Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)
ВАН-ДЭР-ВА́АЛЬСА ЎРАЎНЕ́ННЕ,
адно з першых ураўненняў стану рэальнага газу. Прапанаваў Я.Д. ван дэр Ваальс (1873). Улічвае канечнасць аб’ёму малекул і сілы ўзаемадзеяння паміж імі.
Для моля газу аб’ёмам V пры т-ры T і ціску p мае выгляд (p + a / V2) (V-b) = RT, дзе R — універсальная газавая пастаянная, a і b — эксперыментальныя канстанты для кожнага асобнага газу, абумоўленыя адхіленнем уласцівасцей рэальнага газу ад ідэальнага (a улічвае прыцяжэнне малекул у выніку міжмалекулярнага ўзаемадзеяння, b — адштурхоўванне малекул на блізкіх адлегласцях). Пры вял. V (моцна разрэджаны газ) Ван-дэр-Ваальса ўраўненне пераходзіць ва ўраўненне стану ідэальнага газу (гл.Клапейрона—Мендзялеева ўраўненне).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВАН-ДЭР-ВА́АЛЬСА СІ́ЛЫ,
сілы ўзаемадзеяння паміж электрычна нейтральнымі малекуламі ці атамамі. Маюць эл. прыроду. Складаюцца з сіл адштурхоўвання і прыцяжэння: на вельмі малых адлегласцях паміж малекуламі дзейнічаюць сілы адштурхоўвання, якія з павелічэннем адлегласці змяняюцца сіламі прыцяжэння. Вызначаюць існаванне вадкасцяў і малекулярных крышталёў, адрозненне рэальных газаў ад ідэальных; праяўляюцца ў розных фіз. з’явах. Гл.Міжмалекулярнае ўзаемадзеянне.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІЗАТЭ́РМА (ад іза... + грэч. therme цеплыня),
лінія, якая на тэрмадынамічнай дыяграме стану адлюстроўвае раўнаважны ізатэрмічны працэс. Ураўненне І. ідэальнага газу: pV = const, дзе р — ціск, V — аб’ём дадзенай масы ідэальнага газу; для рэальных газаў ураўненне І. больш складанае (гл.Ван-дэр-Ваальса ўраўненне) і пераходзіць ва ўраўненне для ідэальнага газу толькі пры малых цісках або высокіх т-рах.
водарастваральныя арган. фарбавальнікі, здольныя афарбоўваць тэкстыльныя матэрыялы непасрэдна («прама», без пратраў) з водных раствораў. Сарбіруюцца валокнамі і ўтрымліваюцца на іх сіламі Ван-дэр-Ваальса, за кошт вадародных і інш. сувязей. Паводле хім. класіфікацыі — пераважна ды- і поліазафарбавальнікі (гл.Азафарбавальнікі), у т. л. металзмяшчальныя. Простыя для скарыстання, утвараюць афарбоўкі ўсіх колераў. Выкарыстоўваюць пераважна для афарбоўвання тэкст. матэрыялаў з цэлюлозных валокнаў (баваўняных швейных нітак, пражы, трыкатажнага палатна і інш.), радзей — з натуральнага шоўку і поліаміднага валакна. Пры дапамозе П.ф. можна афарбоўваць скуру і футравую аўчыну.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВА́АЛЬС ((Waals) Ян Дыдэрык ван дэр) (23.11.1837, г. Лейдэн, Нідэрланды — 9.3.1923),
нідэрландскі фізік. Чл. Нідэрландскай, Парыжскай, Берлінскай АН, Нацыянальнай АН ЗША. У 1862—65 вольны слухач Лейдэнскага ун-та. Праф. Амстэрдамскага ун-та (1877—1907). Навук. працы па малекулярнай фізіцы і нізкатэмпературных з’явах. Вывеў Ван-дэр-Ваальса ўраўненне і ўстанавіў неперарыўнасць газападобнага і вадкага станаў рэчыва. Разгледзеў пытанне пра малекулярныя сілы ў газападобным і вадкім станах у сувязі з будовай рэчываў. Распрацаваў тэорыю бінарных сумесяў і тэрмадынамічную тэорыю капілярнасці. Нобелеўская прэмія 1910.
ураўненне, якое ўстанаўлівае залежнасць паміж фіз. велічынямі, што вызначаюць стан ідэальнага газу.
