Кейп-Брэ́тан

т. 8, с. 221

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НО́ВАЯ ШАТЛА́НДЫЯ (англ. Nova Scotia, франц. Notivelle Écosse),

правінцыя на ПдУ Канады. Займае п-аў Новая Шатландыя і в-аў Кейп-Брэтан. Пл. 54,6 тыс. км2. Нас. каля 1 млн. чал. (1998), гал. чынам англа-канадцы. Адм. і прамысл. цэнтр, гал. порт — г. Галіфакс. Паверхня нізінная, узгорыстая, на в-ве Кейп-Брэтан месцамі нізкагорная (да 532 м). Сляды стараж. зледзянення. Клімат умераны, вільготны, ападкаў да 1200 мм за год. Рэкі кароткія, мнагаводныя, з парогамі і вадаспадамі; шмат азёр. Захаваліся хваёвыя лясы з дамешкамі клёна і бярозы. Радовішчы барыту, каменнага вугалю, кухоннай солі. Найб. развіты чорная металургія, нафтаперапрацоўка, коксахімія, трансп. машынабудаванне, харч. (пераважна рыбакансервавая), цэлюлозна-папяровая, дрэва-апрацоўчая прам-сць. ГЭС. З-ды па вытв-сці цяжкай вады. Сельская гаспадарка прыгараднага тыпу (агародніцтва, сеяныя травы, малочная жывёлагадоўля). Садоўніцтва (яблыкі экспартуюцца). Транспарт чыг., аўтамаб., марскі.

т. 11, с. 368

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МІЖНАРО́ДНЫ ВАЛЮ́ТНЫ ФОНД (МВФ; International Monetary Fund),

спецыялізаваная ўстанова ААН, засн. ў 1947 паводле рашэнняў канферэнцыі ў Брэтан-Вудсе (ЗША, 1944). Рэспубліка Беларусь з’яўляецца чл. МВФ з 1992. Мэты МВФ: садзейнічаць міжнар. супрацоўніцтву ў валютна-фін. галіне і развіццю сусв. гандлю, рэгуляваць валютныя адносіны краін-удзельніц. Фонд прадастаўляе кароткатэрміновыя і доўгатэрміновыя крэдыты, яго актывы ствараюцца пераважна за кошт узносаў (квот) дзяржаў-удзельніц. Праўленне МВФ знаходзіцца ў Вашынгтоне (аддзяленне — у Парыжы).

т. 10, с. 341

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МІЖНАРО́ДНЫ БАНК РЭКАНСТРУ́КЦЫІ І РАЗВІЦЦЯ́ (МБРР; International Bank for Reconstruction and Development),

спецыялізаваная ўстанова AAH. Створаны ў 1945 паводле рашэнняў канферэнцыі ў Брэтан-Вудсе (ЗША, 1944). Асн. задачы: стымуляванне эканам. развіцця краін-удзельніц; садзейнічанне развіццю міжнар. гандлю і падтрыманне плацежных балансаў. Краіны — атрымальнікі крэдытаў абавязаны выконваць рэкамендацыі банка. Здаваць яму справаздачы аб выкарыстанні пазык. Сродкі МБРР ствараюцца ў выніку ўзносаў удзельнікаў і размяшчэння аблігацый на міжнар. рынках пазыковага капіталу. Вышэйшы орган банка — савет кіраўніцтва. Праўленне знаходзіцца ў Вашынгтоне.

т. 10, с. 341

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗО́ЛАТА (эканам.),

каштоўны высакародны метал; першы метал, які чалавек стаў выкарыстоўваць для сваіх патрэб. Ёсць звесткі пра здабычу З. і выраб з яго прадметаў у Егіпце (4100—3900 да н.э.), Індыі, Індакітаі (2000—1500 да н.э.) і інш. Як адзін з найб. каштоўных металаў З. выконвае функцыі ўсеагульнага эквіваленту пры абмене тавар — грошы, бо ў параўнанні з інш. таварамі яно валодае шэрагам пераваг: трываласцю, якаснай аднароднасцю, падзельнасцю, партатыўнасцю (высокай вартасцю пры невял. аб’ёме і вазе), зручнасцю ў захоўванні, адноснай рэдкасцю ў прыродзе. З. ў форме зліткаў захоўваецца ў якасці залатога запасу цэнтр. банкаў, шырока выкарыстоўваецца для вырабу манет, у радыёэлектроніцы, касм. тэхніцы, прыладабудаванні, ювелірнай справе, медыцыне.

