БУКЧА́НСКІ,

біялагічны заказнік на Тапілаўскім балоце ў Лельчыцкім р-не Гомельскай вобл. Засн. ў 1979 для захавання ў прыродным стане месцаў росту журавін. Пл. 4,9 тыс. га (1996).

Паверхня — згладжаны градава-балоцісты комплекс. Цэнтр. ч. бязлесая. На ўскраінах растуць хваёвыя, бярозавыя, чорнаальховыя, радзей асінавыя і дубовыя лясы балотнага тыпу. На ўчастках з мінер. глебамі чарнічныя, месцамі лішайнікавыя, верасовыя, бруснічныя тыпы лесу. Вызначаецца багаццем журавін, бабку трохлістага, чаротніку белага, расце таксама рэдкі барэальна-таежны від — журавіны драбнаплодныя.

Г.​У.​Вынаеў.

т. 3, с. 326

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛЕ́ЛЬЧЫЦКІ РАЁН.

На ПдЗ Гомельскай вобл. Утвораны 17.7.1924, у 1962 ліквідаваны, у 1965 адноўлены. Пл. 3,2 тыс. км². Нас. 31,3 тыс. чал. (1998), гарадскога 30%. Сярэдняя шчыльн. 10 чал. на 1 км². Цэнтр — г.п. Лельчыцы.

Уключае 72 сельскія нас. пункты, 14 сельсаветаў: Астражанскі, Бараўскі, Буйнавіцкі, Букчанскі, Глушкавіцкі, Грабянёўскі, Дзяржынскі, Дуброўскі, Лельчыцкі, Мілашавіцкі, Сіманіцкі, Стадоліцкі, Тонежскі, Ударненскі. Раён пацярпеў ад аварыі на Чарнобыльскай АЭС, б.ч. яго тэрыторыі забруджана радыенуклідамі. 2 вёскі адселены.

Тэр. раёна размешчана ў межах Мазырскага Палесся і Прыпяцкага Палесся. Паверхня пласкахвалістая, 70% тэрыторыі на выш. 120—150 м, найвыш. пункт 167 м (за 2 км на ПдЗ ад в. Запясочнае). Карысныя выкапні: буры вугаль, торф, буд. (Глушкавіцкае радовішча будаўнічага каменю) і абліцовачны камень граніт (радовішча Кар’ер Надзеі каля в. Глушкавічы), каалін, гліны, суглінкі, пяскі шкловыя і фармовачныя. Сярэдняя т-ра студз. -5,8 °C, ліп. 18,6 °C. Ападкаў 546 мм за год. Вегетац. перыяд 199 сут. Найб. рэкі: Убарць з Каросцінкай, Свінавод, Сцвіга з прытокам Плаў. Буйнейшыя меліярац. каналы: Жмурненскі, Братухінскі, Валаўскі. Пераважаюць глебы тарфяна-балотныя (39,1%), дзярнова-падзолістыя забалочаныя (32,5%), дзярнова-падзолістыя (16,7%). Пад лесам 68% тэрыторыі, з іх 24% — штучныя насаджэнні (хвоя, дуб). Найб. лясістасць на З раёна. Лясы пераважна хваёвыя, бярозавыя, дубовыя, трапляюцца чорнаальховыя, яловыя, таполевыя, асінавыя, грабавыя і інш. Балоты займаюць 34,5 тыс. га, найб. Тапілаўскае балота і Кандаль-Яловец-Вольхава. У раёне частка нац. парку Прыпяцкі; заказнікі: рэсп. значэння — біял. Букчанскі; мясц. значэння гідралагічныя Берын, Заручэўе, Засадзішча, Лахніцкае, Лельчыцкае, Лугавое, Манчыцы, Невіца, Рэчыца, Тапілаўскае; помнікі прыроды рэсп. значэння: дуб у Данілевіцкім лясніцтве; выхад на паверхню крышт. парод каля в. Глушкавічы. Зона адпачынку Чырвонабярэжжа. На левабярэжжы р. Убарць рэліктавы хмызняк пантыйскай азалеі (жоўтага рададэндрану).

