Буганов В. И. 7/62; 10/74

Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)

КАЦЯРЫ́НА I Аляксееўна

(15.4.1684, каля г. Алуксне, Латвія — 17.5.1727),

расійская імператрыца [1725—27]. Дачка бел. прыгоннага селяніна-католіка С.​Скаўронскага, які перасяліўся з Мінскага ваяв. ў Ліфляндыю; да прыняцця праваслаўя мела імя Марта. У час Паўн. вайны 1700—21 пры ўзяцці рас. войскамі ў вер. 1702 г. Марыенбург (цяпер Алуксне) трапіла ў палон. З 1705 неафіцыйная, з 1712 афіцыйная жонка Пятра I. Нарадзіла 8 дзяцей, з якіх выжылі 2 дачкі — Ганна (1708—28) — герцагіня гольштэйнская, маці рас. імператара Пятра III, і Лізавета (1709—62) — будучая імператрыца Лізавета Пятроўна. Каранавана ў 1724. Пасля смерці Пятра I узведзена на прастол гвардз. палкамі на чале з А.Д.Меншыкавым, які пры ёй фактычна кіраваў дзяржавай. У яе цараванне створаны Вярхоўны тайны савет, адкрыта рас. АН у Пецярбургу (1725).

Літ.:

Андреев В. Представители власти в России после. Петра I: Репр. воспр. изд. 1871 г. Мн., 1990;

Буганов В.И. Екатерина 1 // Вопр. истории. 1994. № 11.

Кацярына I. Мастак Ж.​М.​Нацье. 1717.

т. 8, с. 193

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПУГАЧО́Ў (Емяльян Іванавіч) (каля 1742, б. станіца Зімавейская-на-Доне, цяпер тэр. Валгаградскай вобл., Расія — 21.1.1775),

кіраўнік сялянскай вайны 1773—75. Данскі казак, харунжы (1770). Удзельнік Сямігадовай 1756—63 і рус.-тур. 1768—74 войнаў. У 1771 уцёк ад ваен. службы на р. Церак, там выбраны станічным атаманам. У лют. 1772 арыштаваны, уцёк да старавераў у Ветку на Гомельшчыне, у ліст. — на р. Яік (цяпер Урал), дзе агітаваў казакаў пайсці на вольныя землі за р. Кубань. Арыштаваны, засуджаны на катаргу. У маі 1773 уцёк з казанскага астрога на Яік, дзе паводле дамоўленасці з групай казакоў абвясціў сябе імператарам Пятром III (вер. 1773). Выступаў з утапічнай ідэяй «справядлівага» казацка-сял. царства. У час сял. вайны непісьменны П. паказаў вял. арганізатарскія і ваен. здольнасці. Жорстка распраўляўся з дваранамі і ўсімі, хто не прызнаваў яго імператарам. Пасля канчатковага паражэння ад урадавых войск П. 19.9.1774 схоплены групай сваіх прыбліжаных і неўзабаве выдадзены ўладам. Пакараны смерцю (чвартаваны) ў Маскве.

Літ.:

Буганов В.И. Пугачев. М., 1984.

М.​Г.​Нікіцін.

Е.І.Пугачоў. З партрэта невядомага мастака. 18 ст.

т. 13, с. 116

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БУЛА́ВІНСКАЕ ПАЎСТА́ННЕ 1707—09,

антыфеадальнае сялянска-казацкае паўстанне пад кіраўніцтвам К.​А.​Булавіна (1671—1708) на Доне, у Паволжы і ў суседніх з імі раёнах. Непасрэдным штуршком да Булавінскага паўстання стала імкненне рас. ўрада вярнуць з Пд беглых сялян памешчыкам. У ноч на 9.10.1707 атрад паўстанцаў з 200 чал. на чале з Булавіным знішчыў каля Шульгінскага гарадка на р. Айдар частку карнікаў Ю.​У.​Далгарукага. Паўстанне хутка пашырылася ўверх па цячэнні Дона, да яго далучыліся казацкая галота і сяляне Тамбоўскага і Казлоўскага пав., Левабярэжнай і Слабадской Украіны. 1.5.1708 Булавін заняў Чаркаск, дзе 9.5.1708 яго выбралі атаманам «усевялікага войска Данскога». Яго атаманы І.​Паўлаў, І.​Някрасаў, Л.​Хахлач авалодалі Дзмітрыеўскам і Царыцынам, асадзілі Саратаў. На Северскім Данцы і ў Слабадской Украіне паспяхова змагаліся атрады С.​Дранага, М.​Голага, С.​Бяспалага. Для задушэння Булавінскага паўстання ўрад стварыў спец. армію (32 тыс. чал.) пад камандаваннем В.​У.​Далгарукага. У ліп. 1708 Булавін асадзіў Азоў, але не авалодаў ім. У гэты час былі разбіты атрады Дранага і інш. Вярхі казацтва, незадаволеныя няўдачамі, арганізавалі змову супраць Булавіна. Каб не трапіць у палон, ён застрэліўся. Асобныя атрады паўстанцаў змагаліся да пач. 1709. Царскі ўрад жорстка задушыў Булавінскае паўстанне. Дон страціў незалежнасць.

Літ.:

Буганов В. Булавин. М., 1988;

Лебедев В.И. Булавинское восстание (1707—1708). М., 1967. З.​І.​Каршакова.

т. 3, с. 327

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)