БРО́ННАЯ ГАРА́,

месца масавай загубы мірнага насельніцтва ням.-фаш. акупантамі ў Вял. Айч. вайну каля чыг. ст. Бронная Гара Бярозаўскага р-на Брэсцкай вобл. У маі—чэрв. 1942 гітлераўцы выкапалі тут 8 вялізных ям і абнеслі іх калючым дротам. Сюды па спец. пабудаванай чыг. ветцы яны дастаўлялі эшалоны з насельніцтвам, пераважна жанчынамі, дзецьмі, старымі, з Драгічына, Іванава, Гарадца, Брэста, Пінска, Кобрына, Бярозы-Картузскай. Людзей прымушалі распранацца, гналі да ям, загадвалі класціся радамі і расстрэльвалі з аўтаматаў. Да ліст. 1942 тут загублена больш за 50 тыс. чал. Каб замесці сляды злачынстваў, у сак. 1944 гітлераўцы прыгналі сюды 100 палонных, якія 2 тыдні раскопвалі і палілі трупы; потым фашысты расстралялі і спалілі тых, хто выконваў гэтыя работы. На месцы загубы ахвяр фашызму пастаўлены помнік і створаны мемарыял. Урочышча Бронная Гара ўвекавечана ў мемар. комплексе «Хатынь».

т. 3, с. 261

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЕЛААЗЕ́РСК,

горад у Беларусі, у Бярозаўскім раёне Брэсцкай вобласці. За 27 км ад г. Бяроза, 136 км ад Брэста, 19 км ад чыг. ст. Бронная Гара на лініі Мінск—Брэст. 12,8 тыс. ж. (1995). Бярозаўская ДРЭС, энергамеханічны завод (рамонт электраабсталявання), прадпрыемствы па вытв-сці будматэрыялаў, лёгкай прам-сці, доследны рыбгас «Белаазерск». 3 сярэднія школы, праф.-тэхн. вучылішча электратэхнікаў, 2 б-кі, бальніца. Царква св. Серафіма Сароўскага. Брацкая магіла сав. воінаў і партызанаў.

Узнік у 1958 на месцы в. Ніўкі ў сувязі з буд-вам Бярозаўскай ДРЭС. З 12.1.1960 р.п. Бярозаўскі, цэнтр пасялковага Савета 25.6.1960 перайменаваны ў Белаазерск, з 1963 пасёлак абл., з 1965 раённага падпарадкавання. У 1969 — 9 тыс. ж. З 16.9.1970 горад.

т. 2, с. 378

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЯРО́ЗАЎСКІ РАЁН,

у цэнтральнай частцы Брэсцкай вобл. Беларусі. Утвораны 15.1.1940. Пл. 1,5 тыс. км². Нас. 75,4 тыс. чал. (1996), гарадскога 56%. Сярэдняя шчыльн. 57 чал. на 1 км². Цэнтр раёна — г. Бяроза, г. Белаазерск, 110 сельскіх населеных пунктаў. Падзяляецца на 15 сельсаветаў: Белаазерскі, Боркаўскі, Бярозаўскі, Высокаўскі, Здзітаўскі, Малецкі, Міжлескі, Нарутавіцкі, Першамайскі, Пескаўскі, Сакалоўскі, Сігневіцкі, Спораўскі, Стрыгінскі, Сялецкі.

Раён займае паўд.-ўсх. ч. Прыбугскай раўніны і паўн.-зах. Прыпяцкага Палесся. Паверхня — плоская забалочаная раўніна, пераважная выш. 150—160 м, найвыш. пункт 189 м (каля чыг. ст. Бронная Гара). Карысныя выкапні: торф, мел, пясчана-жвіровы матэрыял, сілікатныя і буд. пяскі, гліны. Сярэдняя т-ра студз. -5,2 С, ліп. 18,3 °C. Ападкаў 593 мм за год. Вегетац. перыяд 200 сут. Рака Ясельда з прытокамі Вінец і Жыгулянка. Азёры: Чорнае, Спораўскае, Белае, вадасх. Сялец. Пашыраны дзярнова-падзолістыя забалочаныя, тарфяна-балотныя, дзярновыя і дзярнова-падзолістыя глебы. Пад лясамі 22,3% тэр. раёна; вял. лясныя масівы (Галавіцкі, Буды, Бронная Гара); пераважаюць хваёвыя, бярозавыя, чорнаальховыя лясы. Біял. заказнік Спораўскі.

На 1.1.1996 агульная плошча с.-г. угоддзяў 69,8 тыс. га, з іх асушана 36,3 тыс. га. У раёне 14 калгасаў і 4 саўгасы. Асн. галіна сельскай гаспадаркі — мяса-малочная жывёлагадоўля (свінагадоўля, буйн. раг. жывёла, авечкагадоўля, конегадоўля). Вырошчваюць збожжавыя (жыта, пшаніцу, ячмень, авёс), цукр. буракі, бульбу, агародніну, кармавыя культуры. Прадпрыемствы энергетыкі (Бярозаўская ДРЭС), машынабудавання і металаапрацоўкі (абсталяванне для электраэнергет. прам-сці, вентылятары, рамонт камбайна-трактарных рухавікоў і інш.), лёгкай (вытв-сць спарт. абутку), харч. (сыр, масла, сухое абястлушчанае малако, цукар), дрэваапр. прам-сці; вытв-сць буд. матэрыялаў (піламатэрыялы, цэгла, керамічная плітка, жалезабетонныя канструкцыі, сілікатныя вырабы і інш.). Па тэр. раёна праходзяць чыгунка і аўтамагістраль Брэст—Мінск. У раёне 23 сярэднія, 7 базавых і 14 пач. школ, 2 СПТВ, 18 дашкольных устаноў, 42 клубы, 45 б-к, 5 бальніц, 2 амбулаторыі, 27 фельч.-ак. пунктаў. Помнікі архітэктуры: царква Маці Божай сярэдзіны 19 ст. ў в. Сакалова, Пакроўская царква (1795) у в. Сігневічы, сядзіба 2-й пал. 18 ст. — 1-й пал. 19 ст. і Троіцкая царква (1827) у в. Новыя Пескі, царква Іаана Багаслова (1817) у в. Стрыгінь, касцёл (1912) і Успенская царква (1863—70) у в. Сялец, Мікалаеўская царква (1825) у в. Чарнякава. Мемарыяльны комплекс «Здзітаўская абарона» на месцы баёў партызан з ням.-фаш. захопнікамі ў в. Здзітава. Выдаецца газ. «Маяк».

Літ.:

Память: Ист.-док. хроника Березовского р-на. Мн., 1987.

С.І.Сідор.

т. 3, с. 411

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)