Агульная пл. с.-г. угоддзяў 50 тыс. га, з іх асушаных 26,8 тыс. га. На 1.1.1999 у раёне 19 калгасаў, 3 саўгасы, 4 фермерскія гаспадаркі. Асн. галіны сельскай гаспадаркі: мяса-малочная жывёлагадоўля, пашыраны пасевы збожжавых і кармавых культур, бульбы. Прадпрыемствы харч. (масла, сыр, кансервы) і буд. матэрыялаў прам-сці. У в. Глушкавічы друзавы з-д (кар’ер «Сялянская ніва») і кар’ер «Глушкавічы» Мікашэвіцкага каменеапрацоўчага з-да. Тэр. раёна перасякаюць аўтадарогі Мазыр—Лельчыцы—Глушкавічы, Тураў—Лельчыцы—Славечна. У раёне 17 сярэдніх, 11 базавых, 11 пач., 1 муз., 1 маст. школы, прафес.-тэхн. вучылішча, 23 дашкольныя ўстановы, 22 клубы, 18 дамоў культуры, 33 б-кі, 5 бальніц, 1 паліклініка, 1 амбулаторыя, 29 фельч.-ак. пунктаў. Помнік архітэктуры: драўляная царква (18 ст.) у в. Прыбалавічы. Выдаецца газ. «Светлае жыццё».

Г.​С.​Смалякоў.

т. 9, с. 196

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БІЯЛАГІ́ЧНЫЯ ЗАКА́ЗНІКІ,

тэрыторыі, вылучаныя з мэтай захавання і аднаўлення каштоўных, а таксама рэдкіх і тых, што знікаюць, відаў раслін і жывёл. На Беларусі 52 біялагічныя заказнікі агульнай пл. 412,5 тыс. га (1995). Падзяляюцца на батанічныя і заалагічныя заказнікі: у Брэсцкай вобл.Баранавіцкі, Борскі, Міхалінска-Бярозаўскі, Радастаўскі, Спораўскі, Ялоўскі, Лукава, Тырвовічы і інш., у Віцебскай — Асвейскі, Вялікае Балота, Забалацце, Запольскі, Казьянскі, Лонна, Мошна, Фаміно, Чысцік, у Гомельскай — Бабінец, Буда-Кашалёўскі, Букчанскі, Веткаўскі, Жыткавіцкі, Струменскі, Чачэрскі, Чырковіцкі, Шабрынскі, Нізоўе Случы (ч. ў Брэсцкай вобл.), у Гродзенскай — Гожаўскі, Дубатоўскае, Парэцкі, Сапоцкінскі, Слонімскі, Дакудаўскі і інш., у Мінскай — Амяльнянскі, Дзянісавіцкі, Копыш, Ленінскі (ч. ў Брэсцкай вобл.), Мацеевіцкае, Налібоцкі (ч. ў Гродзенскай вобл.), Фаліцкі Мох, Чэрнеўскі, Антонава, Кайкаўскі, Лебядзіны і інш.

У біялагічных заказніках вызначаны спец. рэжым прыродакарыстання, які забяспечвае ахову асобных відаў, груп ці згуртаванняў раслін і жывёл з мэтай захавання генафонду, стварэння аптымальных умоў іх існавання або рацыянальнага выкарыстання пэўных раслінных і жывёльных рэсурсаў. У розных зонах рэспублікі створаны заказнікі-журавіннікі пераважна на вярховых балотах (каля 20) і заказнікі лек. раслін (каля 10). Адметныя біял. аб’екты ахоўваюцца і ў інш. заказніках (гідралагічных, ландшафтных і інш.).

А.​К.​Фядосаў.

