Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АЛМЕ́ЙДА-ГА́РЭТ
(Almeida Garrett Жуан Баптышта да Сілва Лейтан ды (da Silva Leitão; 4.2.1799, г. Порту, Партугалія — 9.12.1854),
партугальскі пісьменнік. Прыхільнік дэмакр. канстытуцыі, у 1823 вымушаны эмігрыраваць. Пазней — дыпламат і дэпутат парламента. Заснавальнік прагрэс.-рамант. кірунку ў партуг. л-ры (паэмы «Камоэнс», 1825, «Дона Бранка», 1826; зб-кі лірычных вершаў «Кветкі без пладоў», 1845; «Апалае лісце», 1853). У цэнтры рамана «Арка святой Ганны» (ч. 1—2, 1845—51) і драм «Аўту Жыла Вісентэ» (1838), «Збройнік з Сантарэма» (1841), «Брат Луіж ды Сауза» (1844) — эпізоды нац. гісторыі.
Тв.:
Рус. пер. — Арка святой Анны. М., 1985.
т. 1, с. 265
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАКА́ЧЫО,
Бакача (Boccaccio) Джавані (1313, Парыж — 21.12.1375), італьянскі пісьменнік, гуманіст ранняга Адраджэння. Сябра Ф.Петраркі. Аўтар паэм на сюжэты ант. міфалогіі «Філастрата» (1338 ?, выд. 1499), «Тэсеіда» (1339—41, выд. 1475), рамана «Філакола» (пачаты ў 1338, выд. 1472), псіхал. аповесці «Ф’ямета» (1343, выд. 1472). Блізкасць да Дантэ выявілася ў пастаралі «Амета...» (1341—42, выд. 1478) і паэме «Любоўны прывід» (1342, выд. 1521). Паэма «Ф’езаланскія німфы» (1344—46, выд. 1477) навеяна «Метамарфозамі» Авідзія. Асн. твор — «Дэкамерон» (1350—53, выд. каля 1470) — 100 рэаліст. навел, прасякнутых гуманіст. ідэямі, духам вальнадумства і антыклерыкалізму, непрыняццем аскетычнай маралі, жыццярадасным гумарам, — шматколерная панарама нораваў італьян. грамадства. Супярэчнасці сац. развіцця Італіі выклікалі крызіс гуманіст. ідэалаў Бакачыо (алегарычная сатыра ў прозе «Карбача, ці Лабірынт любові», 1354—55 ці 1365; выд. 1487, рус. пер. «Крумкач», 1975). Аўтар біягр. кн. «Жыццё Дантэ Аліг’еры» (каля 1360, выд. 1477), каментарыяў да 17 песень «Боскай камедыі» Дантэ (1373—74), трактатаў на лац. мове. Сюжэт 2-й навелы 10-га дня «Дэкамерона» ляжыць у аснове казкі «Аб тым, як ксяндзы вылечыліся» са зб. А.Сержпутоўскага «Казкі і апавяданні беларусаў-палешукоў». Пераклад Б.Будным аднаго з эпізодаў «Дэкамерона» («Аповесць суцяшальная пра купца Барнабаша») Пётр Бластус Кміта ўключыў у 4-ю кн. «Апафегматаў». П’еса «Золата ў агні» Ф.У.Радзівіл, якая ставілася ў Нясвіжскім прыдворным тэатры, — драм. перапрацоўка навелы Бакачыо.
Тв.:
Рус. пер. — Малые произведения. Л., 1975;
Декамерон. Мн., 1985.
Літ.:
Хлодовский Р.И. Декамерон: Поэтика и стиль. М., 1982;
Бранка В. Боккаччо средневековый: Пер. с итал. М., 1983;
Джованни Боккаччо: Биобиблиогр. указ. М., 1961.
т. 2, с. 229
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)