Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)
БРО́ЎНАЎСКІ РУХ, браўнаўскі рух,
хаатычны рух дробных часцінак, завіслых у вадкасці ці газе. Адкрыты Р.Броўнам у 1827, тэарэтычна абгрунтаваны А.Эйнштэйнам і М.Смалухоўскім (1905—06) на падставе малекулярна-кінетычнай тэорыі. Броўнаўскі рух абумоўлены цеплавым рухам малекул і адсутнасцю кампенсацыі ўдараў, якія адчувае часцінка з боку малекул. Інтэнсіўнасць броўнаўскага руху не залежыць ад часу і хім. уласцівасцей асяроддзя, але павялічваецца з ростам т-ры асяроддзя, памяншэннем яго вязкасці і памераў часцінак (незалежна ад іх хім. прыроды). Броўнаўскі рух адыгрывае важную ролю ў некаторых фіз.-хім. працэсах (напр.каагуляцыя), абмяжоўвае дакладнасць высокаадчувальных прылад. Тэорыя броўнаўскага руху займае значнае месца пры абгрунтаванні прынцыпаў статыстычнай фізікі.
Броўнаўскі рух трох розных часцінак гумігуту ў вадзе (паводле Перэна). Кропкамі пазначана месцазнаходжанне часцінак праз кожныя 30 с.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БРОЎН, Браўн (Brown) Роберт (21.12.1773, г. Мантроз, Шатландыя — 10.6.1858), англійскі батанік. Чл. Лонданскага каралеўскага т-ва (1810). Замежны чл.-кар. (1826) і ганаровы чл. (1827) Пецярбургскай АН. Скончыў Эдынбургскі ун-т (1795). У 1801—05 удзельнічаў у экспедыцыі ў Аўстралію, з 1810 заг. бібліятэкі і калекцый прэзідэнта Лонданскага каралеўскага т-ва, з 1820 хавальнік бат.аддз. Брытанскага музея. Навук. працы па марфалогіі, эмбрыялогіі і сістэматыцы раслін. Апісаў ядро расліннай клеткі і будову семязавязі. Выявіў асн. адрозненне паміж голанасеннымі і пакрытанасеннымі раслінамі (1825), вызначыў броўнаўскі рух.
працэс змены ў часе стану некаторай прыроднай ці тэхнічнай сістэмы ў адпаведнасці з імавернаснымі заканамернасцямі. Характарыстыкі выпадковага працэсу ў кожны момант часу — выпадковыя велічыні з пэўным размеркаваннем імавернасцей.
Тыповыя прыклады выпадковага працэсу: броўнаўскі рух, турбулентны рух вадкасцей і газаў, распаўсюджванне радыёхваль, рух трансп. патокаў, міграцыі жывёл, змены складу біяцэнозаў і інш. Пры апісанні і аналізе выпадковага працэсу выкарыстоўваюцца метады рашэння дыферэнцыяльных і інтэгра-дыферэнцыяльных ураўненняў (гл.Маркаўскі працэс), метады функцыянальнага аналізу і інш. Пры дапамозе тэорыі выпадковага працэсу вырашаецца большасць задач масавага абслугоўвання тэорыі.