т. 3, с. 173

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НЕАГЕ́НАВАЯ СІСТЭ́МА (ПЕРЫ́ЯД), неаген (ад неа... + грэч. genos нараджэнне, узрост),

2-я сістэма кайназойскай эратэмы (групы), адпавядае 2-му перыяду кайназойскай эры гісторыі Зямлі. Назву даў аўстр. геолаг М.​Гёрнес у 1853. У стратыграфічнай шкале размяшчаецца пасля палеагенавай сістэмы (перыяду) і папярэднічае антрапагенавай сістэме (перыяду). Удакладненыя храналагічныя рамкі сістэмы 23,8—1,77 млн. г. назад. Падзяляецца на 2 аддзелы — міяцэнавы аддзел (эпоха) 23,8—5,32 млн. г. назад і пліяцэнавы аддзел (эпоха) 5,32—1,77 млн. г. назад.

У неагене аформіліся сучасныя абрысы сушы і мора, завяршылася гораўтварэнне Альпійскай геасінклінальнай вобласці, узніклі сучасныя астраўныя дугі. Хуткі рост гор суправаджаўся складка- і шар’яжаўтварэннем, вулканічнай дзейнасцю, глабальнымі ваганнямі ўзроўню акіяна. Гэтыя працэсы вызначалі пахаладанне клімату і расшырэнне зледзянення Антарктыды пераважна ў 2-й пал. неагену. Ваганні клімату мелі выразны рытмічны характар (у міяцэне прыкладна з 3,7 млн. гадоў). У раннім міяцэне — моцнае пацяпленне і гумідызацыя клімату Зямлі, максімум якіх адбыўся 17—15 млн. г. назад. Потым узмацнілася тэндэнцыя да пахаладання і арыдызацыі клімату, у 1-й пал. пліяцэну з’явіліся покрыўныя ледавікі ў Паўн. паўшар’і. Зніжэнне т-р выклікала дыферэнцыяцыю ландшафтных зон, якія да канца пліяцэну занялі блізкае да сучаснага становішча. На фарміраванне прыродных умоў Еўропы меў уплыў цёплы акіян Тэціс і звязаны з ім вялізны кантынентальны марскі басейн Паратэціс на Пд сучаснай Еўропы, якія з сярэдняга міяцэну пачалі распадацца, утварыўшы Міжземнае мора, Азова-Чарнаморскі і Каспійскі басейны. Да канца неагену сфарміраваліся сучасныя рысы рэльефу і гідраграфічнай сеткі Зямлі. Адклады неагену трапляюцца на ўсіх кантынентах (пясчана-гліністая, маласавая, наземна-вулканагенная фармацыі) і на дне акіянаў (пясчана-гліністая, карбанатна-абломкавая, біягенная і эвапарытавая фармацыі); уключаюць радовішчы нафты, бурага вугалю, лігнітаў, радзей каменнага вугалю. Есць радовішчы серы, каменнай солі, баксітаў, россыпы рэдкіх металаў, а таксама бентанітавых і палыгарскітавых глін, алунітаў, каалінітаў, галузітаў, буд. матэрыялаў, керамічнай і цэментнай сыравіны, ртуці, волава, свінцу, цынку і інш. У раслінным свеце на сушы панавалі вышэйшыя расліны: пакрытанасенныя і голанасенныя. Ва ўмераных шыротах (у т. л. на тэр. Беларусі) асноўным кампанентам лясной расліннасці былі лістападныя дрэвы. У жывёльным свеце з’явіліся хобатныя, коневыя, бавіды і інш.; адбылося адасабленне сярод прыматаў сям. гамінідаў і роду рамапітэк (14 млн. г. назад), які даў першага прамога продка сучаснага чалавека.

