БРО́ЖА,

пасёлак у Беларусі, у Бабруйскім р-не Магілёўскай вобл., каля р. Брожа. Цэнтр сельсавета. Чыг. ст. на лініі Бабруйск—г.п. Акцябрскі. За 25 км на Пд ад Бабруйска, 135 км ад Магілёва. 737 ж., 355 двароў (1995). Аддзяленне Бабруйскай птушкафабрыкі «Брожа», лесаўчастак Бабруйскага леспрамгаса, лясніцтва, швейны цэх. Сярэдняя школа, Дом культуры, б-ка, аддз. Сувязі.

т. 3, с. 258

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БРО́ЖА,

Продзвінка, Брожка, рака ў Беларусі, у Бабруйскім р-не Магілёўскай вобл., правы прыток Бярэзіны (бас. Дняпра). Даўж. 28 км. Пл. вадазбору 390 км². Пачынаецца паміж вёскамі Мачулкі і Мартынаўка, вусце за 1,5 км на У ад в. Продзвіна. У верхнім цячэнні 10 км рэчышча каналізавана.

т. 3, с. 258

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БРО́ЖСКІ ЛЕСАПІ́ЛЬНЫ ЗАВО́Д.

Дзейнічаў у 1916—20 на чыг. станцыі Брожа Лібава-Роменскай чыгункі (цяпер у Бабруйскім р-не Магілёўскай вобл.). Працавалі 75 рабочых (1918).

т. 3, с. 258

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БО́ЛБАС Міхаіл Мацвеевіч

(н. 3.7.1939, пас. Брожа Бабруйскага р-на Магілёўскай вобл.),

бел. вучоны ў галіне эксплуатацыі аўтамаб. транспарту. Канд. тэхн. н. (1970), праф. (1994). Скончыў Бел. політэхн. ін-т (1962). З 1966 у Бел. політэхн. акадэміі (у 1976—92 прарэктар). Навук. працы па пытаннях павышэння эксплуатацыйнай надзейнасці трансп. сродкаў і метадах дыягностыкі тэхн. стану аўтамабіляў.

Тв.:

Основы эксплуатации и ремонта автомобилей. Мн., 1985;

Основы промышленной экологии: Автомобильный транспорт. Мн., 1993 (разам з Р.Я.Пармонам, Я.Л.Савічам).

т. 3, с. 209

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БАБРУ́ЙСКАЕ ПАТРЫЯТЫ́ЧНАЕ ПАДПО́ЛЛЕ ў Вялікую Айчынную вайну. Дзейнічала з ліп. 1941 да чэрв. 1944 у Бабруйску і Бабруйскім раёне; налічвала 29 груп, больш за 500 чал. Групы ўзначальвалі М.Р.Баглай, П.С.Вашукевіч, А.К.Калеснікаў і Я.І.Савацееў, В.С.Калеснікаў, Д.М.Лемяшонак, П.Ф.Маслёнак і В.І.Бутараў, П.М.Сцяржанаў, І.В.Стомаў (з крас. 1942 Я.Е.Царык) і С.Г.Акуліч, А.Ф.Фальковіч і інш., а таксама б. ваеннаслужачыя (групы С.З.Крамнёва, В.І.Лівенцава, А.Н.Сумбаева, І.А.Хімічова, К.М.Якаўлева). Апрача Бабруйска, падп. групы дзейнічалі на ст. Мошны, у р.п. Глуша, у вёсках Брожа, Варатынь, Васілеўка, Восава, Гарбацэвічы, Казакова, Каралёва Слабада, Кругланіва, Фартуны, Цялуша, Чыкілі, Шчаткава, Панюшкавічы і інш. Падпольшчыкі выводзілі са строю абсталяванне на лесакамбінаце, хлебазаводзе, электрастанцыі, здабывалі і выраблялі дакументы, пячаткі, мелі радыёпрыёмнікі, фоталабараторыю; учынялі дыверсіі на суднарамонтным і шпаларэзным з-дах, на радыёзаводзе; вялі прапаганду ў варожых фарміраваннях (70 ням. салдатаў у 1943 са зброяй перайшлі на бок партызанаў); перадавалі партызанам зброю, боепрыпасы, узрыўчатку, прадукты, медыкаменты, звесткі разведкі; арганізоўвалі ўцёкі ваеннапалонных з лагера смерці, ратавалі насельніцтва ад вывазу ў Германію. У друкарні акупантаў яны друкавалі лістоўкі, бланкі пропускаў, прадуктовыя карткі, пазней вынеслі з яе шрыфт і інш. абсталяванне, з якога ў студз. 1942 партызаны наладзілі выпуск лістовак і адозваў да насельніцтва. У снеж. 1941 акупанты раскрылі некалькі падп. груп, у студз. 1942 частка падпольшчыкаў пад пагрозай правалу пайшла да партызанаў. Некат. падп. групы, звязаныя са штабамі часцей Чырв. Арміі, рэгулярна забяспечвалі іх інфармацыяй пра колькасць, дыслакацыю і ўзбраенне часцей праціўніка. У 2-й пал. 1943 баявая дзейнасць падпольшчыкаў узмацнілася, створаны новыя падп. групы (на чыг. вузле, электра- і тэлефоннай станцыях). Восенню 1943 патрыёты ўзарвалі воінскі эшалон з жывой сілай і баявой тэхнікай праціўніка, цэментны з-д, падпалілі казармы. У Бабруйску помнік на брацкай магіле падпольшчыкаў.

