Бірон Э. І. 2/339; 3/339

Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)

БІРО́НАЎШЧЫНА,

рэакцыйны рэжым у Расіі ў 1730—40-я г. Назва ад прозвішча фаварыта імператрыцы Ганны Іванаўны Эрнста Іагана Бірона (1690—1772), які фактычна сканцэнтраваў у сваіх руках усю ўладу ў краіне. Характэрным для біронаўшчыны было засілле іншаземцаў ва ўсіх кіруючых установах, раскраданне дзярж. сродкаў, сістэма шпіянажу, даносаў, рэпрэсій, узмацненне феад. прыгоннага ўціску. Пасля смерці Ганны Іванаўны Бірон пазбаўлены ўсіх пасад.

Літ.:

Строев В. Бироновщина и Кабинет министров: Очерк внутренней политики императрицы Анны. Ч. 1—2. М.; СПб., 1909—10.

т. 3, с. 157

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ІВА́Н VI Антонавіч

(23.8.1740, Пецярбург — 16.7.1764),

намінальны расійскі імператар [1740—41]. Праўнук Івана V, сын Ганны Леапольдаўны (пляменніца Ганны Іванаўны) і герцага Антона Ульрыха Браўншвейгскага. Наследнікам прастола прызначаны 16.10.1740. Пасля смерці Ганны Іванаўны рэгентам пры ім быў Э.​Бірон, потым — маці. 25.11.1741 скінуты Лізаветай Пятроўнай, высланы разам з бацькамі, пасля пераведзены ў адзіночную турму, з 1756 — у Шлісельбургскую крэпасць. Забіты пры спробе В.​Я.​Міровіча вызваліць яго і абвясціць імператарам замест Кацярыны II. Было некалькі самазванцаў, якія выдавалі сябе за І. VI (апошні — у 1788).

т. 7, с. 146

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГА́ННА ІВА́НАЎНА (7.2.1693, Масква — 28.10.1740),

расійская імператрыца [1730—40]. З дынастыі Раманавых. Дачка Івана V Аляксеевіча, пляменніца Пятра I. Герцагіня Курляндская (1710—11). Запрошана на прастол Вярхоўным тайным саветам на пэўных умовах («кандыцыях»), якія прадугледжвалі абмежаванне манарх. улады на карысць феад. арыстакратыі. Пры падтрымцы дваранства і афіцэраў гвардыі на пачатку царавання адмовілася ад «кандыцый» і ліквідавала Вярх. тайны савет (4.3.1730). Дала шэраг прывілеяў дваранам (права на валоданне населенымі маёнткамі, абмежаванне тэрміну грамадз. і ваен. службы да 25 гадоў і інш.), заснавала Кабінет міністраў (1731). Пры Ганне Іванаўне заключаны гандл. дагавор паміж Расіяй і Вялікабрытаніяй (1734), адбылася рус.-тур. вайна 1735—39, у выніку якой Расія набыла крэпасць Азоў. Значную ролю ў кіраванні дзяржавай адыгрываў яе фаварыт граф. Э.​І.​Бірон (гл. Біронаўшчына).

т. 5, с. 28

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КУРЛЯ́НДЫЯ (ням. Kurland),

Курземе, гістарычная вобласць на З Латвіі. Са старажытнасці населена балцкімі плямёнамі, ад аднаго з іх (куршаў) наз. Курземе. Кантактавала з Полацкім княствам. З пач. 13 ст. ў саюзе з літ. князямі намагалася абараніцца ад экспансіі крыжакоў. Да 1267 заваявана і хрысціянізавана крыжацкім Лівонскім ордэнам, тут існавала Курляндскае епіскапства. З 1561 б.ч. К. ўваходзіла ў склад падвасальнага ВКЛ (з 1569 Рэчы Паспалітай) Курляндскага герцагства, у якім з 1617 дзейнічалі Курляндскія статуты. Адсюль паходзіў фаварыт рас. імператрыцы Ганны Іванаўны Э.​І.​Бірон (курляндскі герцаг у 1737—40 і 1763—69, гл. Біронаўшчына). Паводле 3-га падзелу Рэчы Паспалітай (1795) далучана да Расіі, уключана ў Курляндскую губ. (1796—1917). У 1-ю сусв. вайну акупіравана войскамі Германіі (з 1915). 3 ліст. 1918 у складзе Латвіі (да 1940 яе правінцыя).

т. 9, с. 50

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)