БІЯРЫ́Ц

(Biarritz),

прыморскі клімата-бальнеалагічны курорт у Францыі. На З ад г. Баёна, паблізу ад граніцы з Іспаніяй, на ўзбярэжжы Біскайскага заліва. Развіваецца з сярэдзіны 19 ст. Клімат мяккі, умерана вільготны. Марскія купанні, аэразольтэрапія, пясочныя, марскія і мінер. ванны для лячэння хвароб органаў руху і апоры, перыферычнай нерв. сістэмы, парушэнняў абмену рэчываў і інш. З 1964 выкарыстоўваюць хларыдныя натрыевыя воды мінер. крыніц Брыску (22 км ад Біярыца).

т. 3, с. 177

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЕА́РН

(Barn),

гістарычная вобласць на ПдЗ Францыі, на ўзбярэжжы Біскайскага зал. Пл. 5,8 тыс. км². Нас. каля 390 тыс. чал. (1990), значную частку складаюць баскі. Гал. горад — По. На Пд — адгор’і Зах. Пірэнеяў, на Пн — перадгорныя ўзгорыстыя раўніны. Клімат умераны, вільготны. Здабыча прыроднага газу. Хім. і алюмініевы з-ды. Прамысл. цэнтр Баёна (авія- і машынабудаванне, тэкст. і абутковая прам-сць). На Пд — гарнапашавая жывёлагадоўля (буйн. раг. жывёла, авечкі), у перадгор’ях — пасевы пшаніцы і кукурузы, сады і вінаграднікі. Кліматычны, прыморскі і бальнеалагічны курорт Біярыц.

т. 2, с. 369

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БІСКА́ЙСКІ ЗАЛІ́Ў

(франц. Golfe de Gascogne, ісп. Golfo de Vizcaya),

заліў у Атлантычным ак. каля зах. берагоў Еўропы. Уразаецца ў сушу на 400 км, абмывае берагі Францыі і Іспаніі. Пл. каля 194 тыс. км². Сярэдняя глыб. 1715 м, найб. — 5120 м. У Біскайскі заліў упадаюць рэкі Луара і Гарона. Берагі на Пн ад вусця р. Гарона скалістыя, на Пд — нізкія, слаба парэзаныя; берагі Пірэнейскага п-ва скалістыя і абрывістыя. Найбольшыя а-вы Бель-Іль, Нуармуцье, Рэ, Алерон і інш. Т-ра паверхневых водаў у лют. на Пн 5—6 °C, на Пд 12—13 °C, у жн. адпаведна 10 °C і 20—22 °C. Салёнасць 35‰. Прылівы паўсутачныя (выш. да 6,7 м). Моцныя цячэнні, частыя штормы. Рыбалоўства (сардзіны, камбала), промысел вустрыц. Курорты (Біярыц і інш.). Асн. парты: Брэст, СенНазер, Ла-Рашэль, Бардо (Францыя), Сан-Себасцьян, Більбао, Сантандэр, Хіхон (Іспанія).

З.Я.Андрыеўская.

т. 3, с. 159

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)