На Беларусі ў міяцэне вылучаны 2 надгарызонты: брынёўскі (уключае смалярскі і букчанскі гарызонты) і антопальскі (бурноскі, лозскі, дзятомлінскі і асоцкі гарызонты), пліяцэн адпавядае калочынскаму надгарызонту (з холмецкім і дварэцкім гарызонтамі). Адклады Н.с.(п.) прадстаўлены кантынентальнымі фацыямі рачнога, азёрнага і балотнага генезісу, займаюць значныя плошчы на Палессі. Месцамі выходзяць на паверхню. Магутнасць адкладаў у Падляска-Брэсцкай упадзіне да 36 м, Прыпяцкім прагіне да 60 м. Пераважаюць кварцавыя пяскі, алеўрыты і гліны (з перавагай каалініту, монтмарыланіту), сярод якіх трапляюцца праслоі і лінзы бурага вугалю. Распрацоўваюцца радовішчы тугаплаўкіх і вогнетрывалых глін, шкловых пяскоў, разведаны радовішчы бурага вугалю (Жыткавіцкае, Брынёўскае і Тонежскае).

Літ.:

Стратиграфия СССР Неогеновая система. Полутома 1—2. М., 1986.

Т.​В.​Якубоўская.

т. 11, с. 252

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БАЛО́ТА,

залішне ўвільготнены ўчастак зямной паверхні, укрыты пластом торфу глыбінёй не менш як 30 см у неасушаным стане (менш як 30 см — забалочаныя землі). Найбольш балот у лясной зоне Паўн. паўшар’я (Пн Еўрап. часткі, Канада, Палессе, Зах. Сібір, Камчатка і інш. раёны), а таксама ў вільготных раёнах Афрыкі, Азіі і Паўд. Амерыкі. Агульная плошча балот у свеце каля 350 млн. га. У выніку гасп. дзейнасці балоты трансфармуюцца ў акультураныя с.-г., лясныя і паляўнічыя ўгоддзі, распрацоўваюцца прам-сцю, часткова займаюцца пад гар. і прамысл. забудовы. У прыродным стане выконваюць шматлікія біясферныя функцыі: месцажыхарства спецыфічных відаў балотнай флоры і фауны, бездакорныя геахім. бар’еры і прыродныя фільтры на шляхах руху водаў, рэгулятары клімату, газавага саставу атмасферы, захавальнікі інфармацыі аб змене расліннасці і клімату на працягу многіх тысячагоддзяў. Балоты вывучае навука балотазнаўства. На Беларусі балоты займаюць 2,5 млн. га (плошча асушаных 1,2 млн. га) з запасам торфу-сырцу 4,4 млрд. т. Тарфяных радовішчаў 9192, сярэдняя глыб. адкладаў торфу 1,87 м, найб. магутнасць тарфянога пласта 10,5 м.

Утвараліся балоты пераважна ў розныя перыяды з пачатку галацэну (10—12 тыс. г. назад) і да нашага часу ад забалочвання мінер. глебы або затарфавання вадаёмаў (гл. Балотаўтваральны працэс, Балотныя адклады).

