ДА́ЛЬТАН-ПЛАН
(Dalton-Plan),
сістэма арганізацыі навуч.-выхаваўчай работы ў школе, засн. на прынцыпе індывідуальнага навучання. Узнікла ў пач. 20 ст. Аўтар Д.-п. — Е.Паркхерст. Упершыню выкарыстаны ў г. Долтан (штат Масачусетс, ЗША, адсюль назва). Пры арганізацыі работы паводле Д.-п. вучням давалася свабода ў выбары заняткаў і выкарыстанні свайго рабочага часу. Д.-п. дазваляў суаднесці тэмп навучання з магчымасцямі вучняў, прывучаў іх да самастойнасці, развіваў ініцыятыву, вымушаў шукаць рацыянальныя метады работы, выпрацоўваў пачуццё адказнасці за выкананне заданняў. У 1920-я г. ў сав. школе рабіліся спробы мадыфікацыі Д.-п. (форма брыгадна-лабараторнага метаду). Элементы Д.-п. захаваліся ў практыцы некаторых школ ЗША.
т. 6, с. 23
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БРЫГА́ДА ВЫТВО́РЧАЯ , калектыў рабочых прадпрыемства, які сумесна выконвае адзінае вытв. заданне і нясе агульную адказнасць за вынікі работы; першасная ячэйка прац. калектыву. Брыгады вытворчыя бываюць: спецыялізаваныя (аб’ядноўваюць рабочых адной прафесіі, напр., брыгада слесараў), комплексныя (аб’ядноўваюць рабочых розных прафесій, для выканання асобных работ ці аперацый у іх складзе могуць стварацца спецыялізаваныя звенні), зменныя (ствараюцца з рабочых адной змены) і скразныя (аб’ядноўваюць рабочых, занятых у некалькіх зменах). Кіруе брыгадай вытворчай брыгадзір, які прызначаецца з членаў брыгады і, як правіла, не вызваляецца ад асн. вытв. работы. Найб. пашыраная форма аплаты працы рабочых брыгады вытворчай — здзельная заработная плата, якая размяркоўваецца паміж членамі брыгады з улікам адпрацаванага кожным рабочага часу і тарыфнага разраду. Для павышэння калект. зацікаўленасці і больш эфектыўнага выкарыстання прац., матэр. і фін. сродкаў брыгады вытворчай пераходзяць на брыгадны падрад: заключаюць дагавор з адміністрацыяй, паводле якога брыгадзе перадаецца частка маёмасці прадпрыемства, устанаўліваюцца вытв. заданні; заробленыя грошы размяркоўваюцца паміж членамі брыгады паводле прац. ўкладу кожнага, а пры калект. згодзе — з выкарыстаннем каэфіцыента прац. ўдзелу. З пашырэннем арэндных адносін брыгадна-падрадная форма арганізацыі і аплаты працы перарасла ў арэндны падрад.
т. 3, с. 273
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)