 2-й пал. 19 ст.) у в. Каралёўка; паштовая станцыя (2-й пал. 19 ст.) за 3 км на У ад в. Сеўрукі; Мікалаеўская царква (1-й пал. 18 ст.) і сядзіба (канца 18 — пач. 19 ст.) у в. Старая Беліца; Успенская царква (1865—68) у в. Чарацянка. Помнік абаронцам Гомеля ў пачатку Вял. Айч. вайны ў в. Пакалюбічы. Выдаецца газ. «Маяк».

Г.​С.​Смалякоў.

т. 5, с. 348

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПІКАСО́, Пікаса [Picasso; сапр. Руіс-і-Пікаса (Ruiz y Picasso)] Пабла (25.10.1881, г. Малага, Іспанія — 8.4.1973), французскі мастак іспанскага паходжання; адзін з найбуйнейшых прадстаўнікоў авангардызму, заснавальнік (з Ж.Бракам) кубізму. Вучыўся ў школе прыгожых мастацтваў у Барселоне (з 1895) у свайго бацькі Х.​Руіса Бласка, акадэміі Сан-Фернанда ў Мадрыдзе (зіма 1897—98). З 1904 жыў у Францыі, пераважна ў Парыжы. Раннія жывапісныя творы [т.зв. «блакітны» (1901—04) і «ружовы» (1905—06) перыяды; назвы ад тонаў, якія дамінавалі ў каларыстычнай гаме] прысвечаны тэме трагічнай адзіноты, абяздоленасці і духоўнага ўбоства ніжэйшых слаёў грамадства, рамант. жыццю вандроўных камедыянтаў: «Стары жабрак з хлопчыкам», «Прасавальшчыца», «Бедная трапеза», «Дзяўчынка на шары», «Сям’я камедыянтаў з малпай» і інш. У той жа час працаваў пад уплывам П.​Пюві да Шавана, набідаў («Арлекін абапёрся»), А.​Тулуз-Латрэка, П.​Гагена («Жыццё»), Э.​Кар’ера («Маці і дзіця»), ісп. («Стары гітарыст») і грэч.Вадапой») мастацтва. У 1906—07 пад уздзеяннем афр. пластыкі і П.​Сезана імкнуўся да выяўлення значнасці твора праз спрашчэнне форм («Авіньёнскія дзяўчаты» і інш.), што абумовіла ўзнікненне ў яго творчасці кубізму: «Фабрыка ў Хорта дэ Эбра», «Партрэт Фернанда Аліўе» (абодва 1909), «Партрэт Амбруаза Валара» (1909—10), «Партрэт Канвейлера» (1910), «Скрыпка і вінаград» (1912), «Гітара і скрыпка» (1913), «Партрэт дзяўчыны» (1914), «Тры музыканты» (1921), «Мандаліна і гітара» (1924) і інш. З 1917 зноў вярнуўся і да фігуратыўнага жывапісу, у якім пераасэнсоўваў гіст. маст. стылі ў тагачаснай манеры: «Тры жанчыны каля крыніцы» (1921), «Дзве жанчыны на пляжы» (1922), «Флейта Пана», «Партрэт Вольгі», «Жанчына ў белым» (усе 1923), «Поль у касцюме П’еро» (каля 1923) і інш. У 1925 — пач. 1930-х г. працаваў у рэчышчы сюррэалізму: карціны «Купальшчыца сядзіць», «Жанчына ў крэсле» (абедзве 1929), «Постаці на беразе мора» (1931), «Люстэрка» (1932), скульптура «Мужчына з букетам» (1934) і інш. У графіцы пераважалі ант. матывы (ілюстрацыі да «Лісістраты» Арыстафана, 1934; серыя гравюр «Мінатаўрамахія», 1935, і інш.). У творах 1937—45 выявіў варварства фаш. рэжыму, трагізм і безвыходнасць эпохі: «Герніка», «Жанчына плача» (абодва 1937), «Кот і птушка» (1939), «Нацюрморт з бычыным чэрапам» (1942), «Бойня» (1944—45) і інш. З канца 1940-х г. пераважна інтэрпрэціраваў інтэрпрэтаваў* у сучасным стылі карціны старых майстроў («Партрэт мастака. У наследаванне Эль Грэка», «Дзяўчаты на беразе Сены. Паводле Курбэ», абедзве 1950; «Алжырскія жанчыны. Паводле Дэлакруа», 1955; «Меніны. Паводле Веласкеса», 1957; «Сняданак на траве. Паводле Манэ», 1960, і інш.), ствараў творы антываен. тэматыкі (малюнак «Голуб міру», 1947; карціна «Разня ў Карэі», 1951; пано «Мір» і «Вайна», 1952, і інш.), працаваў у скульптуры («Цяжарная жанчына», «Каза», абедзве 1950; «Малпа з малышом», 1952, і інш.), дэкар.-прыкладным мастацтве, графіцы. У 1970 адкрыты музей П. ў Барселоне, у 1985 — у Парыжы. Міжнар. прэмія Міру 1950, Міжнар. Ленінская прэмія 1962. Іл. гл. таксама да арт. Іспанія, Кубізм.

Літ.:

Голомшток И.Н., Синявский А.Д. Пикассо. М., 1960;

Графика Пикассо: [Альбом]. М., 1967;

Дмитриева Н.А. Пикассо. М., 1971;

Зубова М.В. П.​Пикассо. Актеры и клоуны: [Альбом]. М., 1976.

Т.​В.​Пешынс.

П.Пікасо.
П.Пікасо. Скрыпка і вінаград. 1912.

т. 12, с. 353

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)