ВА́АЛЬ

(Vaal),

рака ў ПАР, правы прыток р. Аранжавая. Даўж. каля 1250 м. Пачынаецца ў Драконавых гарах, перасякае плато Велд, працякае па глыбокай даліне. Буйныя прытокі: Вілге, Фет, Рыт (злева), Хартс (справа). Паводка летам (ліст.—люты). Сярэдні расход вады ў ніжнім цячэнні 114 м³/с. Выкарыстоўваецца для водазабеспячэння і арашэння. Буйное вадасх. Вааля — Вілге. На Ваалі — г. Ферыніхінг.

т. 3, с. 421

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВЕЛД,

Фелд, назва плато ў Паўд. Афрыцы, укрытых ксерафітнай злакавай і хмызняковай расліннасцю. Вылучаюць: Высокі Велд (выш. 1200—2000 м) — паміж рэкамі Аранжавая і Вааль; Сярэдні Велд (выш. 1000—1500 м) — паміж вусцем р. Вааль і вярхоўямі р. Оліфанто; Хмызняковы Велд (выш. каля 900 м) — на Пн ад Прэторыі; Нізкі Велд (выш. 300—800 м) — паміж Хмызняковым Велдам і р. Лімпопа. Зніжаюцца плато на У ступенямі (ад 1800 да 300 м) ад плато Басута ў Драконавых гарах да ўпадзіны Калахары. Складзены з пясчанікаў, сланцаў, крышт. парод. Клімат трапічны пустынны. Участкі саваннаў. Радовішчы алмазаў, золата, урану.

т. 4, с. 66

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АРА́НЖАВАЯ

(Oranje, Orange),

рака на Пд Афрыкі, у Лесота, ПАР і Намібіі. Даўж. 1860 км, пл. бас. 1020 тыс. км². Пачынаецца ў масіве Монт-а-Сурс (Драконавы горы) у Лесота пад назвай Сінку на выш. больш за 3000 м. Перасякае засушлівую вобласць. Высокі Велд, плато Кап, дзе цячэ ў цясніне. У верхнім і сярэднім цячэнні парогі і вадаспады (Аўграбіс і інш.). Апошнія 100 км цячэ па раўніне, упадае ў Атлантычны ак., утварае бар (пясчаны падводны вал). Гал. прытокі — Каледан і Вааль. Паўнаводная з ліст. да сакавіка. У межах Высокага Велда часам амаль перасыхае. Сярэдні расход вады 800 м³/с. Гадавы сцёк каля 15 км³ (моцна мяняецца па гадах). Выкарыстоўваецца на водазабеспячэнне і арашэнне (пабудаваны арашальныя сістэмы). ГЭС. На Аранжавай буйныя гарады: Алівал-Норт, Прыска, Апінгтон (ПАР).

З.Я.Андрыеўская.

т. 1, с. 452

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АРА́НЖАВАЯ ПРАВІ́НЦЫЯ,

Аранжавая Рэспубліка (англ. Orange Free State), правінцыя ў цэнтр. ч. Паўд.-Афрыканскай Рэспублікі. Мяжуе з прав. Капская, Трансвааль і Наталь, на ПдУ — з Лесота. Пл. 129,2 тыс. км², нас. 1,8 млн. чал. (1985). Насельніцтва — банту і сута. Адм. ц.г. Блумфантэйн. Аранжавая правінцыя займае ч. ўнутраных плато — на З Плато Кап, якое на У пераходзіць у Высокі Велд і Драконавы горы (выш. да 2300 м). Клімат субтрапічны, ападкаў 250—900 мм за год. Бываюць замаразкі і засухі. Рака Аранжавая з прытокамі Вааль і Каледан упадае ў Атлантычны ак., на ёй ГЭС і вадасховішчы. Здабываюць золата, уранавыя руды і алмазы. Развіты маш.-буд., металаапр., металургічная (каляровыя металы), хім., гарбарна-абутковая, харч. прам-сць. У сельскай гаспадарцы пераважае пашавая жывёлагадоўля (буйн. раг. жывёла, авечкі). Земляробства на багатых глебах (кукуруза, пшаніца, агародніна, тытунь, цытрусавыя). Транспарт чыг. і аўтамабільны.

Першыя сем’і афрыканераў (бураў) на тэр. Аранжавай правінцыі з’явіліся ў 1830-я г. Пераадолеўшы супраціўленне карэнных жыхароў — плямёнаў басута, яны заснавалі ў 1837 самаст. дзяржаву. У 1854 буры абвясцілі стварэнне Аранжавай Свабоднай дзяржавы. У саюзе з Трансваалем яна ўдзельнічала ў англа-бурскай вайне 1899—1902. З 1900 — брыт. калонія, у 1907 атрымала самакіраванне. З 1910 разам з трыма інш. калоніямі ў складзе Паўд.-Афрыканскага Саюза (з 1961 ПАР).

т. 1, с. 453

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)