Балоты падзяляюцца на нізінныя (эўтрофныя) з багатым грунтавым і паверхнева-сцёкавым жыўленнем, вярховыя (алігатрофныя) з бедным атм. жыўленнем і пераходныя (мезатрофныя), якія жывяцца атм. ападкамі і часткова паверхнева-сцёкавымі і грунтавымі водамі (гл. Балотныя воды). Паводле характару расліннасці бываюць лясныя, кустовыя, травяныя, мохавыя, паводле макрарэльефу — далінныя, поймавыя, схілавыя, водападзельныя. Нізінныя балоты ўтвараюцца ў далінах рэк, па берагах азёраў, у месцах выхаду крыніц. На Беларусі пашыраны на Пд і ПдЗ, асабліва на Палессі і Цэнтральнабярэзінскай раўніне. Складаюць 82,7% пл. ўсіх балотаў. Найб. балоты — Аброўскае, Выганашчанскае балота, Вялікі Лес, Грычын, Паганянскае балота, Хольча, Старобінскае і інш. Сярэдняя ч. гэтых балот ляжыць на адным узроўні з ускраінамі або ніжэй за іх, зрэдку паверхня нахіленая. Для нізінных балот характэрны эўтрофныя расліны, патрабавальныя да мінер. элементаў. Ва ўмераным клімаце гэта лясныя балоты з вольхай, бярозай, вярбой, хвояй, елкай, лазой або травяныя ці мохавыя балоты з асокамі, трыснягом, чаротам, рагозамі, разнатраўем, гіпнавымі і сфагнавымі імхамі. Фауна разнастайная: вадзяныя пацукі, палёўкі, выдры, зрэдку бабры і андатры, асабліва шмат птушак — кулікі, пагонічы, драчы, гусі, качкі, вялікі вераценнік, лугавы конік, бакас, балотная сава. Вярховыя балоты знаходзяцца звычайна на водападзелах. Найб. пашыраны ў паўн. ч. Беларусі (масівы Даўбенішкі, Весялоўскае, Стрэчна, Обаль-1 і інш.). Складаюць 13,1% пл. ўсіх балот Беларусі. Паверхня іх у сярэдзіне пукатая, таму што торф у цэнтры балот назапашваецца больш інтэнсіўна, чым на перыферыі. Для вярховых балот характэрны алігатрофныя расліны, непатрабавальныя да зольных элементаў. Флора бедная: дрэвы — хвоя, лістоўніца; кусцікі — верас балотны, мірт, багун, багноўка, журавіны, імшарніца, буякі; травы — шэйхцэрыя, падвей похвенны, марошка, чаротнік, расіца круглалістая; сфагнавыя імхі. Фауна таксама бедная: воўк (летам), лось, глушэц, курапатка белая, журавель. На Беларусі пераходныя балоты складаюць 4,2% пл. ўсіх балот. Буйныя масівы — Паддубічы, Асовіны, Смалярня і інш. Для іх характэрны мезатрофныя расліны: звычайныя бяроза пушыстая, хвоя, асокі, буякі, багун, журавіны, сфагнавыя і гіпнавыя імхі. Фауна мяшаная ад нізінных і вярховых балот. На Беларусі вял. масівы балот ахоўваюцца ў Бярэзінскім біясферным запаведніку, Прыпяцкім ландшафтна-гідралагічным запаведніку і Прыпяцкім радыяцыйна-экалагічным запаведніку, у нац. парку «Белавежская пушча». На балотах існуюць 8 гідралагічных заказнікаў (на масівах Выганашчанскае балота, Дзікае балота, Ельня, Заазер’е і інш.), 21 біял. заказнік (напр., Амяльнянскі, Бабінец, Букчанскі, Борскі, Вялікае Балота, Дзянісавіцкі, Дубатоўскае, Запольскі) і інш. На самых вял. і перспектыўных тарфяных радовішчах створаны 12 рэзерватаў бітумінознай сыравіны для атрымання тарфянога воску (Арэхаўскі Мох, масіў Скачальскага воз., Тажылаўскі Мох і інш.), 4 рэзерваты гідролізнай сыравіны для атрымання кармавых дражджэй і інш. прадукцыі (Даўбенішкі, Слаўнае, Сэрвач, Эсьмонскі Мох і інш.) і 113 радовішчаў тарфяных лек. гразяў. Балота з’яўляецца месцам палявання, збірання ягад, грыбоў, лекавых траў. Гл. таксама карту «Тарфяныя балоты».

Літ.:

Кац Н.Я. Болота земного шара. М., 1971;

Тюремнов С.Н. Торфяные месторождения. 3 изд. М., 1976;

Бамбалов Н.Н., Тановицкий И.Г., Беленький С.Г. Развитие исследований в области генезиса, использования и охраны торфяных месторождений Беларуси // Твёрдые горючие отложения Беларуси и проблемы охраны окружающей среды. Мн., 1992.

С.​Г.​Беленькі.

Балота нізіннае. Чорнаальхова-вадаперыцавая асацыяцыя.
Балота нізіннае травяна-асаковае.
Балота вярховае.
Балота пераходнае.

