Бялынкавічы (в.) 2/519—520; 5/504 (к.)

Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)

БЯЛЫ́НКАВІЧЫ,

вёска ў Беларусі, у Касцюковіцкім р-не Магілёўскай вобл., на р. Беседзь. Цэнтр сельсавета і калгаса. За 14 км на ПдУ ад г. Касцюковічы, 174 км ад Магілёва, 2 км ад чыг. ст. Бялынкавічы, 606 ж., 214 двароў (1995), лясніцтва.

У пісьмовых крыніцах упершыню ўпамінаюцца ў 1613 як вёска ў Крычаўскім старостве Мсціслаўскага ваяв. ВКЛ. Пасля 1-га падзелу Рэчы Паспалітай (1772) у Рас. імперыі, падаравана Р.А.Пацёмкіну. З 1784 — мястэчка ў Клімавіцкім пав. У 1880 — цэнтр воласці; 339 ж., 76 дамоў, правасл. царква, яўр. малітоўная школа, карчма, у фальварку — бровар. У 1886 у Бялынкавічах 292 ж., 51 двор; штогод праводзіўся кірмаш. З 1924 у Калінінскім пав. З 17.7.1924 да 4.8.1927 цэнтр Бялынкавіцкага раёна. З 1927 цэнтр сельсавета Касцюковіцкага р-на, з 1938 у Магілёўскай вобл. У Вял. Айч. вайну са жн. 1941 да 27.9.1943 акупіраваны ням.-фаш. захопнікамі. У 1970 у Бялынкавічах 725 ж., 197 двароў.

У Бялынкавічах сярэдняя школа, вучэбна-вытв. камбінат, дзіцячы сад, Дом культуры, б-ка, бальніца, аптэка, дом-інтэрнат, аддз. сувязі. Брацкая магіла сав. воінаў і партызан.

У.Р.Ламінскі (гісторыя).

т. 3, с. 403

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЯЛЫ́НКАВІЦКІ РАЁН.

Існаваў у БССР у 1924—27. Утвораны 17.7.1924 у складзе Калінінскай, з 1927 у Магілёўскай акрузе. Цэнтр — в. Бялынкавічы. Падзяляўся на 10 сельсаветаў: Батаеўскі, Бялынкавіцкі, Баронькаўскі (Барэйкаўскі), Велікаборскі, Гаўрыленскі, Каніцкі, Машаўскі, Мокраўскі (Макранскі), Смолькаўскі, Сялецкі. Скасаваны 4.8.1927, тэр. перададзена ў склад Касцюковіцкага р-на.

т. 3, с. 403

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БАРО́НЬКІ,

вёска ў Беларусі, у Касцюковіцкім раёне Магілёўскай вобласці. Цэнтр сельсавета і калгаса. За 25 км на Пд ад Касцюковічаў, 185 ад Магілёва, 12 км ад чыг. ст. Бялынкавічы. 523 ж., 204 двары (1995). Сярэдняя школа, Дом культуры, б-ка, бальніца, аптэка, камбінат быт. абслугоўвання, аддз. сувязі.

У 19 ст. вёска ў Клімавіцкім пав. Працавала царкоўнапрыходская школа, з 1909 — нар. вучылішча. З крас. 1919 Баронькі ў Гомельскай губ. РСФСР, з сак. 1924 зноў у складзе БССР. З 17.7.1924 у Бялынкавіцкім раёне, з 20.8.1924 цэнтр сельсавета. З 4.8.1927 у Касцюковіцкім раёне. У жн. 1941—вер. 1943 вёска акупіравана ням.-фаш. захопнікамі. У 1970 было 627 ж., 180 двароў.

т. 2, с. 316

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)