Булы (в., Віцебская вобл.) 1/215
Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)
БУ́ЛА (ад лац. bulla шарык),
1) у сярэднявеччы віслая металічная (са свінцу, серабра, золата) пячатка, якая змацоўвала папскі, імператарскі, каралеўскі, княжацкі дакумент, а таксама назва адпаведнага дакумента. Назва паходзіць ад металічных шарыкаў, праз якія працягваўся шнурок і на якіх адціскаўся адбітак спец. шчыпцамі — булаторыямі. У Рыме булы з’явіліся ў канцы 4 ст. З канца 10 ст. вядомы на Русі. Свінцовыя булы і тыпалагічна блізкія да іх пломбы 12 ст. знойдзены ў Брэсце, Ваўкавыску, Віцебску, Гродне, Мінску, Тураве і інш. Пячаткі тыпу булы полацкага кн. Ізяслава Уладзіміравіча і Ефрасінні Полацкай выяўлены ў Ноўгарадзе.
т. 3, с. 326
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КУРФЮ́РСТЫ (ням. Kurfürsten літар. князі-выбаршчыкі),
у «Свяшчэннай Рымскай імперыі» князі, якія з 13 ст. мелі права выбіраць герм. караля (імператара). З’явіліся ва ўмовах тэр. раздробленасці сярэдневяковай Германіі і аслаблення тут цэнтр. улады. Правы і асаблівыя прывілеі К. былі аформлены паводле Залатой булы (1356). Яны мелі поўную паліт. самастойнасць у межах імперыі, дыктавалі імператару ўмовы, якія той павінен быў выконваць. У 13 ст. К. былі свецкія князі Саксоніі, Брандэнбурга, Пфальца, кароль Чэхіі, архіепіскапы гарадоў Трыр, Кёльн і Майнц. У 17 ст. правы курфюрства атрымала Баварыя, у 18 ст. — Гановер, у 19 ст. — Вюртэмберг, Бадэн, Гесен-Касель, Зальцбург. Калегія К. перастала існаваць пасля ліквідацыі «Свяшчэннай Рымскай імперыі» (1806).
т. 9, с. 54
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗАЛАТА́Я БУ́ЛА (лац. Bulla aurea, венг. Aranybulla),
1) адзін з важнейшых юрыд. актаў у сярэдневяковай Венгрыі. Выдадзена ў 1222 венг. каралём Андрашам II Арпадам пад націскам т.зв. каралеўскіх слуг (пазней з іх сфарміравалася сярэдняя шляхта). З.б. гарантавала ім правы, якія да гэтага мелі магнаты (бароны): вызваленне ад падаткаў, права судаводства ў камітатах, абмежаванне абавязку ваен. службы і інш.; прадстаўляла вышэйшай і сярэдняй шляхце права паўстання супраць караля ў выпадку парушэння ім булы (адменена ў 1687).
2) Пастанова, прынятая ў 1356 у «Свяшчэннай Рым. імперыі» на імперскіх сеймах у гарадах Нюрнберг і Мец, зацверджаная імператарам Карлам IV Люксембургскім у якасці асн. канстытуцыйнага акта. Рэгулявала парадак выбрання імператара курфюрстамі, устанаўлівала час і месца выбарчага з’езду, вызначала рангі, абавязкі і прывілеі курфюрстаў. Дзейнічала да 1806.
т. 6, с. 509
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)