Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАЛЯНКО́Ў (Мікалай Сцяпанавіч) (н. 19.12.1921, г. Барань Аршанскага р-на Віцебскай вобл.),
бел. жывапісец. Вучыўся ў Віцебскім маст. вучылішчы (1938—41), скончыў Растоўскае маст. вучылішча (1949). Сярод твораў: тэматычныя карціны «У звальненні» (1965), «Бярозавы сок» (1969), «Франтавы сон» (1975), «Салдацкая песня» (1985), «Памяці вучняў Віцебскага мастацкага вучылішча, якія не вярнуліся з палёў бітвы» (1994), «Беларуская турыстка на Канарскіх астравах» (2000); пейзажы «Восень на Прыпяці» (1972), «Крыгаход на Сажы» (1978), «Майская зелень Палесся» (1982), «Красавік у ваколіцах Гомеля» (1986), «Ранні снег» (1991), «Дубы. Восень» (1995), «Палескі пейзаж» (1998), «Бярозавы гай. Май» (2000); партрэты. Творам характэрны сакавіты каларыт, маляўнічасць вобразнага вырашэння.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАШЫНДЖАГЯ́Н (Геворк Захаравіч) (28.9.1857, г. Сігнахі, Грузія — 4.10.1925),
армянскі жывапісец-пейзажыст. Вучыўся ў Пецярбургскай АМ (1879—83) у М.К.Клота.Зазнаў уплыў А.І.Куінджы. Працаваў у Тыфлісе. Лепшыя пейзажы прасякнуты эпічным адчуваннем прыроды, па-майстэрску перадаюць эфекты асвятлення («Бярозавы гай», 1883, «Севан у пахмурны дзень» (1897), «Возера Севан у летні дзень», 1903, «Арарат», 1912, «Севан у месячную ноч», 1914).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПА́САКА,
вадкасць, якая выцякае з перарэзаных сасудаў драўніны сцёблаў або каранёў жывых раслін пад уплывам каранёвага ціску. Мае солі, амінакіслоты, бялкі, цукры, цытакініны і інш. За вегетац. перыяд у некат. дрэў выцякае 50—150 л П., у травяністых раслін (напр. у гарбуза) — 4—5 л. Найб. П. ў дрэў напрадвесні; у ёй да 8% цукру. Веснавую П. ўжываюць як напітак (бярозавы, кляновы сок).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КУІ́НДЖЫ (Архіп Іванавіч) (студзень 1841, г. Марыупаль, Украіна — 24.7.1910),
расійскі жывапісец-пейзажыст. Правадз.чл. Пецярбургскай АМ (з 1893). Жывапісу вучыўся самастойна і ў Пецярбургскай АМ (1868). Чл.Т-ва перасоўных маст. выставак 1875—79 (гл.Перасоўнікі). Ініцыятар стварэння Т-ва мастакоў (1909, пазней Т-ва імя Куінджы). Выкладаў у Пецярбургскай АМ (праф. з 1892, з 1894 праф.-кіраўнік пейзажнай майстэрні, сярод вучняў А.Рылоў, М.Рэрых і інш.), адкуль у 1897 звольнены за падтрымку студэнцкіх патрабаванняў. У ранні перыяд зазнаў уплыў І.Айвазоўскага. У сярэдзіне 1870-х г. стварыў шэраг карцін, у якіх пейзажны матыў разлічаны на канкрэтныя сац. асацыяцыі, што адпавядала канцэпцыі перасоўнікаў («Забытая вёска», «Чумацкі тракт»). У творах сталага перыяду імкнуўся да перадачы найб. выразных па асвятленні станаў прыроды. З дапамогай кампазіцыйных прыёмаў, якія дазвалялі стварыць панарамныя віды (высокі гарызонт і інш.), светлавых эфектаў і інтэнсіўных колераў, зведзеных да некалькіх гал. тонаў, дамагаўся амаль поўнай ілюзіі натуральнага асвятлення: «Украінская ноч» (1876), «Бярозавы гай», «Пасля навальніцы» (абедзве 1879), «Ноч на Дняпры» (1880), «Дняпро раніцай» (1881) і інш. Работам позняга перыяду ўласцівы дэкаратыўнасць і знешняя эфектнасць колеравага ладу («Бярозавы гай», 1901, і інш.).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАДКО́РНІКІ (Aradidae),
сямейства насякомых атр. клапоў. Больш за 100 родаў, каля 1000 відаў. Пашыраны па ўсёй сушы. Жывуць на кары, пад карой дрэў (адсюль назва). На Беларусі каля 30 відаў, з іх найб. трапляюцца П. бярозавы (Aradiis betulae), звычайны (A corticalis), хваёвы (A. cinnamomeus).
Даўж. да 1,1 см. Галава даўгаватая, размешчана паміж 4-членікавымі вусікамі. Цела пляскатае, бурае ці чорнае. Надкрылы не закрываюць краі брушка. Лапкі 2-членікавыя. Кормяцца сокамі дрэў (чым шкодзяць дрэвастою), міцэліем грыбоў. Развіццё з няпоўным ператварэннем.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЗЁГАЦЬ,
прадукт сухой перагонкі драўніны, торфу, бурага і каменнага вугалю, сланцаў. Густая вадкасць бурага ці чорнага колеру. Складаная сумесь арган. рэчываў, састаў якой залежыць ад сыравіны і метадаў перапрацоўкі.
Пры паўкаксаванні (сухая перагонка пры 500—600 °C) вугалю, торфу, сланцаў утвараецца т.зв. першасны Дз., які мае (у залежнасці ад сыравіны) фенолы, насычаныя вуглевадароды, альдэгіды, кетоны і інш.арган. рэчывы. Пры каксаванні каменнага вугалю ўтвараецца Дз. каменнавугальны (гл.Каменнавугальная смала). Дз. драўняны падзяляюць на бяроставы (атрымліваюць награваннем бяросты да 200—300 °C без доступу паветра), і менш якасны бярозавы (атрымліваюць разгонкай прадуктаў піролізу драўніны з карой). Драўняны Дз. выкарыстоўваюць пры тлушчаванні скуры, у медыцыне і ветэрынарыі (кампанент дзягцярнага мыла, розных мазей).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗАМА́Й (Ала Мікалаеўна) (н. 14.9.1932, с. Займо-Абрыў Растоўскай вобл., Расія),
бел. мастачка. Скончыла Бел.тэатр.-маст.ін-т (1959). Выкладала ў Мінскай дзіцячай маст. школе (1959—63), працавала ў газ. «Піянер Беларусі» (1963—80). Творчасці ўласцівы арыгінальнасць колеравага бачання і жанравая разнастайнасць, работы адметныя аптымістычнасцю і цеплынёй. Сярод твораў: тэматычныя карціны «Будаўнікі» (1957), «Апошні з нашага квартала» (1961), «Купалле» (1976), «Крыніца жыцця» (1982), «Сонейка» (1988), «Звон святыні» і «Цішыня» (абодва 1994), «Маё дзяцінства» (1995); пейзажы «Макі» (1966), «Восень» (1990), «Бярозавы гай» (1991), «Ваколіца Забалоцця» (1995), «Раніца» (1996); нацюрморты «Антоны» (1984), «Водар лесу» (1986), «Васількі» і «Армянскі вінаград» (абодва 1992), «Палявыя кветкі» (1995); партрэты, ілюстрацыі да кніг. Іл.гл. таксама ў арт.Нацюрморт.