БІЁНТ [ад грэч. bion (biontos) які жыве],
асобны арганізм або (зрэдку) мінім. экалагічная сістэма, якія ў ходзе эвалюцыі прыстасаваліся да пражывання ў пэўным асяроддзі — біятопе. Тэрмін звычайна ўжываюць пры вызначэнні арганізмаў пэўнага асяроддзя, напр. аэрабіёнты (арганізмы наземныя і паветра), гідрабіёнты (водныя арганізмы), геабіёнты (глебавыя арганізмы) і інш.
т. 3, с. 148
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЕДАБІЁНТЫ (ад грэч. pedon глеба + біёнт),
арганізмы, якія жывуць у глебе. Уваходзяць у састаў літабіясферы і фітабіясферы. Многія П. адносяцца да амфібіёнтаў.
т. 12, с. 253
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЕЛАБІЁНТЫ [ад грэч. helos балота + біёнт(ы)],
віды расліннага і жывёльнага свету, якія прыстасаваліся да жыцця ў балотах (некат. асокі, жабы і інш.).
т. 5, с. 138
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НЕАБІЁНТЫ (ад неа... + біёнт),
заносныя віды раслін (адвентыўныя расліны, неафіты) і жывёл (неафілы). Адрозніваюць Н., занесеныя чалавекам (антрапабіёнты, напр., каларадскі жук, пацукі і інш.) і прыродным шляхам (прыродная інвазія): воднымі патокамі і цячэннямі, ветрам і інш. (напр., насенне раслін, плады і інш.).
т. 11, с. 250
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАПРАБІЁНТЫ (ад грэч. kopros памёт, кал + біёнт),
дарослыя арганізмы або іх лічынкі, для якіх прыродным асяроддзем пастаяннага або часовага жыхарства і жыўлення з’яўляюцца фекаліі, гной і інш. Сярод беспазваночных К. — многія алігахеты, жукі (карапузікі, магільшчыкі, стафіліны, гразевікі, гнаевікі, гнаявыя вадалюбы, трупаеды, трупнікі), некаторыя мухі, кляшчы-арыбатыды.
т. 8, с. 29
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛІМНАБІЁНТЫ [ад грэч. limnē возера + біёнт(ы)],
расліны і жывёлы, якія жывуць у кантынентальных вадаёмах з запаволеным водаабменам (азёры, вадасховішчы, сажалкі). Расліны падзяляюць на макрафіты і мікрафіты, у жывёл вылучаюць 3 асн. групы: зоабентас (лічынкі насякомых, малашчацінкавыя чэрві, малюскі, ракападобныя), зоапланктон (калаўроткі, ракападобныя) і нектон (рыбы). Гл. таксама Лімнафільныя жывёлы.
В.В.Вежнавец.
т. 9, с. 260
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАТАРАБІЁНТЫ [ад грэч. katharos чысты + біёнт(ы)],
катаробіі, арганізмы, якія жывуць у чыстых халодных прэсных водах з вял. колькасцю растворанага кіслароду. Характэрны для вадаёмаў, размешчаных у высакагорных або паўн. раёнах — некат. азёрах, хуткацякучых рэках і ручаях.
Відавы склад К. разнастайны, часта гэта рэліктавыя арганізмы, вельмі адчувальныя да якасці вады (некат. бурыя і чырв. водарасці, імхі, двухстворкавыя бруханогія малюскі; з ракападобных — нямногія віды цыклопаў, бакаплаваў; з насякомых — лічынкі некат. вяснянак і шыцікаў; з рыб — стронгі, харыусы, бычкі-падкаменшчыкі) Многія К. фауны Беларусі занесены ў Чырв. кнігу Беларусі (вусач, рыбец, стронга ручаёвая, харыус звычайны; з ракападобных — бакаплаў Паласа, лімнакалянус, мізіда рэліктавая, понтапарэя).
т. 8, с. 173
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)