Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)
НЕАІМПРЭСІЯНІ́ЗМ (ад неа... + імпрэсіянізм),
кірунак у жывапісе канца 19—1-й пал. 20 ст.Засн. ў Францыі каля 1885 Ж.Сёра і П.Сіньякам. Тэрмін уведзены Ф.Фенеонам у 1886. Н. навукова абгрунтаваў раскладанне тонаў на чыстыя колеры і прыём пісьма раздзельнымі мазкамі (гл.Пуантылізм), адвяргаў выпадковасць і фрагментарнасць кампазіцый імпрэсіянізму, вызначаўся абагульненай, плоскасна-дэкар. манерай жывапісу, які нагадваў пано. Паслядоўнае аптычнае змяшэнне чыстых тонаў спектра стварала эфект асляпляльна белага святла і разам з тым «выцвітання», бялёсасці каларыту. У розныя часы да Н. звярталіся А.Матыс, А.Дэрэн, Р.Дэланэ, Дж.Северыні, Дж.Бала, ім захапляліся В. ван Гог, Э.Бернар, П.Гаген і інш. Н. пашырыўся ў Галандыі (Артс, Брэмер, Вейлбрыф), Італіі (П. да Вальпеда, Дж.Сеганціні і інш.), пад уплывам бельгійцаў Т. ван Рэйселберге і А. ван дэ Велдэ да Н. звярталіся ў Германіі П.Баўм, К.Герман, К.Рольфс, І.Гаўптман.
Л.Ф.Салавей.
Да арт.Неаімпрэсіянізм. П.Сіньяк. Хвоя. Сен-Трапез.