т. 2, с. 257

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЕЛАРУ́СКАЕ ПАЛЕ́ССЕ,

фізіка-геаграфічная падправінцыя Палескай правінцыі на б.ч. Брэсцкай і Гомельскай, невялікіх ч. на Пд Мінскай і крайнім ПдЗ Магілёўскай абласцей. Мяжуе на Пн з Заходне-Беларускай правінцыяй і Перадпалескай правінцыяй, на Пд — з Украінскім Палессем. Працягнулася з З на У больш як на 500 км, з Пн на Пд каля 200 км. Пл. 60 тыс. км². Падзяляецца на фіз.-геагр. раёны: Брэсцкае Палессе, Загароддзе, Прыпяцкае Палессе, Гомельскае Палессе, Мазырскае Палессе (гл. карту да арт. Фізіка-геаграфічнае раянаванне Беларусі).

У тэктанічных адносінах прымеркавана да Падляска-Брэсцкай упадзіны, Палескай седлавіны, Прыпяцкага прагіну, Брагінска-Лоеўскай седлавіны і частак інш. структур. Крышталічны фундамент залягае на глыб. 0,4—1,7 км на З, 0,4—6 км на У, на Мікашэвіцка-Жыткавіцкім выступе — на глыб. 20—50 м, на Пд выходзіць на паверхню (каля в. Глушкавічы Лельчыцкага р-на Гомельскай вобл.). У платформавым чахле найб. пашыраны адклады верхняга пратэразою, палеазою (дэвону і інш.), мезазою і кайназою (больш поўна, у параўнанні з астатняй тэр. Беларусі, развіты адклады палеагенавай і неагенавай сістэм). Пароды антрапагену ствараюць покрыва магутнасцю 20—100 м, у ледавіковых лагчынах да 200 м. Пераважаюць ледавіковыя, азёрна-алювіяльныя, алювіяльныя і балотныя адклады. Карысныя выкапні: нафта, гаручыя сланцы, буры вугаль, торф, калійныя і каменная солі, рэдкія металы, даўсаніт, буд. і абліцовачны камень, буд., шкловыя і фармовачныя пяскі, жвір, вогнетрывалыя і цагельныя гліны, мінералізаваныя і тэрмальныя воды, расолы і інш.

Асн. формы рэльефу ўтвораны дняпроўскім ледавіком і расталымі водамі сожскага ледавіка. Значная рэльефаўтваральная роля належыць эразійна-акумулятыўнай дзейнасці Прыпяці і яе прытокаў, стараж. і сучасных азёраў, балотаўтваральным і эолавым працэсам. Тэрыторыя Беларускага Палесся ахоплівае б.ч. Палескай і Прыдняпроўскай нізіны, на паверхні якіх пераважаюць водна-ледавіковыя (зандравыя), азёрна-алювіяльныя і алювіяльныя пясчаныя формы рэльефу. Трапляюцца марэнныя раўніны і канцова-марэнны градава-ўваліста-ўзгорысты рэльеф. Рачныя даліны Беларускага Палесся маюць шырокія поймы і тэрасы. Адзнакі паверхні вагаюцца ад 105 м над узр. м. (урэз вады ў р. Прыпяць пры выхадзе з тэр. Беларускага Палесся) да 220 м (за 5 км на Пд ад Мазыра на Мазырскай градзе), найб. пашыраны 120—150 м. У паніжаных ч. рэльефу — балоты (найб. масівы Паддубічы, Вялікі Лес, Выганашчанскае балота, Грычын, Загальскі масіў і інш.) і забалочаныя ўчасткі з азёрнымі катлавінамі. На рачных тэрасах і зандрах дзюны. Канцова-марэнныя ледавіковыя ўтварэнні (Загароддзе, Мазырская града, Юравіцкае ўзвышша, Хойніцка-Брагінскія вышыні і інш.) уздымаюцца над нізінамі да 40—80 м.

