БА́РБЕР ((Barber) Сэмюэл) (9.3.1910, Уэст-Чэстэр, штат Пенсільванія, ЗША — 23.1.1981),

амерыканскі кампазітар. Скончыў Муз. ін-т Кёртыс у Філадэльфіі (1928), выкладаў у ім (1939—41). Выступаў як спявак і дырыжор. Сталыя творы Барбера спалучаюць рысы рамантызму і неакласіцызму. Асн. тв.: оперы «Ванеса» (1958), «Антоній і Клеапатра» (1966), камерная «Партыя ў брыдж» (1959); балет «Змяінае сэрца» (1946, 2-я рэд. 1947; на яго аснове арк. сюіта «Медэя»); кантата «Малітва К’еркегора» (1954); 2 сімфоніі; Адажыо для стр. арк.; канцэрты з арк. для фп., скрыпкі, віяланчэлі; камерна-інстр. ансамблі; саната для фп.; хары; цыклы песень на сл. Дж.Джойса і Р.М.Рыльке.

т. 2, с. 305

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МІЛЬ ((Mill) Джэймс) (6.4.1773, Нартуотэр-Брыдж, Вялікабрытанія — 23.6.1836),

англійскі філосаф, гісторык, эканаміст. Бацька Дж.С.Міля. Скончыў Эдынбургскі ун-т (1798). Быў пастарам, займаўся журналісцкай дзейнасцю. Пасля апублікавання «Гісторыі Брытанскай Індыі» (т. 1—3, 1817—18) у Ост-Індскай кампаніі. У філасофіі зведаў уплыў утылітарызму, паслядоўнік вучэння Д. Юма («Аналіз феноменаў чалавечага духу», 1829). У сацыялогіі адмаўляў канцэпцыю натуральнага права, змест і структуру сац. ін-таў тлумачыў, зыходзячы з прынцыпу карыснасці. Паслядоўнік вучэння Д.Рыкарда, якое лічыў тэарэт. зброяй у барацьбе з рэшткамі феадалізму ў эканоміцы («Элементы палітычнай эканоміі», 1821); паклаў пачатак распаду рыкардыянскай школы. Адзін з аўтараў тэорыі «фонду заработнай платы».

т. 10, с. 374

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)