БЭ́НЬЯН,
Баньян (Bunyan) Джон (28.11.1628, Элстаў, каля г. Бедфард, Вялікабрытанія — 31.8.1688), англійскі пісьменнік і прапаведнік. У час праследавання Сцюартамі дысідэнтаў зняволены (1660—72). Форму «прывідных уяўленняў» выкарыстаў у аўтабіягр. аповесці «Шчодрая міласэрнасць, што выліваецца на галоўнага грэшніка» (1666) і барочным алегарычным рамане «Шлях паломніка» (ч. 1—2, 1678—84), прысвечаных тэме пакутлівых пошукаў ісціны і сэнсу жыцця. Разбэшчанасці і цынізму эпохі Рэстаўрацыі Бэньян проціпаставіў высокія ідэалы хрысціянства, імкненне чалавечай душы да маральнага самаўдасканалення. Яго гратэскны вобраз Кірмашу Пыхлівасці, на якім усё прадаецца і купляецца, лёг у аснову рамана У.Тэкерэя з аднайм. назвай. Сатырычны вобраз англ. буржуа стварыў у рамане «Жыццё і смерць містэра Бэдмана» (1680).
Літ.:
Самарин Р.М. Джон Бэньян // Виппер Ю.Б., Самарин Р.М. Курс лекций по истории зарубежных литератур XVII в. М., 1954;
Яго ж. Бэньян;
Бетлер // Историа всемирной литературы. М., 1987. Т. 4.
Г.В.Сініла.
т. 3, с. 384
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЭ́ТЛЕР,
Батлер (Butler) Сэмюэл (8.2.1612, каля г. Вустэр, Вялікабрытанія — 25.9.1680), англійскі паэт-сатырык эпохі Рэстаўрацыі. Аўтар іроікамічнай, антыпурытанскай паэмы ў стылі барока «Гудыбрас» (ч. 1—3, 1663—78, не скончана). Бэтлер звяртаецца да «Дон Кіхота» М.Сервантэса (рыцар пурытанізму Гудыбрас выпраўляецца ў падарожжа са сваім верным «збраяносцам» — кручкатворам і крывадушнікам Ральфа) і парадзіруе куртуазныя (рыцарскія) раманы. У паэме створана цэласная сатыр. карціна англ. жыцця 17 ст. Гал. зброя сатыры Бэтлера — іронія і гратэск. Яго вершаваныя сатыры і эпіграмы сабраны ў «Розных думках» (выд. 1759).
Тв.:
Рус. пер. — [Стихи] // Европейская поэзия XVII в. М., 1977.
Літ.:
Самарин М.Р. Бэньян;
Бетлер // История всемирной литературы. М., 1987. Т. 4;
Ступников И.В. Литература эпохи Реставрации // История зарубежной литературы XVII в. М., 1987.
Г.В.Сініла.
т. 3, с. 386
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)