БУЛЬДО́ГІ (англ. bulldog ад bull бык + dog сабака),

пароды караткамордых сабак. Выкарыстоўваюцца як свойскія вартавыя сабакі (англ. бульдог) або дэкар. (франц. бульдог). Гадуюць сабакаводы-аматары ва ўсім свеце.

Англійскі бульдог выведзены ў Вялікабрытаніі. Тулава кароткае, з шырокімі грудзямі. Выш. ў карку каля 40 см, маса да 25 кг. Галава масіўная, шырокая, з вельмі кароткай, узнятай мордай і ніжняй сківіцай, якая выступае ўперад. Масць белая, тыгравая, плямістая. Французскі бульдог выведзены ў Францыі. Нагадвае англ. бульдога. Лічыцца, што продкам яго быў бульдог карлікавай формы. Мае моцную канстытуцыю. Выш. ў карку 30—35,5 см, маса да 14 кг. Масць тыгравая (дробныя палосы чорнай поўсці на бронзавым, рыжым або палевым фоне), белая, плямістая. Тып паводзін — тэмпераментны, адважны.

Да арт. Бульдогі: 1 — французскі; 2 — англійскі.

т. 3, с. 335

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДО́ГІ (ад англ. dog сабака),

догападобныя сабакі, група парод службовых сабак. Выкарыстоўваліся як паляўнічыя, баявыя, вартавыя і ахоўныя, цяпер — як свойскія вартавыя і службовыя сабакі. Радзіма Д. — Тыбет; пашырыліся да Еўропы, Паўн. Афрыкі, Японіі. Ад тыбецкіх Д. узніклі сучасныя пароды — баксёры, бульдогі, мастыфы і інш. Назва «Д.» захавалася за ням., выведзеным у Германіі ў сярэдзіне 19 ст., стараж. байцоўскім бардоскім і белым паляўнічым аргенцінскім, выведзенымі ў 1920-я г.

Нямецкі Д. — самая вял. сярод інш парод сабак. Выш. ў карку 72—80 см, маса 70 кг і больш Канстытуцыя моцная, сухая, касцяк і мускулатура магутныя. Грудзі глыбокія, галава доўгая, з шырокімі масіўнымі сківіцамі, на доўгай шыі. Поўсць кароткая, густая, бліскучая. Масць чорная. мармуровая, палевая. тыгравая, блакітнавата-шэрая розных адценняў. Характэрны алюр — галоп.

Э.​Р.​Самусенка.

Дог нямецкі.

т. 6, с. 175

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)