Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)
ЛЯ́МПА БЯГУ́ЧАЙ ХВА́ЛІ,
электравакуумная прылада для ўзмацнення па магутнасці эл.-магн.ЗВЧ ваганняў, у якой электронны паток узаемадзейнічае з запаволенай бягучайэл.-магн. хваляй. Выкарыстоўваецца ў лініях далёкай сувязі для перадачы вял. колькасці інфармацыі.
Створана амер. вучоным Р.Компфнерам у 1943. Характарызуецца вял. шырынёй паласы частот (дазваляе, напр., перадаваць адначасова ад дзесяткаў да соцень тэлевізійных праграм), малым каэфіцыентам шуму, вял. каэфіцыентам узмацнення. Адрозніваюць Л.б.х. О-тыпу з прамалінейным электронным патокам (найб. пашырана) і М-тыпу, дзе электронны паток рухаецца ў перакрыжаваных пастаянных эл. і магн. палях. Каэфіцыент узмацнення да 50 Дб і больш, дыяпазон частот ад 300 МГц да 300 ГГц, ккдз ад 20 да 60%. Гл. таксама Лямпа звышвысокачастотная.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«ИЗВЕ́СТИЯ ЦК КПСС»,
«Известия Центрального комитета Коммунистической партии Советского Союза», савецкі інфармацыйны часопіс. Выдаваўся ў Маскве ў 1919—29 [пад назвамі «Известия ЦК РКП(б)» і «Известия ЦКВКП(б)»] і ў 1989—91. Друкаваліся рашэнні вышэйшых органаў партыі, інфармацыя аб бягучай дзейнасці ЦККПСС, яго кіруючых органаў, паведамленні пра кадравыя перамяшчэнні, біяграфіі асобных парт. функцыянераў, дакументы з архіваў партыі і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІНТЭНСІ́ЎНАСЦЬ ГУ́КУ, сіла гуку,
сярэдняя па часе энергія, якую гукавая хваля пераносіць за адзінку часу праз адзінку плошчы паверхні, размешчанай перпендыкулярна да напрамку распаўсюджання хвалі. Для плоскай сінусаідальнай бягучай хвалі І.г. I = p2/2ρc−v2ρc/2 дзе p — амплітуда гукавога ціску, v — амплітуда вагальнай скорасці часцінак, ρ — шчыльнасць асяроддзя і c — скорасць гуку ў ім. Адзінка І.г. ў СІ — ват на квадратны метр (Вт/м²).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МІЖНАРО́ДНАЕ САЦЫЯЛІСТЫ́ЧНАЕ БЮРО́ (МСБ),
пастаянны выканаўча-інфармацыйны орган Інтэрнацыянала 2-га ў 1900—22. Створана ў вер. 1900 паводле рашэння Парыжскага кангрэса (1900). Знаходзілася ў Бруселі. Уваходзілі па 2 дэлегаты ад кожнай сацыяліст. партыі. Склікалася некалькі разоў на год, паміж пасяджэннямі яго бягучай дзейнасцю кіраваў Выканком Бельг.сацыяліст. партыі. Старшыня МСБ — Э.Вандэрвельдэ, сакратар (з 1905) — К.Гюісманс. МСБ выконвала пераважна тэхн. функцыі: збор інфармацыі, рассылка дакументаў 2-га Інтэрнацыянала і інш. З пачаткам 1-й сусв. вайны фактычна спыніла дзейнасць.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛЯ́МПА ЗВЫШВЫСОКАЧАСТО́ТНАЯ,
электравакуумная прылада для ўзмацнення і генерыравання звышвысокачастотных эл.-магн. ваганняў (частата больш за 300 МГц). Выкарыстоўваецца ў электроніцы і радыётэхніцы (гл.Звышвысокачастотная тэхніка).
Паводле прынцыпу работы, фіз. працэсаў у лямпе і механізма пераўтварэння энергіі Л.з. падзяляюцца на 4 класы. Да 1-га адносяць лямпы з сеткавым кіраваннем, якія ад нізкачастотных лямпаў адрозніваюцца спец. канструкцыяй, што забяспечвае малы ўплыў міжэлектродных ёмістасцей і індуктыўнасцей вывадаў. 2-і клас складаюць Л.з. О-тыпу, дзе выкарыстоўваецца мадуляцыя электронаў па скорасці і наступная іх фазавая групоўка ў працяглых лінейных сістэмах. Да іх адносяць клістрон, лямпу адваротнай хвалі О-тыпу, лямпу бягучай хвалі О-тыпу. 3-і клас — лямпы М-тыпу, дзе працэсы фазавай групоўкі і пераўтварэння энергіі адбываюцца ў перакрыжаваных пастаянных эл. і магн. палях. Бываюць лямпы з катодам у прасторы ўзаемадзеяння (напр., магнетрон) і катодам па-за межамі гэтай прасторы (напр., лямпа адваротнай хвалі М-тыпу, лямпа бягучай хвалі М-тыпу). Да 4-га класа адносяць Л.з. з перыядычнымі электроннымі патокамі, дзе выкарыстоўваецца ўзаемадзеянне вінтавых, спіралізаваных, трахаідальных і інш. электронных патокаў з незапаволенымі эл.-магн. хвалямі ў гладкасценных эл.-дынамічных сістэмах, напр., мазер на цыклатронным рэзанансе, лазер на свабодных электронах, гіратрон, пеніятрон.
