ВА́ГНЕР (Wagner) Вільгельм Рыхард

(22.5.1813, г. Лейпцыг, Германія — 13.2.1883),

нямецкі кампазітар, дырыжор, муз. пісьменнік. Выхоўваўся ў артыстычнай сям’і, з ранніх гадоў захапляўся т-рам. З 1834 капельмайстар у оперных т-рах Магдэбурга, Кёнігсберга, Рыгі. У 1839—42 жыў у Парыжы, дзе пазнаёміўся з Берліёзам, Ф.Лістам і Дж.Меерберам. З 1843 дырыжор Прыдворнай оперы ў Дрэздэне. За ўдзел у Дрэздэнскім паўстанні 1849 абвешчаны дзярж. злачынцам. Пасля вымушанай эміграцыі жыў з 1864 у Мюнхене, з 1872 у Байройце, дзе па яго ініцыятыве пабудаваны Байройцкі тэатр. Яго светапогляд фарміраваўся пад уздзеяннем грамадска-паліт. падзей 1830—40-х г. Рэфарматар оперы, стваральнік муз. драмы, таленавіты паэт-драматург (лібрэтыст усіх сваіх опер), муз. публіцыст і тэарэтык муз. т-ра, заснавальнік (побач з Берліёзам) сучаснага мастацтва дырыжыравання. У літ. трактатах «Мастацтва і рэвалюцыя» (1849), «Мастацкі твор будучага» (1850), «Опера і драма» і «Зварот да маіх сяброў» (1851) Вагнер сфармуляваў асн. тэарэт. палажэнні сваёй опернай творчасці: неабходнасць стварэння універсальнага маст. твора, закліканага маральна ўздзейнічаць на масавую аўдыторыю; прызнанне за муз. драмай магчымасці дасягнення такога універсалізму шляхам сінтэзу мастацтваў (пластычнага, выяўл., паэт. і музычнага); патрэбнасць муз. драмы ў абагульненым, заснаваным на вечных філас эстэт. катэгорыях сюжэце, асновай якога, на яго думку, можа стаць толькі міф. Сюжэтныя матывы Вагнер браў пераважна з айч. міфаў і паданняў і, апрацоўваючы іх, раскрываў у алегарычнай форме трагедыю сучаснага яму жыцця. У лепшых творах эпічны размах, шчодрая маляўнічасць спалучаюцца з псіхал. экспрэсіўнасцю і філас. глыбінёй музыкі. Цалкам адмаўляючыся ад традыц. падзелу оперы на нумары, зліваючы рэчытатыўна-дэкламацыйны пачатак з арыёзным, Вагнер стварыў новы своеасаблівы тып опернай мелодыкі («бясконцая мелодыя»), разам з якой скразному разгортванню музыкі садзейнічае аркестравая партыя, засн. на перапляценні разнастайных лейтматываў. Узбагаціў аркестр новымі гучаннямі, унёс у гармонію незвычайныя мадуляцыі, храматызмы, складаныя акордавыя комплексы. Вак.-сімфанічны стыль мыслення, наватарская гармонія і аркестроўка (тэмбравая драматургія) Вагнера вельмі моцна паўплывалі на далейшае развіццё еўрап. музыкі ў цэлым.

Тв.:13 опер, у т. л. «Лятучы галандзец» (паст. 1843), «Тангейзер» (паст. 1845), «Лаэнгрын» (паст. 1850), тэтралогія «Пярсцёнак нібелунга» (паст. 1876; муз. драмы «Золата Рэйна», 1869; «Валькірыя», 1870; «Зігфрыд» і «Гібель багоў», 1876); «Трыстан і Ізольда» (1865), «Нюрнбергскія майстэрзінгеры» (1868), «Парсіфаль» (1882); 7 п’ес да «Фауста» І.В.Гётэ (1832); сімфонія (1832), уверцюры, маршы; ідылія «Зігфрыд» (1870) для малога сімф. арк; хары, рамансы, фп. п’есы.

Літ. тв.: Рус. пер. — Моя жизнь: Мемуары. Т. 1—4. СПб., 1911—12; Избр. работы. М., 1978.

Літ.:

Грубер Р.И. Рихард Вагнер, 1883—1933. М., 1934;

Чайковский П.И. Вагнер и его музыка // Полн. собр. соч. М., 1953. Т. 2;

Друскин М. Вагнер. 2 изд., М., 1963;

Рихард Вагнер: Ст. и материалы. М., 1974;

Левик Б.В. Р.Вагнер. М., 1978;

Галь Г. Брамс;

Вагнер;

Верди: Три мастера — три мира. М., 1986;

Рихард Вагнер: Сб. ст. М., 1987;

Overhoff K. Die Musikdranas R.Wagners. Leipzig, 1967;

Fischer-Dieskau D. Wagner und Nietzsche: der Mystagoge und sein Abtrünniger. Stuttgart, 1974;

Gregor-Dellin M. R. Wagner. München, 1980;

Richard-Wagner-Handbuch. Stuttgart, 1986;

Barth H. Internationale Wagner: Bibliographie, 1956—1960. Bayreuth, 1961.

Л.А.Сівалобчык.

