Біятычныя фактары 1/547

Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)

БІЯТЫ́ЧНЫЯ ФА́КТАРЫ,

фактары вонкавага асяроддзя, у аснове дзеяння якіх ляжаць уплывы жыццядзейнасці адных арганізмаў на другія і на нежывое асяроддзе. Разам з абіятычнымі фактарамі і антрапагенным уздзеяннем на прыроду фарміруюць умовы жыцця мікраарганізмаў, раслін, жывёл, уплываюць на колькасць жывых арганізмаў і іх дынаміку. Дзеянне біятычных фактараў выяўляецца ўзаемаўплывам жывых арганізмаў, напр. узаемадзеянне драпежніка і ахвяры, паразіта і гаспадара, унутры- і міжвідавая канкурэнцыя, насякомае-апыляльнік і кветкавая расліна і інш. Сувязі паміж біятычнымі фактарамі ляжаць у аснове фарміравання трафічных ланцугоў.

т. 3, с. 180

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АСЯРО́ДДЗЕ ў біялогіі, сукупнасць абіятычных (нежывых) і біятычных (жывых) умоў існавання жывёл, раслін і мікраарганізмаў. Адрозніваюць асяроддзі: знешняе — сукупнасць сіл і з’яў прыроды, якія не абавязкова кантактуюць з жывымі арганізмамі; навакольнае — маецца на ўвазе непасрэдны кантакт з арганізмамі; прыроднае — уключае абіятычныя, біятычныя і антрапагенныя фактары, што ўздзейнічаюць на арганізм.

т. 2, с. 64

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БІЯТЫ́ЧНАЕ ЗГУРТАВА́ННЕ,

сукупнасць жывых арганізмаў розных відаў, якія жывуць сумесна ў межах прыроднай прасторы або тэрыторыі (біятопу) і ўзаемадзейнічаюць паміж сабой (напр., фітапланктон вадаёма, глебавыя жывёлы ўчастка лесу і інш.); частка экасістэмы. Часам біятычнае згуртаванне — сукупнасць усіх арганізмаў (раслін, жывёл, мікраарганізмаў; сінонім біяцэнозу). Адрозніваюць біятычнае згуртаванне раслін (фітацэноз) і жывёл (зоацэноз). Сістэма арганізацыі жывой матэрыі з некаторымі асаблівымі ўласцівасцямі, якіх не маюць яе кампаненты (асобіны і папуляцыі), функцыянуе як адзінае цэлае дзякуючы ўзаемазвязаным метабалічным пераўтварэнням. У залежнасці ад змены фактараў навакольнага асяроддзя біятычныя згуртаванні паступова пераходзяць адно ў адно. Ад біятычнага згуртавання залежыць функцыянаванне арганізма. Мае розныя памеры (напр., біёты дрэвавага ствала і вял. лесу або акіяна). Біятычныя згуртаванні першы вывучаў амер. вучоны В.Шэлфард (1913). Гл. таксама Біём.

т. 3, с. 179

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЕЗЗВАРО́ТНАЕ ВОДАСПАЖЫВА́ННЕ,

у вузкім сэнсе — забор водаў без вяртання іх у натуральныя крыніцы водаспажывання; у шырокім сэнсе — спажыванне вады з воднага аб’екта або сістэмы водазабеспячэння, пры якім частка яе страчваецца. Беззваротныя страты вады ў быт. мэтах, сельскай гаспадарцы, прам-сці падзяляюцца на неабходныя (напр., уваходзяць у склад прадукту: пры вырабе буд. матэрыялаў для прыгатавання рабочых раствораў, у гальванічных і электролізных ваннах у металургіі) і неапраўданыя (уцечка ў трубаправодах, каналах, натуральнае выпарэнне з паверхні сажалак-ахаладжальнікаў, адстойнікаў, вадасховішчаў). Некантралюемае беззваротнае водаспажыванне вядзе да абмялення і вычарпання вадаёмаў, з якіх забіраюць ваду, зменьвае іх біятычныя ўмовы. Пры замкнёным цыкле водаспажывання і безадходных тэхналогіях беззваротнае водаспажыванне не аказвае адмоўнага ўздзеяння на стан водных крыніц.

т. 2, с. 373

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)