БРАЦЯ́НКА,

вёска ў Беларусі, у Гарадзечанскім с/с Навагрудскага р-на Гродзенскай вобл. За 4 км на Пн ад Навагрудка, 166 км ад Гродна, 27 км ад чыг. ст. Наваельня. 133 ж., 69 двароў (1996).

У пісьмовых крыніцах упершыню згадваецца 1.4.1428, калі вял. кн. ВКЛ Вітаўт асобнай граматай перадаў Брацянку ва ўтрыманне сваёй жонцы Ульяне. З 1449 «двор Брацянка» — уласнасць вял. кн. Казіміра Ягелончыка. У 15—18 ст. у Навагрудскім ваяв. З 1795 у Рас. імперыі. У 1921—39 у складзе Польшчы, з 1939 у БССР. З 1969 у саўгасе «Дубкі». Б-ка. Помнік археалогіі — курганны могільнік Брацянка.

т. 3, с. 254

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БРАЦЯ́НКА,

курганны могільнік 10—11 ст. дрыгавічоў каля в. Брацянка Навагрудскага р-на Гродзенскай вобл. Пахавальныя абрады: трупаспаленне на месцы пахавання і па-за межамі могільніка; трупапалажэнне на гарызонце. У некаторых насыпах побач з пахаваннямі трапляліся камяні (звязана, відаць, з перажыткамі пахавальнага абраду каменных курганоў). Сярод знаходак жал. нажы, крэсівы, трохпацеркавыя скроневыя кольцы, жаночыя ўпрыгожанні, ганчарныя гаршкі. Могільнік, магчыма, быў некропалем стараж. Навагрудка.

т. 3, с. 254

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДМАХО́ЎСКІ (Вікенцій) (1805 або 1807, в. Нагародавічы Дзятлаўскага р-на Гродзенскай вобл. — 22.2.1862),

бел. жывапісец, тэатр. дэкаратар. Бацька мастака У.Дмахоўскага. Вучыўся ў Віленскім ун-це на літ. ф-це, адначасова займаўся жывапісам у Я.Рустэма (1826—29).

Удзельнік паўстання 1830—31. У 1831—37 у эміграцыі, потым жыў у Вільні, у 1855—58 у в. Брацянка каля Навагрудка. Аўтар рамант. пейзажаў «Рака Нерыс каля Верак» (1840), «Радзіма» («Двор у Нагародавічах», 1843), «Пажар у лесе» (1850), «На начлезе» (1854), «Каля пераправы», «Замак і вежа ў Троках», «Від замка ва Урадніках», «Вуліца ў Вільні», «Руіны замка ў Гальшанах», «Замак у Крэве», «Дом Міцкевіча ў Навагрудку» і інш. Сярод жывапісных работ «Аўтапартрэт», «Крыжакі пры асадзе крэпасці Пуня» (1837), «Яўрэйскае вяселле» (1860-я г.). Выканаў акварэлі — віды ваколіц Навагрудка, Вільні, «Сядзіба ў Тутанавічах». У 1850—54 афармляў спектаклі ў Віленскім гар. т-ры («Галька» М.Манюшкі, «Італьянка ў Алжыры» Дж.Расіні, «Фаварытка» Г.Даніцэці і інш.).

Літ.:

Дробаў Л.Н. Беларускія мастакі XIX ст. Мн., 1971;

Яго ж. Живопись Белоруссии XIX — начала XX в. Мн., 1974;

Картинная галерея. Вильнюс, 1969.

В.Дмахоўскі. Аўтапартрэт.
В.Дмахоўскі. Каля пераправы. 1850-я г.

т. 6, с. 167

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)