Клімат умерана кантынентальны (найб. цёплы на Беларусі), няўстойліва вільготны. Сярэднія т-ры студз. ад -4,4 °C на З да -7 °C на У (мінім. -36 °C), ліп. 18—19 °C (макс. 38 °C), ападкаў 540—645 мм за год (макс. 1115 мм). Вегетацыйны перыяд 193—208 дзён. Рэкі Дняпро і яго прытокі Сож, Бярэзіна і Прыпяць (гал. рака Беларускага Палесся) належаць да бас. Чорнага мора, Зах. Буг з Мухаўцом, Лясной і інш. — да бас. Балтыйскага мора. Суднаходныя каналы: Дняпроўска-Бугскі, Мікашэвіцкі і Агінскі (не дзейнічае); густая сетка меліярацыйных каналаў і канаў. Азёры Беларускага Палесся пераважна мелкаводныя, найб. з іх Чырвонае, Выганашчанскае, Чорнае, Спораўскае, Бабровіцкае, Арэхаўскае. Шмат азёраў-старыц у поймах рэк. Пабудаваны вадасховішчы Салігорскае, Лактышы, Пагост і інш. Глебы пераважна дзярнова-падзолістыя і дзярнова-падзолістыя забалочаныя на пясках, да ўзвышшаў і раўнін прымеркаваны дзярнова-падзолістыя глебы на марэнных і лёсападобных супесках. Значную ч. тэрыторыі займаюць дзярновыя забалочаныя (глеевыя і глеяватыя), тарфяна-балотныя і алювіяльныя (поймавыя) глебы. Банітэт глебаў с.-г. угоддзяў на б. ч. Беларускага Палесся 45—50 балаў. Лясы займаюць 43%, належаць да Бугска-Палескай і Палеска-Прыдняпроўскай геабат. акруг падзоны шыракаліста-хваёвых лясоў. На водападзелах і рачных тэрасах пашыраны хваёвыя і шыракаліста-хваёвыя лясы (трапляюцца невял. ўчасткі шыракаліста-яловых), на марэнных узвышшах, раўнінах і тэрасах шыракалістыя лясы, пераважна дубовыя, ясянёва-дубовыя і ясянёвыя, на нізінных балотах чорнаалешнікавыя і пушыста-бярозавыя, у поймах рэк дубровы і алешнікі. У флоры шмат рэліктаў — вадзяны арэх, сальвінія плаваючая, альдраванда пухіраватая, рададэндран жоўты і інш. Больш за 1,2 млн. га зямель асушаны і ператвораны ў с.-г. ўгоддзі, пад ворывам каля 21% тэрыторыі. У межах Беларускага Палесся Прыпяцкі ландшафтна-гідралагічны запаведнік, Палескі радыяцыйна-экалагічны запаведнік; заказнікі ландшафтныя Белае, Прастыр, Альманскія балоты, Церабень, Мазырскія Яры, Смычок, Стрэльскі, гідралагічныя Выганашчанскае, Падвялікі Мох, біялагічныя Вусце Лані, Селяхі, Веткаўскі, Жыткавіцкі, Радастаўскі, Шабрынскі, Ленінскі, Борскі, Букчанскі, Чырковіцкі, Ялоўскі і інш. Значная ч. тэрыторыі Беларускага Палесся забруджана радыенуклідамі ў выніку катастрофы на Чарнобыльскай АЭС у 1986.

Літ.:

Рельеф Белорусского Полесья. Мн., 1982;

Неотектоника и полезные скопаемые Белорусского Полесья. Мн., 1984;

Мацвееў А.В., Якушка В.П. Пра рэльеф Беларусі. Мн., 1994.

А.​В.​Мацвееў, Э.​А.​Крутавус.

Беларускае Палессе. Краявід каля в. Пухавічы Жыткавіцкага раёна Гомельскай вобл.

т. 2, с. 398

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)