БРО́ДНЯ,

рака ў Беларусі, у Смалявіцкім і Барысаўскім р-нах Мінскай вобл., правы прыток Бярэзіны (бас. Дняпра). Даўж. 33 км. Пл. вадазбору 214 км². Пачынаецца за 2 км на ПнУ ад в. Прысынак Смалявіцкага р-на, цячэ пераважна па Верхнебярэзінскай нізіне. Асн. прытокі: Сойка (справа) і Каўпеніца (злева).

Даліна ў верхнім цячэнні трапецападобная (шыр. 3—4 км) са спадзістымі схіламі, у сярэднім і ніжнім цячэнні невыразная, зліваецца з далінамі рэк Гайна і Бярэзіна. Пойма забалочаная, у верхнім цячэнні шыр. 300—800 м, у ніжнім зліваецца з прылеглай мясцовасцю. Рэчышча ад вытоку на 12 км каналізаванае, ніжэй слаба ўтварае меандры. Берагі невысокія, забалочаныя.

т. 3, с. 257

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГА́ЙНА-БРО́ДНЯ,

балота ў Смалявіцкім і Лагойскім р-нах Мінскай вобл. (у вадазборы р. Гайна і яе прытока Усяжа). Нізіннага (92%) і пераходнага тыпаў. Пл. 5,5 тыс. га, у т. л. ў Смалявіцкім р-не 3,9 тыс. га, у межах прамысл. пакладу 4,3 тыс. га. Глыб. торфу да 7 м, сярэдняя 2,8 м. У Смалявіцкім р-не асушаную ч. балота выкарыстоўваюць пад ворыва і сенажаць. У Лагойскім р-не не асушана, занята драбналессем, хмызняком, часткова сенажаццю.

т. 4, с. 439

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БРО́ДАЎКА,

вёска ў Беларусі, у Барысаўскім р-не Мінскай вобл., на р. Бродня. Цэнтр сельсавета. За 30 км на ПнУ ад Барысава, 106 км ад Мінска. 247 ж., 97 двароў (1995). Сярэдняя школа, клуб, б-ка, аддз. Сувязі.

т. 3, с. 257

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БАРЫ́САЎСКАЯ ГРАДА́,

частка Беларускай грады ў Барысаўскім і Смалявіцкім р-нах Мінскай вобласці. Працягнулася ад Мінскага ўзв. на ПнУ на 100 км, шырыня 10—25 км. Мяжуе з Верхнебярэзінскай нізінай на ПнЗ і Цэнтральнабярэзінскай раўнінай на ПдУ. Лічыцца вуглавым масівам Ашмянскага стадыялу. Пл. каля 2 тыс. км², адзнакі вышыняў паверхні над узр. м. вагаюцца ад 150 м у даліне Бярэзіны да 220 м каля г. Смалявічы.

Прымеркавана да зоны сучлянення Аршанскай монакліналі з Вілейскім пахаваным выступам. Антрапагенавая тоўшча магутнасцю 100 м і больш. Паверхня складзена з пясчана-галечнага матэрыялу, марэнных суглінкаў і супескаў, месцамі з покрывам лёсападобных парод. Карысныя выкапні: легкаплаўкія гліны, торф.

Участкі з градава-ўзгоркавым рэльефам (каля г. Смалявічы, в. Халопенічы і г. Барысаў выш. 193—220 м) чаргуюцца з раўніннымі. З найб. павышанымі часткамі грады звязаны масівы марэннага сярэдняўзгоркавага рэльефу з адноснай выш. 10—20 м. Сярэдняя т-ра студз. -6,9 °C, ліп. 18,2 °C, ападкаў 450—780 мм за год (у Барысаве). Рэкі (бас. Дняпра): Бярэзіна з прытокамі Гайна, Бродня, Сха, Бобр з Начай. Глебы дзярнова-падзолістыя слаба ападзоленыя на водна-ледавіковых пясках і марэнных супесках, якія падсцілаюцца пяскамі, забалочаныя і тарфяна-балотныя. Да 40% тэр. пад лясамі хваёвымі, ялова-хваёвымі, бярозавымі і шэраальховымі. Поймавыя і нізінныя лугі.