У якасці грошай З. выкарыстоўвалася яшчэ за 1500 гадоў да н.э. ў Кітаі, Індыі, Егіпце, дзяржавах Месапатаміі, у 8—7 ст. да н.э. ў Стараж. Грэцыі. У 7 ст. да н.э. ў Лідыі пачалася чаканка першых у гісторыі манет. У Кіеўскай Русі чаканка манет з З. і серабра пачалася ў 10 ст. У час мангола-татарскага нашэсця ў рас. княствах мела хаджэнне манг. «ценьга», ад якой і паходзіць рус. назва грошай (деньги). У старажытнасці і ў сярэдневякоўі разам з З. функцыі грошай выконвалі медзь і серабро. У Расіі ў пач. 19 ст. была пачата распрацоўка радовішчаў З. на Урале і ў Сібіры. У сярэдзіне 19 ст. багатыя радовішчы З. адкрыты ў ЗША (Каліфорнія), Аўстраліі, у 1880 — у Паўд. Афрыцы. Рост сусв. здабычы З. паскорыў выцясненне абясцэненага серабра і стварыў умовы для пераходу большасці краін да залатога монаметалізму ў яго класічнай форме золатаманетнага стандарту, які ўпершыню быў уведзены ў Вялікабрытаніі ў 1821 (гл. Залаты стандарт). Традыцыйна ў якасці сусв. грошай З. выступала як усеагульны эквівалент для разлікаў спачатку асобных рынкаў, а потым і краін. У час сусв. эканам. крызісу 1929—33 усе краіны адышлі ад залатога стандарту, усталявалася сістэма неразменных на З. крэдытных грошай (банкнот). Але З. застаецца грашовым металам і працягвае выконваць функцыі страхавога фонду, грашовага абарачэння і рэгулятара велічыні цыркулюючай грашовай масы.

У адпаведнасці з рашэннямі Брэтан-Вудскай канферэнцыі (1944) рэзервовай валютай для разліку краін — членаў створанага на гэтай канферэнцыі Міжнар. валютнага фонду (МВФ) разам з З. прызнаны долар ЗША. З’явілася своеасаблівая біметалічная сістэма (гл. Біметалізм), якая ў канчатковым выніку вядзе да выцяснення З. і замены адных грошай другімі. Нягледзячы на фіксаваную афіц. цану ў 35 дол. за тройскую унцыю З., рыначная цана З. ў 1972 склала 58 дол., а ў 1974—159,3 дол. за унцыю. Ямайская канферэнцыя 1975 абвясціла канчатковае зняцце З. з міжнар. абарачэння. Асн. валютай становяцца крэдытныя грошы, т.зв. спец. правы запазычвання (Special Drawing Rights), у якасці рэзервовых валют побач з доларам ЗША аб’яўлены ням. марка, франц. франк, англ. фунт стэрлінгаў. МВФ распрадаў свой залаты запас, а ўсе яго члены атрымалі эквівалентную долю СДР. У 1975 З. яшчэ захоўвала свае пазіцыі як маштаб цэн, як мера вартасці. СДР прыраўноўвалася да З. і як сродак утварэння скарбаў з прычыны таго, што краіны, якія выкупілі З. ў МВФ, папоўнілі ім свае валютныя рэзервы. Такім чынам, цяпер функцыі сусв. грошай адыгрываюць крэдытныя грошы, а ў краінах ЕС — агульнаеўрапейскія грашовыя адзінкі ЭКЮ, у якасці рэзервовых валют выступаюць банкноты ЗША, Вялікабрытаніі, Францыі, Германіі, Японіі. У СССР да сярэдзіны 1980-х г. рубель прыраўноўваўся да пэўнай колькасці З., вагавае ўтрыманне рубля складала 0,86 г З. Цяпер рубель (рас. і бел.) прыраўноўваецца да долара па курсавой суадносіне, якая ўстанаўліваецца з улікам попыту і прапановы на грашовым рынку. Асн. пастаўшчыкі З.: Паўд.-Афр. Рэспубліка, Расія́, Канада, ЗША, Гана, Бразілія, Аўстралія, Японія. Рынкі З. ў Лондане, Цюрыху, Парыжы, Бейруце, Токіо, Сінгапуры, Нью-Йорку і інш.

Літ.:

Марфунин А.С. История золота. М., 1987;

Самуэльсон П. Экономика: Пер. с англ. Т. 2. М., 1993;

Долан Э.Дж., Линдсей Д.Е. Макроэкономика: Пер. с англ. СПб., 1994.

С.Ф.Дубянецкі.

т. 7, с. 104

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)