Будслаўскі касцёл бернардзінцаў 2/454
Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)
БУ́ДСЛАЎСКІ КЛЯ́ШТАР БЕРНАРДЗІ́НЦАЎ.
Існаваў у 16—1-й пал. 19 ст. ў в. Будслаў (Мядзельскі р-н Мінскай вобл.). Упершыню ўпамінаецца ў дакументах у 1504, калі вял. кн. ВКЛ Аляксандр даў віленскім бернардзінцам 6 тыс. маргоў лесу ў Мінскім пав. Манахі жылі па 2—4 чал. ў шалашах («будах»), мелі капліцу. У 1591 пабудаваны драўляны касцёл Наведання Марыяй Елізаветы, у якім знаходзіўся цудатворны абраз Маці Божай, прывезены ў 1598 Я.Пацам з Рыма (дар папы Клімента VIII) і ў 1613 перададзены ў храм. У 1643 пабудаваны новы касцёл, у 1750 — жылы корпус кляштара. 29.6.1767 закладзены новы касцёл, у яго аб’ёмна-прасторавую кампазіцыю ўвайшоў як бакавая капліца касцёл св. Варвары, пабудаваны ў 1643. У 1783 касцёл асвячоны ў гонар Успення Маці Божай. На працягу 2-й пал. 18 ст. прыбудаваны розныя кляштарныя памяшканні. З 1756 пры кляштары працавала муз. школа (15 вучняў), у 1793—1842 — 2-класная школа (15 вучняў) і шпіталь, у 1731—97 у духоўнай школе кляштара 7—10 слухачоў вывучалі маральную тэалогію і рыторыку. Манахаў было 4—17 чал. Пасля закрыцця кляштара (1852) некаторыя яго манахі (Г.Т.Вольскі, Манстовіч, П.Багдановіч, Загорскі, Маркевіч) бралі ўдзел у паўстанні 1863—64. Касцёл захаваўся як парафіяльны (гл. Будслаўскі касцёл бернардзінцаў). Побач з ім захаваўся будынак плябаніі 19 ст.
А.А.Ярашэвіч.
т. 3, с. 316
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БУ́ДСЛАЎСКІ КАСЦЁЛ БЕРНАРДЗІ́НЦАЎ,
помнік архітэктуры позняга барока. Пабудаваны ў 1767—83 у в. Будслаў (Мядзельскі р-н Мінскай вобл.). Мураваная 3-нефавая базіліка з прамавугольным прэсбітэрыем і трансептам каля ўвахода. Тарцы нефа і трансепта завершаны фігурнымі франтонамі. Гал. фасад з 2 шмат’яруснымі вежамі па баках аздоблены багатай дэкар. пластыкай. У інтэр’еры гал. драўляны алтар (1784—90), арган з драўлянай пазалочанай разьбой. У бакавой капліцы (першапачаткова была храмам, 1643) захаваўся унікальны 2-ярусны алтар (завершаны да 1651) з 20 скульптурамі і карцінамі «Распяцце», «Засмучоная Маці Божая» (18 ст.; раней у алтары знаходзіўся абраз Марыі, 1598).
т. 3, с. 316
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БУ́ДСЛАЎСКІ АБРА́З МА́ЦІ БО́ЖАЙ , адзін з найб. шанаваных каталіцкіх абразоў на Беларусі. Знаходзіцца ў касцёле Ушэсця Маці Божай у в. Будслаў Мядзельскага р-на Мінскай вобл. Паводле касцельнай гісторыі, падараваны ў 1598 папам рымскім Кліментам VIII мінскаму ваяводу Яну Пацу з нагоды яго пераходу з кальвінізму ў каталіцызм. Пасля смерці Паца абраз перайшоў капелану І.Салакаю, які ў 1613 падараваў яго Будслаўскаму кляштару бернардзінцаў; шату для абраза падараваў у 1-й пал. 17 ст. віленскі гвардыян бернардзінцаў Ф.Калецкі. Тут абраз праславіўся цудамі вылечвання, якія апісаны настаяцелем Э.Зеляевічам у кнізе «Задыяк на зямлі» (1650). У вайну Расіі з Рэччу Паспалітай 1654—67 часова быў вывезены ў Саколку (Беласточчына). Бернардзінцы літ. правінцыі прапагандавалі культ абраза, з пач. 19 ст. друкавалі з яго гравюры. Пасля скасавання кляштара ў 1859 вядомасць абраза зменшылася. З пач. 1990-х г. аднаўляецца яго культ, адбываюцца паломніцтвы пілігрымаў, прымеркаваныя да 2 ліпеня. 2.7.1996 папскі нунцый арцыбіскуп Д.Грушэўскі абвясціў папскае пасланне, у якім Маці Божая Будслаўская названа патронкай Мінска-Магілёўскай дыяцэзіі, г. зн. Беларусі. Абраз намаляваны алеем на палатне памерам 72 х 65 см, іканаграфічна належыць да зах.-еўрап. тыпу Адзігітрыі. Рэстаўрыраваны ў 1991—92 В.Лукашэвічам.
А.А.Ярашэвіч.
т. 3, с. 316
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БУ́ДСЛАЎ,
вёска ў Беларусі, у Мядзельскім р-не Мінскай вобл., на р. Сэрвач. Цэнтр сельсавета і калгаса. За 56 км на ПдУ ад г.п. Мядзел, 130 км ад Мінска, 2 км ад чыг. ст. Будслаў. 721 ж., 300 двароў (1996).
Вядомы э 1504 як уласнасць манахаў-бернардзінцаў, якія ў 1589 пабудавалі тут драўляны, у 1783 мураваны касцёл, пры якім знаходзіліся Будслаўскі кляштар бернардзінцаў і 2 капліцы. З 1732 мястэчка, з 1793 у складзе Рас. імперыі ў Вілейскім пав. У 1868 — 259 ж., 48 двароў. У 1885 цэнтр воласці, 327 ж., 50 двароў, касцёл, сінагога, прыходскае вучылішча, крама, таржок; у маёнтку працавалі бровар, сукнавальня, вадзяны млын, крама, заезны дом, 2 карчмы. У 1907 у Б. 435 ж., 61 двор, каля мястэчка прайшла чыг. Полацк—Маладзечна, пабудавана чыг. станцыя. У 1917—19 працавала Будслаўская беларуская гімназія. З 1921 у складзе Польшчы, цэнтр гміны Вілейскага пав. Віленскага ваяв. З 1939 у складзе БССР. З 1940 цэнтр сельсавета Крывіцкага, з 1962 — Мядзельскага р-наў. У Вял. Айч. вайну з ліп. 1941 да 2.7.1944 акупіраваны ням.-фаш. захопнікамі, якія ў 1942 расстралялі тут 270 жыхароў. У 1970 — 859 ж., 318 двароў.
У Будславе лясніцтва, сярэдняя школа, Дом культуры, б-ка, аптэка, камбінат быт. абслугоўвання, аддз. сувязі. Будслаўскі касцёл бернардзінцаў. Магілы ахвяр фашызму.
т. 3, с. 315
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)