ЛАЗА́НА

(Lausanne),

горад на ПдЗ Швейцарыі. Адм. ц. кантона Во. 123 тыс. ж., з прыгарадамі больш за 250 тыс. ж. (1992). Вузел чыгунак і аўтадарог. Порт на Жэнеўскім возеры. Прам-сць: маш.-буд., металаапр., паліграф., швейная, харчасмакавая, у т.л. тытунёвая, вінаробчая. Ун-т. Штаб-кватэра Міжнар. Алімпійскага к-та. Музеі: алімпійскі, выяўл. мастацтваў, археалогіі і гісторыі, дэкар. мастацтваў і інш. Арх. помнікі 12—18 ст. Шматлікія масты і фунікулёры. Турызм. Курорт.

У старажытнасці паселішча, якое рымляне наз. Лаўзоніум. З 590 цэнтр епіскапства (улада належала сеньёру-епіскапу), якое ў 1536 скасавана ў выніку Рэфармацыі. У 13—14 ст. горад залежаў ад Савойскага графства, у 1536—1798 — ад Берна. У 1537 засн. пратэстанцкая акадэмія (з 1891 ун-т). У 1798 сталіца Леманскай рэспублікі. З 1803 у складзе Швейцарыі, сталіца кантона Во (Ваат). У Л. знаходзіцца федэральны трыбунал (з 1874), праводзяцца шматлікія міжнар. канферэнцыі, у т.л. Лазанская канферэнцыя 1922—23. Сусветна вядомы курорт.

т. 9, с. 97

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЕРН

(ням. Bern; франц. Berne),

горад, сталіца Швейцарыі. Адм. ц. кантона Берн, на р. Аарэ. 135 тыс. ж. (1990), з прыгарадамі 299 тыс. ж. (1989). Важны трансп. вузел. Міжнар. аэрапорт. Прам-сць: маш.-буд., радыёэлектронная, эл.-тэхн., прыладабуд., хім.-фармацэўтычная, швейная, паліграф., харчасмакавая, у т. л. шакаладная. Турызм. Ун-т. Музеі: Швейцарскі, Альпійскі, Паштовы, Гістарычны, Натуральнай гісторыі і інш. Абсерваторыя. Батанічны сад. У Берне штаб-кватэра Сусветнага паштовага саюза, Міжнар. саюза тэлесувязі, некаторых устаноў ААН.

Засн. ў 1191, у 1218 абвешчаны вольным імперскім горадам. У 1353 увайшоў у Швейц. канфедэрацыю. У 1415 да Берна далучаны Ааргау, у 1536 — Во (Ваат). У 1528 праведзена рэліг. Рэфармацыя. У 17 ст. алігархічная форма кіравання выклікала шматлікія хваляванні ў Берне і яго ваколіцах. У 1798 заняты франц. войскамі, Ааргау і Во атрымалі незалежнасць. З 1848 сталіца Швейцарыі. На пач. 20 ст. адзін з цэнтраў расійскай рэв. эміграцыі.

У старой частцы Берна часткова захаваліся крапасныя сцены і Гадзіннікавая вежа (15 ст.), рэгулярная сярэдневяковая планіроўка, барочная забудова 17—18 ст. Каларыт гораду надаюць аркады ніжніх паверхаў дамоў, рэнесансавыя скульпт. фантаны на плошчах і скрыжаваннях вуліц. Помнікі архітэктуры: царква дамініканцаў (каля 1290), ратуша (1406—17) з рэнесансавай вежай (16 ст.), сабор Санкт-Вінцэнц (1421—1588, арх. М.Энзінгер, С.Гурдэр, Д.Гайнц, вітражы 15 ст.), барочная царква св. Духа (1726—29, арх. Г.Шыльдкнехт), багадзельня (1735—41), Корнгаўз (1711—16, арх. Г.Дзюнц), палац Эрлагергоф (1752), атэль дэ Мюзік і старая гаўптвахта (1767, абодва арх. Н.Шпрунглінг), парламент (1852—1901; неакласіцызм, арх. Г.Аўэр).

т. 3, с. 118

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)