ВА́ВЕРКА вёска ў Беларусі, у Лідскім р-не Гродзенскай вобл. Цэнтр сельсавета і калгаса. За 27 км на ПдЗ ад г. Ліда, 91 км ад Гродна, 14 км ад чыг. ст. Курган. 567 ж., 210 двароў (1996). Сярэдняя школа, Дом культуры, б-ка, аптэка, бальніца, гандл. цэнтр, камбінат быт. абслугоўвання, аддз. сувязі. Касцёл.

У пісьмовых крыніцах згадваецца з 1413, калі тут быў заснаваны касцёл. У 15—19 ст. належала Галігінавічам, Юндзілавічам, Касцевічам, Галеўскім, Кастравіцкім і інш. З 1570 мястэчка. З 1795 у складзе Рас. імперыі, у Мытлянскай вол. Лідскага пав. У 1881 — 73 ж. З 1921 у Польшчы. З 1939 у БССР, з 1940 цэнтр сельсавета. У 1970 — 248 ж. Магчыма, першапачатковая гісторыя вёскі звязана з летапісным горадам Вевярэск.

т. 3, с. 422

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВЕВЯРЭ́СК,

летапісны горад, які ўпамінаецца ў «Спісе рускіх гарадоў далёкіх і блізкіх» у канцы 14 ст. сярод гарадоў ВКЛ. У даследчыкаў няма адзінага пункту гледжання наконт месцазнаходжання Вевярэска: рус. гісторык М.М.Ціхаміраў адносіў яго да загадкавых; археолаг В.В.Сядоў атаясамліваў з гарадзішчам каля в. Касцянёва Шчучынскага р-на Гродзенскай вобл. і лічыў, што назву атрымаў ад р. Ваверка, якая працякае за 16—18 км ад пасялення. Магчыма, летапісны Вевярэск існаваў на месцы сучаснай в. Ваверка Лідскага р-на, якая размяшчаецца на беразе р. Ваверка. У дакументах 16 ст. ўпамінаецца пад назвай Гарадзішча.

т. 4, с. 53

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)