ВАГА́ЛЬНАЯ СІСТЭ́МА,

фізічная сістэма, у якой у выніку парушэння стану раўнавагі могуць адбывацца свабодныя (уласныя) ваганні. Бываюць кансерватыўныя, дысіпатыўныя і аўтавагальныя. Вагальная сістэма з канечным лікам ступеняў свабоды наз. дыскрэтнымі (напр., маятнік), а з бесканечным — сістэмамі з размеркаванымі параметрамі (струна, пругкае цела, эл. кабель). Гл. таксама Асцылятар.

У кансерватыўных вагальных сістэмах ваганні адбываюцца амаль без страт энергіі (мех. сістэмы без трэння, вагальны контур без актыўнага супраціўлення і выпрамянення эл.-магн. хваляў). У дысіпатыўных сістэмах адбываюцца толькі затухальныя ваганні; пры дасягненні крытычнага значэння страт такая вагальная сістэма пераўтвараецца ў аперыядычную (гл. Аперыядычны працэс). У аўтавагальных вагальных сістэмах страты энергіі кампенсуюцца з крыніцы сілкавання (гл. Аўтаваганні).

П.​А.​Пупкевіч.

т. 3, с. 427

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПЕРЫ́ЯД ВАГА́ННЯЎ,

найменшы прамежак часу, праз які вагальная сістэма вяртаецца да зыходнага стану. Велічыня, адваротная частаце ваганняў. Паняцце «П.в.» выкарыстоўваюць як для перыядычных працэсаў (напр., гарманічныя ваганні), так і для працэсаў, дзе перыядычнасць парушаецца (гл. Затуханне ваганняў). Адзінка П.в. у СІсекунда.

т. 12, с. 322

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НЕЛІНЕ́ЙНАЯ СІСТЭ́МА,

вагальная сістэма, параметры якой (маса, жорсткасць, ёмістасць, супраціўленне і г.д.) залежаць ад працэсаў, што ў ёй адбываюцца. Напр., электрычны ланцуг, што складаецца з элементаў, параметры якіх залежаць ад сілы току і прыкладзенага напружання. У адрозненне ад лінейнай сістэмы працэсы ў Н.с. апісваюцца нелінейнымі дыферэнцыяльнымі ўраўненням.

т. 11, с. 281

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

А́НКЕР (ням. Anker літар. якар),

1) дэталь гадзіннікавага механізма (вагальная вілка) — прамежкавае звяно паміж маятнікам ці балансірам (у залежнасці ад тыпу гадзінніка) і спускавым колам. Забяспечвае раўнамерны ход гадзіннікавага механізма.

2) Дэталь для змацавання частак збудаванняў або машын (напр., анкерная пліта, анкерны болт і інш.).

Да арт. Анкер. Анкерны ход гадзінніка: 1 — імпульсны камень; 2 — падвойны ролік; 3 — анкер, ці анкерная вілка; 4 — палеты, ці штыфты, анкера; 5 — анкернае кола.

т. 1, с. 373

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РОЎНАРАЗМЕРКАВА́ННЯ ЗАКО́Н,

тэарэма класічнай статыстычнай фізікі, якая сцвярджае, што для статыстычнай сістэмы ў стане тэрмадынамічнай раўнавагі на кожную ступень свабоды прыпадае аднолькавая сярэдняя энергія. Паводле Р.з. кожная ступень свабоды паступальнага і вярчальнага руху характарызуецца сярэдняй кінетычнай энергіяй, роўнай kT/2, а кожная вагальная ступень свабоды — сярэдняй энергіяй kT (kT/2 на кінетычную энергію і kT/2 на патэнцыяльную энергію). На аснове Р.з. вызначаюцца лімітныя значэнні цеплаёмістасці шмататамных газаў і цвёрдых цел пры высокіх т-рах.

т. 13, с. 413

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВАГА́ННІ КРЫШТАЛІ́ЧНАЙ РАШО́ТКІ,

узгодненыя зрушэнні атамаў крышталя каля становішчаў раўнавагі (вузлоў рашоткі). Характар ваганняў залежыць ад сіметрыі крышталёў, ліку атамаў у элементарнай ячэйцы, тыпу хім. сувязі, віду і канцэнтрацыі дэфектаў у крышталях. Амплітуда ваганняў павялічваецца з павышэннем тэмпературы крышталя. На цеплавыя ваганні могуць накладвацца ваганні, выкліканыя распаўсюджваннем у крышталі пругкіх хваляў, абумоўленых знешнім уздзеяннем.

У крышталі з N элементарных ячэек па ν атамаў у кожнай існуе 3νN—6 незалежных найпрасцейшых нармальных ваганняў, кожнае з якіх можна ўявіць у выглядзе дзвюх плоскіх пругкіх хваляў, што распаўсюджваюцца ў процілеглых напрамках. Гэтыя ваганні складаюцца з трох акустычных галін (ім адпавядаюць зрушэнні элементарнай ячэйкі як цэлага) і 3 (ν—1) аптычных (адпавядаюць зрушэнням атамаў унутры элементарнай ячэйкі). Пры пругкім характары міжатамнага ўзаемадзеяння вагальная энергія крышталя складаецца з энергій нармальных ваганняў, кожнае з якіх уцягвае ў рух усе атамы. Вагальную энергію крышталя можна разглядаць і як суму энергій фанонаў — квантаў энергіі пругкіх ваганняў. Квантавая прырода ваганняў крышталічнай рашоткі праяўляецца ў наяўнасці нулявых ваганняў атамаў пры T = 0К. Ваганні крышталічнай рашоткі ўплываюць на электраправоднасць металаў і паўправаднікоў, на аптычныя ўласцівасці дыэлектрыкаў.

Літ.:

Анималу А. Квантовая теория кристаллических твердых тел: Пер. с англ. М., 1981;

Рейсленд Дж. Физика фононов: Пер. с англ. М., 1975;

Федоров Ф.И. Теория упругих волн в кристаллах. М., 1965.

М.​А.​Паклонскі.

т. 3, с. 428

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)