ГУ́ТЭН ((Hutten) Ульрых фон) (21.4.1488, замак Бург-Штэкельберг, каля г. Шлюхтэрн, Германія — 29.8.1523),

нямецкі пісьменнік-гуманіст, публіцыст, ідэолаг рыцарства. З франконскага рыцарскага роду. У 1505—11 і пазней вучыўся ў шэрагу ням. і італьян. ун-таў. З 1519 прыхільнік рэлігійнай Рэфармацыі і М.Лютэра. Пісаў пераважна на лац. мове. Адзін з аўтараў антысхаластычнай і антыцарк. ананімнай сатыры «Пісьмы цёмных людзей» (1515—17). Аўтар памфлетаў, дыялогаў, пісем, у якіх стварыў ідэальны маст. вобраз Армінія, прапагандаваў ант. спадчыну, выступаў за рэформу імперыі (моцная вярх. ўлада імператара), адзінства Германіі, стварэнне незалежнай ад Рыма царквы, развіццё культуры на гуманіст. аснове і інш. Ідэйны правадыр рыцарскага паўстання 1522—23. Пасля яго паражэння ўцёк у Швейцарыю, дзе і памёр.

Тв.:

Рус. пер. — Диалоги. Публицистика. Письма. М., 1959.

т. 5, с. 551

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КЛА́ЎЗЕВІЦ ((Clausewitz) Карл фон) (1.6.1780, Бург, каля г. Магдэбург, Германія — 16.11.1831),

нямецкі ваен. дзеяч, тэарэтык і гісторык. Ген.-м. прускай арміі (1818). На вайск. службе з 1792. Удзельнік войнаў з Францыяй 1793—94, 1806—07, 1812—15 (у 1812—14 на рас. службе; у вайну 1812 удзельнічаў у баях на тэр. Беларусі, у т. л. пад Астроўнам). У 1818—30 дырэктар ваен. вучылішча ў Берліне. Гал. праца — гіст. даследаванне «Аб вайне» (т. 1—3, выдадзена пасмяротна ў 1832—34, бел. пер. 1933—34). Устанавіў сувязь вайны з палітыкай («вайна ёсць працяг палітыкі іншымі сродкамі»), шэраг стратэг. прынцыпаў, неабходных для дасягнення перамогі, вырашаў праблемы суадносін наступлення і абароны, падкрэсліваў значэнне маральнага духу арміі і інш.

Тв.:

Рус. пер. — К.​Клаузевиц о войне. М., 1990.

т. 8, с. 327

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БРУ́ГЕ (флам. Brugge, франц. Bruges),

горад на ПнЗ Бельгіі. Адм. ц. правінцыі Зах. Фландрыя. 116,7 тыс. ж. (1993). Трансп. вузел; марскі (суднаходнымі каналамі звязаны з аванпортам на Паўн. моры г. Зебруге) і рачны порт. Гандаль нафтай, вугалем, жал. рудой, рыбай і інш. Металаапрацоўка, машынабудаванне (суднабудаванне і рамонт, аўтазборка, выраб тэлевізараў), хім., тэкст., мэблевая, харчасмакавая прам-сць; традыцыйная вытв-сць карункаў. Цэнтр турызму. Музей нідэрл. мастацтва. Муніцыпальная маст. галерэя.

Упершыню ўпамінаецца ў 7 ст. У 9 ст. тут пабудаваны замак графаў Фландрскіх, з канца 11 ст. — іх рэзідэнцыя. Цэнтр антыфранц. паўстання 1302 (гл. «Бругская ютрань»). У 13—15 ст. адзін з цэнтраў міжнар. крэдытных аперацый, узначальваў т.зв. Лонданскую ганзу фландрскіх купцоў, тут знаходзілася іх самая буйная факторыя, цэнтр вытв-сці сукна з англ. воўны.