Атрымана ў 1834 Б.П.Э.Клапейронам у выглядзе pv = BT, дзе p, v і T — ціск, аб’ём і т-ра ідэальнага газу, B — каэфіцыент прапарцыянальнасці, які залежыць ад M — масы і μ — малярнай масы газу. У 1874 Дз.І.Мендзялееў вывеў ураўненне для 1 моль ідэальнага газу: pv = RT, дзе R — універсальная газавая пастаянная. К.—М.ў. ў выглядзе
з’яўляецца ўраўненнем стану ідэальнага газу, якое аб’ядноўвае Авагадра закон, Бойля—Марыёта закон, закон цеплавога расшырэння газаў (гл.Гей-Люсака законы). Гл. таксама Ван-дэр-Ваальса ўраўненне.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАЛЕКУЛЯ́РНЫЯ КРЫШТА́ЛІ,
крышталі, утвораныя з малекул, звязаных паміж сабой слабымі Ван-дэр-Ваальса сіламі або вадароднай сувяззю. Унутры малекул сувязь паміж атамамі больш моцная, звычайна кавалентная, таму фазавыя ператварэнні М.к. (плаўленне, узгонка, паліморфныя пераходы) адбываюцца без разбурэння асобных малекул.
Большасць М.к. — крышталі арган. злучэнняў (нафталін і інш.); М.к. ўтвараюць некаторыя простыя рэчывы (H2, галагены, N2,O2, S8), бінарныя злучэнні тыпу CO2, металаарган. злучэнні, некаторыя комплексныя злучэнні. Да М.к. адносяцца крышталі многіх палімераў, у т. л. бялкоў і нуклеінавых кіслот. Для М.к. характэрны нізкія т-ры плаўлення (ад -150 да -350 350 °C), вялікія каэф. цеплавога расшырэння, вял. сціскальнасць, малая цвёрдасць. Большасць М.к. пры звычайнай т-ры — дыэлектрыкі, некаторыя М.к. (напр., арган. фарбавальнікі) — паўправаднікі. Гл. таксама Міжмалекулярнае ўзаемадзеянне.
Літ.:
Китайгородский А.И. Молекулярные кристаллы. М., 1971.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МО́ЦНАЕ ЎЗАЕМАДЗЕ́ЯННЕ,
адзін з тыпаў фундаментальных узаемадзеянняў элементарных часціц (разам з гравітацыйным, эл.-магн. і слабым). Абумоўлівае ўзаемадзеянні паміж адронамі (па аналогіі з Ван-дэр-Ваальса сіламі ўзаемадзеяння паміж эл. нейтральнымі аб’ектамі ў электрадынаміцы), у т. л. ў атамных ядрах і паміж ядрамі.
Асн. ўласцівасці М.ў. апісваюцца квантавай хромадынамікай, паводле якой бясколерныя адроны складаюцца з каляровых кваркаў, а сілы ўзаемадзеяння паміж імі абумоўлены абменам глюонамі. М.ў. інварыянтнае адносна прасторавага і часавага адбіццяў, зарадавага спалучэння. Пераўзыходзіць па інтэнсіўнасці эл.-магн. ўзаемадзеянне прыкладна ў 100 разоў, яго радыус дзеяння каля 10−11м, элементарныя працэсы, абумоўленыя М.у., працякаюць за час каля 10−23с. У М.у. выконваюцца законы захавання ізатапічнага спіна, дзіўнасці і інш.квантавых лікаў, характэрных для адронаў. Гл. таксама «Вялікае аб’яднанне».
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАЗ (франц. gaz ад грэч. chaos хаос),
агрэгатны стан рэчыва, у якім слаба звязаныя малекулярнымі сіламі часціцы рухаюцца свабодна і пры адсутнасці знешніх палёў раўнамерна запаўняюць увесь дадзены ім аб’ём. Газ, у якім энергію ўзаемадзеяння паміж часціцамі можна не ўлічваць, наз.ідэальным газам. Яго стан апісваецца Клапейрона—Мендзялеева ўраўненнем.
Рэальныя газы пры звычайных умовах мала адрозніваюцца ад ідэальнага, а пры памяншэнні ціску і павышэнні т-ры па ўласцівасцях набліжаюцца да яго; часцей іх стан апісваецца Ван-дэр-Ваальса ўраўненнем. Пры паніжэнні т-ры газы дасягаюць крытычнага стану, пры далейшым ахаладжэнні і павышэнні ціску адбываецца звадкаванне газаў. Калі рух часціц падпарадкоўваецца законам класічнай механікі, газ наз. нявыраджаным (рэальныя газы), а калі квантавыя ўласцівасці часцінак газа пераважаюць — выраджаным (электронны газ у металах пры тэмпературах, блізкіх да 0 К). Пры нізкіх т-рах газы добрыя дыэлектрыкі, але пры пэўных умовах могуць праводзіць эл. ток (гл.Электрычныя разрады ў газах). Мех. ўласцівасці газаў вывучаюцца ў газавай дынаміцы і аэрадынаміцы. Газы складаюць асн. масу атмасферы, пашыраны ў зямной кары, маюць вял. значэнне ў існаванні жывых арганізмаў (гл., напр., Дыханне, Газаабмен) і біягеахімічным кругавароце рэчываў, газы прыродныя гаручыя — кашт. сыравіна для хім. і газавай прам-сці, крыніца забеспячэння разнастайных бытавых, тэхн. і інш. патрэб гаспадаркі.