Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)
БІ́ЦЦІ,
1) у фізіцы, перыядычныя змены амплітуды выніковага вагання пры складанні двух гарманічных ваганняў блізкіх частот; асобны выпадак амплітудна-мадуляваных ваганняў (гл.Амплітудная мадуляцыя). Калі A1 і A2 — амплітуды складаемых ваганняў, то амплітуда выніковага вагання змяняецца ад A1 + A2 да A1 − A2. Метад Біцці выкарыстоўваецца для вымярэння частот, ёмістасці, індуктыўнасці, для настройвання муз. інструментаў і інш. 2) У механіцы — адхіленні паверхняў вярчальных (вагальных) цыліндрычных дэталяў машын і механізмаў ад правільнага ўзаемнага размяшчэння. Радыяльныя Біцці — вынік зрушэння цэнтра (эксцэнтрысітэт) разгляданага сячэння дэталі адносна восі вярчэння. Тарцовыя Біцці — вынік неперпендыкулярнасці тарцовай паверхні дэталі да базавай восі і адхіленняў формы тарца ўздоўж лініі вымярэння. Біцці прыводзяць да павышанага зносу і выхаду са строю дэталяў машын (напр., пры парушэнні балансіроўкі колаў аўтамабіля).
Біцці пры складанні ваганняў блізкіх частот ω1 і ω2; T — перыяд біццяў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗВЯ́ЗАНЫЯ ВАГА́ННІ,
уласныя ваганні ў складанай сістэме з некалькіх звязаных паміж сабой простых (парцыяльных) вагальных сістэм. Маюць складаны выгляд з-за ўплыву (праз сувязь) ваганняў у адной парцыяльнай сістэме на ваганні ў другой. У лінейных сістэмах З.в. можна выявіць як суперпазіцыю нармальных ваганняў, колькасць якіх роўная колькасці парцыяльных сістэм, аднак частоты адрозніваюцца ад частот уласных ваганняў адасобленых парцыяльных сістэм.Гл. таксама Абертон, Біцці.