Вагальны контур 2/538; 3/285; 9/43, 246; 10/464; 11/446

Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)

ВАГА́ЛЬНЫ КО́НТУР,

электрычны ланцуг, у якім могуць адбывацца ваганні з частатой, што вызначаецца параметрамі самога ланцуга. Найб. просты вагальны контур складаецца са шпулі індуктыўнасці і кандэнсатара і выкарыстоўваецца як рэзанансная сістэма радыётэхн. прылад у дыяпазоне частот ад 50 кГц да 300 МГц (на больш высокіх частотах — двухпровадныя і кааксіяльныя лініі перадачы, аб’ёмныя і адкрытыя рэзанатары).

У ідэальным вагальным контуры ўзбуджаюцца свабодныя гарманічныя ваганні, у рэальным з-за страт энергіі амплітуда ваганняў паступова змяншаецца, а перыяд павялічваецца (ваганні затухаюць). Якасць вагальнага контуру вызначаецца дыхтоўнасцю вагальнай сістэмы. Калі ў вагальны контур уключыць генератар пераменнага току, праз некаторы час у ім усталююцца вымушаныя ваганні з частатой генератара. Залежнасць амплітуды такіх ваганняў ад частаты наз. рэзананснай характарыстыкай контуру. Рэзкае павелічэнне амплітуды назіраецца пры частотах, блізкіх да ўласнай частаты вагальнага контуру (гл. Рэзананс).

П.​С.​Габец.

Пераўтварэнні энергіі ў вагальным контуры: 1 — шпуля індуктыўнасці; 2 — кандэнсатар; 3 — крыніца сілкавання (батарэя); 4 — электрычнае поле; 5 — напрамак электрычнага току; 6 — магнітнае поле.

т. 3, с. 427

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

хвалі,

вагальны рух воднай масы.

т. 16, с. 570

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КО́НТУР ЭЛЕКТРЫ́ЧНЫ,

любы замкнуты шлях, які праходзіць па некалькіх галінах эл. ланцуга. Часам К.э. называюць вагальны контур.

т. 8, с. 411

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЛО́КІНГ-ГЕНЕРА́ТАР,

рэлаксацыйны генератар з глыбокай трансфарматарнай адваротнай сувяззю. Выпрацоўвае імпульсы малой працягласці, якія паўтараюцца праз параўнальна вял. прамежкі часу. Можа працаваць у аўтавагальным або чакальным рэжыме.

Асн. якасці блокінг-генератара: прастата будовы, лёгкая сінхранізацыя і стабілізацыя ваганняў, магчымасць атрымаць вял. магутнасць у імпульсе пры малой сярэдняй магутнасці. Для павелічэння стабільнасці ў схему блокінг-генератара ўключаюць вагальны контур. Блокінг-генератар выкарыстоўваецца ў імпульснай тэхніцы, тэлевізійных і радыёлакацыйных устаноўках, дзялільніках частаты і інш.

т. 3, с. 195

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГЕ́НРЫ ((Henry) Джозеф) (17.12.1797, г. Олбані, штат Нью-Йорк, ЗША — 13.5.1878),

амерыканскі фізік. Чл. Нац. АН і яе прэзідэнт у 1868—78. Вучыўся ў акадэміі ў Олбані (1819—22). З 1832 праф. Прынстанскага каледжа, з 1846 сакратар і дырэктар Смітсанаўскага ін-та ў Вашынгтоне. Навук. працы па электрамагнетызме і электратэхніцы. Адкрыў з’яву самаіндукцыі (1832) і вагальны характар разраду кандэнсатара (1842). Упершыню (1828) пабудаваў магутныя электрамагніты і электрарухавік (1831). У яго гонар названа адзінка індуктыўнасці ў СІгенры.