Арх. своеасаблівасць гораду, які называюць Паўночнай Венецыяй, надаюць старадаўнія вузкія дамы, цэрквы і вежы, шматлікія каналы з выгнутымі мастамі. На пл. Гротэ-маркт размешчаны Суконныя рады (1248—1364) з гар. вежай (1283—1482), на пл. Бург — ратуша (1376—1421) і капэла Святой крыві (каля 1480). Сярод цэркваў — сабор Сінт-Салватор (12—18 ст.), Онзе-ліве-Враўэкерк (1210—1549; з «Мадоннай» Мікеланджэла, бронзавымі грабніцамі Марыі Бургундскай і Карла Смелага, 16 ст.). У Суконных радах, доме Грутхусе (1420—70), прытулку Потэры (1276) — музеі нідэрл. мастацтва, у зале капітула (1685) шпіталя Сінт-Янс — музей Г.​Мемлінга.

Да арт. Бруге. Гарадская вежа. 1482.
Да арт. Бруге. Шпіталь Сінт-Янс. 14—15 ст.

т. 3, с. 264

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАРАЗІТАЛО́ГІЯ (ад паразіты + ...логія),

біялагічная навука пра паразітычныя арганізмы, выкліканыя імі хваробы жывёл, чалавека і раслін, метады і сродкі барацьбы з паразітозамі. Падзяляецца на агульную, мед., вет., экалагічную і агранамічную. Асн. метады даследавання — мікраскапічны, эксперым., клінічны. Зачаткі П. ўзніклі ў глыбокай старажытнасці. Сістэм. вывучэнне паразітаў пачалося ў 18 ст. (К.Ліней, П.С.Палас, К.І.Скрабін і інш.). На Беларусі пытанні П. сістэматычна вывучаюцца з 1920—30-х г.: даследавалася фауна паразітычных прасцейшых (П.​М.​Мардасаў, К.​Ф.​Расцягаева, С.​П.​Сузько, В.​Л.​Якімаў і інш.), кляшчоў (М.​А.​Аленеў, А.​Е.​Беліцэр, В.​Ф.​Гусеў), насякомых (Р.Я.Бей-Біенка, А.​У.​Бург, А.​Р.​Маеўскі і інш.), гельмінтаў (Х.С.Гарагляд, В.Ф.Чарвякоў і інш.), узбуджальнікаў хвароб раслін (В.Ф.Купрэвіч, М.А.Дарожкін). Даследаванні вядуцца ў ін-тах заалогіі, эксперым. батанікі, Нац. АН Беларусі, Бел. НДІ аховы раслін, эксперым. ветэрынарыі, эпідэміялогіі і мікрабіялогіі, Віцебскай акадэміі вет. медыцыны, Брэсцкім пед. ун-це і інш. Асн. кірункі даследаванняў: арахнаэнтамалагічны, гельмінталагічны, протазаалагічны, паразітацэналагічны. У 1970—90-я г. высвятляліся асаблівасці і краявой П., распрацоўваліся метады дыягностыкі і ліквідацыі асн. паразітаў, вывучаўся іх патагенез і клініка, фауна, экалагічная і эпідэміял. значнасць гельмінтаў, крывасосных кляшчоў і насякомых у лясных біяцэнозах, урбаландшафтах, з 1986 у зоне аварыі Чарнобыльскай АЭС. Распрацаваны інтэгральны кантроль крывасосных мошак па прафілактыцы сімуліятаксікозу буйн. раг. жывёлы, практычныя рэкамендацыі па барацьбе з эймерыёзамі с.-г. жывёл, птушак і абмежаванні пашырэння асн. узбуджальнікаў хвароб. Найб. ўклад у гэтыя даследаванні зрабілі І.Ц.Арзамасаў, М.П.Карасёў, А.І.Ятусевіч, Н.​С.​Балагіна, Е.​І.​Бычкова, АС.​Гембіцкі, В.​М.​Капліч, К.​М.​Кірыенка, А.​Г.​Лабецкая, І.​В.​Меркушова, М.​М.​Трухан, Н.​В.​Цярошкіна, І.​В.​Чыкілеўская, Г.​А.​Яфрэмава.

Літ.:

Каплич В.М., Усова З.В. Кровососущие мошки лесной зоны. Мн., 1990;

Ятусевіч А.І., Карасёў М.П., Якубоўскі М.В. Паразіталогія і інвазійныя захворванні жывёл. Мн., 1998;

Клещи (Acari) фауны Беларуси: Кат. М., 1998.

Г.​А.​Яфрэмава.

т. 12, с. 83

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)