БУРКО́ВІЧ Веньямін Антонавіч

(29.7.1937, с. Усць-Коін Усць-Вымскага р-на, Рэспубліка Комі — 28.12.1983),

бел. цымбаліст. Засл. арт. Беларусі (1967). Скончыў Бел. кансерваторыю (1962). З 1952 артыст, саліст, канцэртмайстар Дзярж. нар. аркестра БССР, з 1974 саліст Бел. філармоніі. У рэпертуары былі арыг. творы бел. кампазітараў, пералажэнні п’ес кампазітараў-класікаў. Яго выкананне адметнае віртуознасцю, тэмпераментам, багатай нюансіроўкай, артыстызмам. Лаўрэат конкурсаў Усесаюзнага і VI Сусв. фестываляў моладзі і студэнтаў (1957, Масква).

т. 3, с. 351

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Бурковіч В. А. 2/223, 233, 479; 4/224—225 (укл.), 229; 11/482; 12/624, 677, 678

Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)

ДЗЯРЖА́ЎНЫ АКАДЭМІ́ЧНЫ НАРО́ДНЫ АРКЕ́СТР РЭСПУ́БЛІКІ БЕЛАРУ́СЬ імя І.І.Жыновіча.

Пачаў дзейнасць у Мінску ў 1930 як Бел. дзярж. ансамбль нар. інструментаў (створаны на аснове ансамбля нар. інструментаў Бел. муз. тэхнікума, 1928). Першы маст. кіраўнік Дз.Захар (1930—35), з 1946 маст. кіраўнік і гал. дырыжор І.Жыновіч, з 1975 — М.Хазінец. У 1937 ператвораны ў Аркестр бел. нар. інструментаў у складзе Бел. філармоніі, з 1948 наз. Дзярж. нар. аркестр БССР, імя І.Жыновіча з 1974, акадэмічны з 1987. Аркестр унікальны па складзе інструментаў і па гучанні. Асн. месца належыць бел. цымбалам, уключае таксама дудкі і ліры, баяны, флейты, габоі, кларнеты, групу ўдарных. У рэпертуары больш за 1000 арыгінальных твораў і пералажэнняў бел. кампазітараў, у т.л. У.Алоўнікава, А.Багатырова, Я.Глебава, Я.Дзягцярыка, Жыновіча, Э.Зарыцкага, В.Іванова, С.Картэса, У.Кур’яна, А.Мдывані, В.Помазава, Ю.Семянякі, Дз.Смольскага, Р.Суруса, К.Цесакова, Я.Цікоцкага, М.Чуркіна і інш., кампазітараў-класікаў, сучасных замежных аўтараў. З аркестрам выступалі майстры бел. сцэны Л.Александроўская, Л.Аляксеева, З.Бабій, І.Балоцін, М.Ворвулеў, С.Данілюк, М.Дзянісаў, С.Друкер, В.Малькова, Р.Млодак, Т.Ніжнікава, І.Пятроў, І.Сарокін, Н.Ткачэнка, а таксама спевакі Расіі, Украіны, Зах. Еўропы і інш. Калектыў гастраліруе за мяжой, удзельнік шматлікіх фестываляў і конкурсаў. У розны час у аркестры працавалі цымбалісты А.Астрамецкі, В.Бурковіч, С.Навіцкі, Х.Шмелькін, М.Шмелькін і інш.; працуюць (1997) салісты А.Курмакін, С.Лясун, А.Рудкоўскі.

Літ.:

Жинович И.И. Государственный белорусский народный оркестр. Мн., 1958;

Ракова Е.Я. Государственный народный оркестр БССР имени И.И.Жиновича. Мн., 1978.

А.Я.Ракава.

Дзяржаўны акадэмічны народны аркестр Рэспублікі Беларусь.

т. 6, с. 147

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)