т. 2, с. 187

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БАБРУ́ЙСКІ РАЁН,

у Беларусі, на ПнЗ Магілёўскай вобл. Утвораны 4.8.1927. Пл. 1,6 тыс. км². Нас. 29,2 тыс. чал. (1995), гарадскога 7%. Сярэдняя шчыльн. 18 чал./км². Цэнтр — г. Бабруйск; р.п. Глуша, 225 сельскіх нас. пунктаў. 12 сельсаветаў: Бортнікаўскі, Брожскі, Варатынскі, Вішнёўскі, Восаўскі, Гарбацэвіцкі, Гарохаўскі, Кавалёўскі, Слабодкаўскі, Сычкаўскі, Хімоўскі, Цялушскі.

Размешчана б.ч. раёна ў межах Цэнтральнабярэзінскай раўніны. Пераважаюць выш. 150—170 м, самы высокі пункт 183,5 м (каля р.п. Глуша). Карысныя выкапні: торф, гліна, буд. і сілікатныя пяскі; ёсць мінер. крыніцы. Сярэдняя т-ра студз. -6,7 °C, ліп. 18,2 °C. Ападкаў 586 мм за год. Вегетацыйны перыяд 193 дні. Рэкі: Бярэзіна, Ала, Бабруйка, Беліца, Брожа, Ваўчанка, Вір і інш., воз. Вяхава. Пераважаюць дзярнова-падзолістыя, дзярнова-падзолістыя забалочаныя, тарфяна-балотныя глебы. Лясы займаюць 38%, пераважна хваёвыя і бярозавыя, трапляюцца асіна, дуб, граб і інш. Агульная пл. балотаў 19,2 тыс. га (часткова асушаныя), з іх 17,8 тыс. га нізінныя (балотныя масівы Рэдкі Рог, Ваўчанскае балота, Юрзаўка).

На 1.1.1996 у раёне пад с.-г. Ўгоддзямі 72,2 тыс. га. 9 саўгасаў і 13 калгасаў. Асн. галіны: малочна-мясная жывёлагадоўля, ільнаводства, бульбаводства. Птушкагадоўля. Вырошчваюць збожжавыя культуры, кармавыя, агародніну. Прадпрыемствы па вытв-сці буд. матэрыялаў, дрэваапр., шкляной і харч. прам-сці. На тэр. раёна Бабруйскі доследны лясгас, часткова — Бабруйская паляўнічая гаспадарка. Праходзяць чыгункі Мінск—Бабруйск—Гомель, Бабруйск—г.п. Акцябрскі, аўтадарогі Мінск—Бабруйск—Гомель, Слуцк—Бабруйск—Рагачоў, Магілёў—Бабруйск—Мазыр. Суднаходства па р. Бярэзіна, рачны порт — Бабруйск. У раёне 18 сярэдніх, 4 базавыя, 7 пач. школ, 21 дашкольная ўстанова, 34 клубы, 38 б-к, 6 бальніц, 24 фельч.-ак. пункты. Помнікі архітэктуры: драўляная царква (пач. 20 ст.) у в. Туркоўская Слабада, мураваная царква (канец 19 — пач. 20 ст.) у в. Цялуша, паштовая станцыя сярэдзіны 19 ст. ў в. Барок. Мемарыяльны комплекс у гонар воінаў 1-га Бел. фронту і партызанаў у в. Сычкава. Вылаецца газ. «Трыбуна працы».

С.І.Сідор.

т. 2, с. 192

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)