т. 3, с. 430

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВА́ГНЕР Ягор Ягоравіч

(9.12.1849, г. Казань, Расія — 27.11.1903),

рускі хімік-арганік. Праф. (1882). Скончыў Казанскі ун-т (1874). З 1875 у Пецярбургскім, з 1886 у Варшаўскім ун-тах. Навук. працы па арган. сінтэзе. Адкрыў спосаб атрымання другасных спіртоў уздзеяннем на карбанільныя злучэнні цынку (1875, разам з А.М.Зайцавым), рэакцыю акіслення этыленавых злучэнняў (цыклаалефінаў, тэрпенаў, стэроідаў) 1%-ным растворам перманганату калію (1888, рэакцыя Вагнера), камфенавую перагрупоўку першага роду (1899, перагрупоўка Вагнера — Меервейна).

Літ.:

Старосельский П.И., Никулина Е.П. Е.Е. Вагнер, 1849—1903. М., 1977.

т. 3, с. 431

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВА́ГНЕР (Wagner) Ота

(13.7.1841, Вена — 11.4.1918),

аўстрыйскі архітэктар. Прадстаўнік стылю мадэрн. Вучыўся ў Палітэхнікуме (з 1857) і АМ (1861—63) у Вене, Буд. акадэміі ў Берліне (1860). Выкладаў у Венскай АМ (1894—1912). Чл. аб’яднання «Венскі Сецэсіён» (1899—1905). У кампазіцыйна мудрагелістых ранніх пабудовах (бальніца Штайнгоф у Вене, 1904—07) выкарыстоўваў складаны багаты дэкор. Пазней перайшоў да пошукаў рацыянальнасці і прастаты. У інтэр’еры паштамта і ашчаднай касы ў Вене (1904—12) выступіў як папярэднік функцыяналізму, выкарыстаўшы пазбаўленыя дэкору лёгкія, канструкцыйна выразныя формы і адкрытыя метал. канструкцыі.

т. 3, с. 430

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВА́ГНЕР Мікалай Пятровіч

(1829, г. Карпінск Свярдлоўскай вобл., Расія — 4.4.1907),

рускі заолаг, пісьменнік. Чл.-кар. Пецярбургскай АН (1898). Д-р прыродазнаўчых навук (1854), праф. Казанскага (з 1860) і Пецярбургскага (з 1871) ун-таў. Скончыў Казанскі ун-т (1849). Навук. працы па энтамалогіі, фауне беспазваночных Белага м. Адкрыў з’яву педагенезу (1862) — т.зв. дзіцячага размнажэння ў некат. беспазваночных жывёл. Сярод літ. прац. найб. вядомы «Казкі Ката-Мурлыкі» (1872).

Тв.:

Самопроизвольное размножение гусениц у насекомых. Казань, 1862;

Беспозвоночные Белого моря. Т. 1. СПб., 1885;

Романы, повести, сказки и рассказы. Т. 1—7. СПб., 1902—08.

т. 3, с. 430

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВА́ГНЕР Генрых Матусавіч

(н. 2.7.1922, г. Жырардаў, Польшча),

бел. кампазітар, педагог. Засл. дз. маст. Беларусі (1963). Нар. арт. Беларусі (1988). Вучыўся ў Варшаўскай кансерваторыі (1936—39). З 1939 на Беларусі. Скончыў Бел. кансерваторыю па класах фп. (1948) і кампазіцыі (1954). У 1962—95 выкладаў у Бел. пед. ун-це (з 1988 праф.). Муз. стылю Вагнера ўласцівыя тэатральнасць, якая выяўляецца ў вобразнай канкрэтнасці, апоры на бытавыя жанры, кантрастным супастаўленні муз. карцін, сцэн і партрэтаў, дынамічнасць развіцця, яркі каларыт і нац. акрэсленасць муз. мовы, спалучэнне класічных і сучасных сродкаў выразнасці. Сярод твораў: опера «Сцежкаю жыцця» (паст. 1980), тэлеопера «Ранак» (паст. 1967); балеты «Падстаўная нявеста» (паст. 1958), «Святло і цені» (паст. 1963), «Пасля балю» (паст. 1971); вак.-сімф. паэмы «Вечна жывыя» (1959), «Героям Брэста» (1975, прэмія Ленінскага камсамола Беларусі 1976); 4 сімфоніі, у т. л. 3-я «Памяці матуль» на словы Н.Гілевіча для дзіцячага хору, барытона і сімф. арк. (1992) і 4-я для сімф. арк. і нар. хору (1996); канцэрты: для сімф. арк. (1991), для фп. (1964, 1977, 1981), кларнета (1982), скрыпкі (1985) з арк., для цымбалаў з арк. нар. інструментаў (1985); Канцэрт-паэма для хору а капэла (1995); камерна-інстр. ансамблі, хары, рамансы, песні; музыка да драм. спектакляў і кінафільмаў.

Літ.:

Нісневіч С.Г. Генрых Вагнер. Мн., 1969;

Щербакова Т.А. Штрихи к портрету симфониста // Сов. музыка. 1976. № 8.

Р.М.Аладава.

т. 3, с. 430

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Вагнер А. 4/231

Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)

Вагнер З. 3/444

Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)

Вагнер Ш. 3/20—21 (укл.)

Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)

Паўль-Вагнер (сорт бульбы) 2/464—465 (укл.)

Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)

Вагнер О. 1/476, 587; 3/13; 6/528

Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)