В.Р.Сінякова.

т. 2, с. 330

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БАРЫ́САЎСКІ РАЁН,

на ПнУ Мінскай вобласці Беларусі. Утвораны 17.7.1924. Пл. 3 тыс. км². Нас. 50,1 тыс. чал. (1995). Сярэдняя шчыльн. 16,7 чал/км². Цэнтр — г. Барысаў, 305 сельскіх населеных пунктаў. Падзяляецца на 22 сельсаветы: Аздзяціцкі, Бродаўскі, Весялоўскі, Вяляціцкі, Глівінскі, Забашавіцкі, Зачысценскі, Зембінскі, Іканскі, Карсакавіцкі, Кішчынаслабодскі, Лошніцкі, Майсееўшчынскі, Мётчанскі, Мсціжскі, Навасёлкаўскі, Неманіцкі, Перасадскі, Прыгарадны, Траянаўскі, Хаўхоліцкі, Чарневіцкі.

Тэр. раёна займае паўн. ч. Цэнтральнабярэзінскай раўніны, паўд. ч. Верхнебярэзінскай нізіны і ПнУ Мінскага ўзвышша. Паверхня раўнінна-ўзгорыстая, пераважаюць выш. 180—220 м, найвыш. пункт 260 м (каля в. Дзядзілавічы). Карысныя выкапні: торф, буд. пяскі, легкаплаўкія гліны, пясчана-жвіровы матэрыял. Сярэдняя т-ра студз. -6,9 °C, ліп. 18,2 °C. Ападкаў 647 мм за год. Вегетацыйны перыяд 187 дзён. Гал. рака — Бярэзіна з прытокамі Гайна, Бродня, Пліса, Рова (справа), Сха, Мужанка, Бобр (злева). На Пн воз. Палік. Пашыраны дзярнова-падзолістыя і дзярнова-падзолістыя забалочаныя глебы. Пад лясамі 54% тэрыторыі; вял. масівы на Пн і З; пераважаюць хваёвыя, яловыя і бярозавыя лясы. Агульная пл. балотаў 12 тыс. га, балотныя масівы — Цна, Карма, Лісінскае і інш. У межах раёна — паўд. ч. Бярэзінскага біясфернага запаведніка і біял. заказнік Чэрнеўскі.

Пад с.-г. ўгоддзямі 102,7 тыс. га, з іх асушаных 23,5 тыс. га. На 1.1.1995 у раёне 21 калгас і 8 саўгасаў. Асн. галіны сельскай гаспадаркі — малочна-мясная жывёлагадоўля і льнаводства, пашыраны пасевы збожжавых, кармавых культур, бульбы і гародніны. Птушкагадоўля. Прадпрыемствы паліўнай (торфабрыкет), металаапр. і харч. (крухмал, кансервы) прам-сці; вытв-сць буд. матэрыялаў. Па тэр. раёна праходзяць чыгунка Мінск—Орша і аўтамагістраль Брэст—Масква, аўтадарогі на Плешчаніцы, Беразіно, Бягомль. Суднаходства па Бярэзіне. У раёне 27 сярэдніх, 8 базавых, 10 пачатковых і 1 спарт. школы, 37 дашкольных устаноў, 52 бібліятэкі, 43 клубныя ўстановы, 2 паліклінікі, 4 амбулаторыі, раённая і 9 сельскіх участковых бальніц. Помнікі прыроды: геал. разрэз Мурава, Барысаўскае лесанасаджэнне. Помнікі архітэктуры: цэрквы 2-й пал. 19 ст. ў вёсках Бытча і Зембін, касцёл пач. 19 ст. ў в. Зембін, царква 19 — пач. 20 ст. ў в. Зорычы. Мемар. комплекс у гонар перамогі рус. войскаў над Напалеонам пры пераправе цераз р. Бярэзіна ў 1812 (каля в. Брылі). Выдаецца газ. «Адзінства».

С.І.Сідор.

т. 2, с. 333

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)