Літ.:
Кураев А.А. Сверхвысокочастотные приборы с периодическими электронными потоками. Мн., 1971;
Кураев А.А., Байбурин В.Б., Ильин Е.М. Математические модели и методы оптимального проектирования СВЧ приборов. Мн., 1990.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АКУСТАЭЛЕКТРЫ́ЧНЫ ЭФЕ́КТ,
узнікненне пастаяннага току ці электрарухальнай сілы ў праводным асяроддзі (метал, паўправаднік) пад уздзеяннем бягучай ультрагукавой (УГ) хвалі. Адкрыты Г.Вайнрахам і Х.Дж.Уайтам (ЗША, 1957) у монакрышталях германію. Паяўленне эл. току звязана з перадачай імпульсу (і адпаведна энергіі) ад гукавой хвалі электронам праводнасці. Пад уздзеяннем УГ хвалі ў правадніку ўзнікаюць лакальныя эл. палі, якія распаўсюджваюцца разам з хваляй і захопліваюць носьбіты зараду, што прыводзіць да ўзнікнення акустаэл. току. Акустычны эфект адносіцца да нелінейных эфектаў (гл.Нелінейная акустыка). Выкарыстоўваецца для вымярэння магутнасці УГ сігналу, частотных характарыстык УГ пераўтваральнікаў, для даследавання эл. уласцівасцяў паўправаднікоў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЕНЕРА́ТАРНАЯ ЛЯ́МПА,
электронная лямпа для пераўтварэння энергіі пастаяннага (радзей пераменнага) току ў энергію эл. ваганняў.
Генератарныя лямпы адрозніваюць паводле дыяпазону частот, колькасці электродаў (трыёд, тэтрод, пентод і інш.), магутнасці, што рассейваецца анодам (малой магутнасці — да 50 Вт, сярэдняй — да 5 кВт, вялікай — больш за 5 кВт), роду работы (неперарыўнага дзеяння і імпульсныя), канструкцыі балона (шкляныя, металашкляныя, металакерамічныя) і інш.; генератарная лямпа для дэцыметровага і больш высокачастотных дыяпазонаў хваль маюць уласную рэзанансную вагальную сістэму (клістрон, лямпа адваротнай хвалі, лямпа бягучай хвалі, магнетрон і інш.). Выкарыстоўваюцца ў радыёперадатчыках рознага прызначэння, вымяральнай тэхніцы, прамысл. устаноўках індукцыйнага нагрэву і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АМЕРЫКА́НСКАЯ АКАДЭ́МІЯ КІНЕМАТАГРАФІ́ЧНЫХ МАСТА́ЦТВАЎ І НАВУ́К (Academy of Motion Picture Arts and Sciences; АМПАС),
Амерыканская кінаакадэмія, грамадская арг-цыя ў ЗША Засн. ў 1927 у Галівудзе. Займаецца праблемамі павышэння адукацыйнага, прафес. і тэхн. ўзроўню амер. кінематаграфіі. Аб’ядноўвае больш за 4 тыс. членаў. Мае 12 секцый (рэжысёрская, акцёрскага мастацтва, сцэнарная, кампазітарская, прадзюсерская і інш.). Вядзе інфармацыйную (3 разы на год выдае каталогі бягучайамер. кінапрадукцыі, даведнікі) і лекцыйную работу, дапамагае маладым кінематаграфістам. З 1929 штогод прысуджае прэміі «Оскар» амер. (іншы раз англ.) фільмам за дасягненні ў 26 асобных галінах кінематографа (па 26 намінацыях), а таксама за лепшы замежны фільм года. Прысуджаюцца спец. прэміі «Оскар» за ўклад у кінамастацтва ў цэлым. З 1973 арганізуе конкурсы студэнцкіх фільмаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПРАГРА́МАў інфарматыцы,
дакладнае апісанне на фармальнай мове паслядоўнасці дзеянняў аўтаматычнай прылады (часцей ЭВМ); рэалізуе распрацаваны алгарытм.
П. ЭВМ складаецца з сукупнасці каманд (інструкцый), якія выкарыстоўваюцца для кіравання яе работай. Каманды выконваюць арыфметыка-лагічныя аперацыі над данымі ці аналізуюць вынікі такіх аперацый. Аўтаматызм выканання дасягаецца тым, што за бягучай камандай (акрамя апошняй) абавязкова называецца чарговая або тая, якая вызначаецца камандай умоўнага ці безумоўнага пераходу. Выбар напрамку ў камандах галінавання залежыць ад выніку аперацый над данымі. Некат. каманды ці іх групы могуць выконвацца шматразова, таму працягласць работы П. залежыць ад уваходных даных (П. рэагуе на разнастайнасць даных і іх пераўтварэнні). Распрацоўка П. — адна з асноўных задач прыкладной матэматыкі.