т. 5, с. 158

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАДУЛЯ́ЦЫЯ у фізіцы,

змена ў часе па зададзеным законе параметраў, якія характарызуюць пэўны стацыянарны фіз. працэс. Выклікаецца знешнімі ўздзеяннямі, напр., М. гарманічнага вагання з мэтай унясення ў вагальны працэс пэўнай інфармацыі (гл. Мадуляцыя ваганняў). М. інтэнсіўнасці электроннага пучка ў кінескопе ў адпаведнасці з пададзеным на кіравальны электрод (мадулятар) відэасігналам дазваляе ўзнавіць на экране перададзены відарыс. М. электронных патокаў па скарасцях у клістроне прыводзіць да групавання электронаў у згусткі з наступным пераўтварэннем іх кінетычнай энергіі ў энергію ЗВЧ-ваганняў.

т. 9, с. 492

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЭТЭ́КТАРНЫ РАДЫЁПРЫЁМНІК,

найпрасцейшы радыёпрыёмнік, у якім прынятыя сігналы радыёстанцый не ўзмацняюцца, а толькі дэтэктыруюцца (гл. Дэтэктыраванне). Прыняты сігнал вылучаецца ў вагальным контуры Д.р., пераўтвараецца дэтэктарам у эл. ваганні гукавых частот, якія праслухоўваюцца ў тэлеф. навушніках. У Д.р. адсутнічае ўласная крыніца энергіі і ўсе працэсы ў ім адбываюцца за кошт энергіі прынятых сігналаў. Выкарыстоўваецца для прыёму перадач магутных радыёстанцый, а таксама ў навуч. мэтах.

Схема дэтэктарнага радыёпрыёмніка: A — антэна; LC — вагальны контур; D — дыёд; C — блакіровачны кандэнсатар; Т — галаўны тэлефон; З — зазямленне.

т. 6, с. 361

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВАГА́ЛЬНАЯ СІСТЭ́МА,

фізічная сістэма, у якой у выніку парушэння стану раўнавагі могуць адбывацца свабодныя (уласныя) ваганні. Бываюць кансерватыўныя, дысіпатыўныя і аўтавагальныя. Вагальная сістэма з канечным лікам ступеняў свабоды наз. дыскрэтнымі (напр., маятнік), а з бесканечным — сістэмамі з размеркаванымі параметрамі (струна, пругкае цела, эл. кабель). Гл. таксама Асцылятар.

У кансерватыўных вагальных сістэмах ваганні адбываюцца амаль без страт энергіі (мех. сістэмы без трэння, вагальны контур без актыўнага супраціўлення і выпрамянення эл.-магн. хваляў). У дысіпатыўных сістэмах адбываюцца толькі затухальныя ваганні; пры дасягненні крытычнага значэння страт такая вагальная сістэма пераўтвараецца ў аперыядычную (гл. Аперыядычны працэс). У аўтавагальных вагальных сістэмах страты энергіі кампенсуюцца з крыніцы сілкавання (гл. Аўтаваганні).

П.​А.​Пупкевіч.

т. 3, с. 427

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЫСІПАТЫ́ЎНЫЯ СІСТЭ́МЫ,

механічныя сістэмы, поўная энергія якіх (сума кінетычнай і патэнцыяльнай энергій) у працэсе руху памяншаецца, пераходзячы ў інш. віды энергіі, напр. ва ўнутр. энергію — цеплату (гл. Дысіпацыя). Д.с. з’яўляецца кожнае цела ці сістэма цел, што рухаюцца ў рэальным асяроддзі пры наяўнасці сіл трэння, супраціўлення ці вязкасці.

Паняцце «Д.с.» выкарыстоўваецца ў фізіцы і ў дачыненні да немех. сістэм у выпадках, калі энергія ўпарадкаванага працэсу пераходзіць у энергію неўпарадкаванага працэсу, у рэшце рэшт — у энергію хаатычнага (цеплавога) руху малекул. Напр., вагальны контур, у якім адбываюцца затухальныя ваганні з-за наяўнасці амічнага (актыўнага) супраціўлення, з’яўляецца таксама Д.с.; у гэтым выпадку эл. энергія ўпарадкаванага руху электронаў пераходзіць у т. зв. джоўлеву цеплату.

А.​І.​Болсун.

т. 6, с. 292

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)